Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЦЮ́ША»,
мемарыяльны комплекс у г. Орша Віцебскай вобл. Створаны ў 1966 у гонар першага залпа «кацюш», зробленага па ням.-фаш. захопніках 14.7.1941 батарэяй капітана І.А.Флёрава (арх. Ю.Градаў, В.Занковіч, Л.Левін). На мосце цераз Дняпро і 17-метровым адхоне на розных узроўнях размешчаны гал. часткі мемарыяла. Пры ўваходзе на тэр. комплексу невял. куб з інфармацыйным надпісам. На ўзвышшы на 7 тумбах рытмічна ўстаноўлены 8-метровыя жалезабетонныя элементы, якія сімвалізуюць мінамётны залп з 7 установак. У цэнтры самай высокай пляцоўкі на пастаменце рэактыўная ўстаноўка «БМ-13». Аб’ядноўвае кампазіцыю бетонны стылабат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЦЮ́ША»,
народная назва баявых машын рэактыўнай артылерыі ў Вял.Айч. вайну. Мяркуюць, што паходжанне назвы звязана з заводскай маркай (літара «К»), якая была на машыне, і з аднайм. папулярнай песняй. Іл. «К» (БМ-13) гл. ў арт.Артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКУШНЯ́К (Аляксандр Якаўлевіч) (10.3.1879, г. Адэса, Украіна — 21.4.1930),
артыст эстрады, заснавальнік жанру «вечары апавяданняў». Сцэнічную дзейнасць пачаў у 1906 як драм. акцёр. З 1910 выступаў з канцэртамі, як аўтар, рэжысёр і выканаўца твораў л-ры з эстрады: «Паўстанне анёлаў» А.Франса, «Егіпецкія ночы» А.Пушкіна, «Тарас Бульба» М.Гогаля, «Кацюша Маслава» паводле Л.Талстога, «Прыніжаныя і зняважаныя» Ф.Дастаеўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛА́НТЭР (Мацвей Ісакавіч) (10.2.1903, г. Почап Бранскай вобл. — 24.9.1990),
савецкі кампазітар. Нар.арт.СССР (1975). Герой Сац. Працы (1983). Займаўся кампазіцыяй у Г.Канюса. Адзін з заснавальнікаў сав. песні. Найб. папулярнасць набылі песні «Кацюша», «Партызан Жалязняк», «Песня аб Шчорсе», «У лесе прыфрантавым», «Пад зоркамі балканскімі», «Перад далёкай дарогай». Аўтар аперэт, у т. л. «На беразе Амура» (1939). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІШЧА́ЛАВА,
вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на р. Пачаліца. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад горада і 4 км ад чыг. ст. Орша, 80 км ад Віцебска. 341 ж., 112 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік на месцы, дзе 14.7.1941 быў дадзены першы залп рэактыўных мінамётаў «Кацюша».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬ (Алег Іванавіч) (25.5.1941, Масква — 3.3.1981),
рускі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). Працаваў у Маск. т-ры «Сучаснік» (да 1977), у 1977—78 у Маск. т-ры на Малой Броннай. Яго мастацтва вызначалася абвостранасцю эмацыянальных рэакцый, інтэнсіўнасцю перажыванняў. Сярод роляў: Васька Пепел («На дне» М.Горкага), Бяляеў («Месяц у вёсцы» І.Тургенева). З 1962 здымаўся ў кіно: «Жэня, Жэнечка і «кацюша», «Хроніка пікіруючага бамбардзіроўшчыка», «Старая, старая казка», «Кароль Лір», «Цень», «Зямля Саннікава», «Прыгоды прынца Фларызеля» (тэлевізійны), «Старонкі дзённіка Пячорына» (тэлеспектакль) і інш.
Літ.:
Олег Даль: Воспоминания. Материалы из архива. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 26.6.1934, г. Чарапавец, Расія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскі арх.Ін-т (1958). З 1960 у ін-це «Мінскпраект». Работы ў Мінску: рэканструкцыя цэнтра горада (праект 1974, кіраўнік аўтарскага калектыву), праекты дэталёвай планіроўкі і забудовы Машэрава праспекта, рэканструкцыі і добраўпарадкавання Траецкага прадмесця, павільён Рэсп. выставачнага цэнтра, будынак Мін-ва ўнутраных спраў (1979), станцыя метрапалітэна «Плошча Незалежнасці» (1984, усе ў сааўт.). Працуе таксама ў галіне манум. Мастацтва: арх.-скульпт. мемар. комплексы «Хатынь» (Ленінская прэмія 1970), «Прарыў», «Кацюша», «Праклён фашызму»; помнікі М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы (1976), у Мінску — Я.Купалу і Я.Коласу (абодва 1972; усе ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНКО́ВІЧ (Валянцін Паўлавіч) (н. 5.6.1937, Мінск),
бел. архітэктар і скульптар. Скончыў БПІ (1959), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працаваў у ін-це «Мінскпраект» (1960—70). Асн. работы: мемар. комплексы Хатынь (Ленінская прэмія 1970), Брэсцкая крэпасць-герой, «Кацюша», помнікі М.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы, К.Заслонаву ў Оршы (абодва 1964), падпольшчыкам Асінторфа (1966) і інш. Аўтар помнікаў кулямётнаму разліку (1975) перад уваходам у музей «Белавежская пушча» (Камянецкі р-н), падпольшчыкам в. Лошыца 2-я (цяпер у межах Мінска, 1980), дэкар. кампазіцыі «Бег» на стадыёне «Дынама» (1980), абеліска «Мінск — горад-герой» (1985) у Мінску, манум.-дэкар. кампазіцыі «Ручнікі» (1983) каля Палаца культуры ВА «Хімвалакно» ў Магілёве і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЯ АРТЫЛЕ́РЫЯ,
від артылерыі, якая выкарыстоўвае рэактыўныя снарады. Знаходзіцца на ўзбраенні сухап. войск, ВПС і ВМФ (ВМС). Прызначана для вядзення залпавага агню па розных цэлях. Мае рэактыўныя снарады з асколачна-фугаснымі, кумулятыўнымі, дымавымі і інш. часткамі.
Створана ў СССР у канцы 1930-х г. Часці Р.а., якія мелі на ўзбраенні рэактыўныя сістэмы БМ-13 і БМ-8 (нар. назва «Кацюша»), уваходзілі ў склад артылерыі рэзерву. Упершыню баявыя машыны Р.а. БМ-13 (эксперым. батарэя І.А.Флёрава) выкарыстаны 14.7.1941 у баі каля чыг. станцыі Орша Віцебскай вобл. і на пераправах цераз рэкі Дняпро і Аршына. У 2-ю сусв. вайну Р.а. была ў ням. арміі (5-, 6- і 10-ствольныя мінамёты); у арміі ЗША (114,3-мм і 182-мм рэактыўныя сістэмы). Пасля вайны атрымала шырокае распаўсюджанне ў арміях інш. краін. Гл. таксама Рэактыўная зброя.