ВЕРАЦЯНО́,

1) прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. У стараж. часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка, пазней — конусападобная даўж. 20—30 см з завостраным верхам і патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца.

2) Вярчальны стрыжань, на які надзяваюцца патрон, шпуля, катушка і інш.; асн. рабочы орган роўнічных, прадзільных, прадзільна-круцільных і круцільных машын. Прызначана для скручвання роўніцы, пражы, нітак і ўтварэння пакоўкі пэўнай формы і памераў. Бываюць кальцавыя, круцільныя, полыя і рагульчатыя.

Верацёны.
Верацяно для прадзення натуральных валокнаў: 1 — шпіндэль; 2 — ролікавы падшыпнік; 3 — утулка; 4 — падпятнік.

т. 4, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНО́ЎСКІ (Аляксей Аляксандравіч) (11.8.1907, Мінск — 20.4.1970),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1953). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1929 у БДТ-3 пад кіраўніцтвам У.​Галубка. З 1933 у Бел. траме, у 1937—67 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Камедыйны і характарны акцёр з грунтоўнай і па-мастацку выразнай псіхал. матывіроўкай паводзін сцэн. персанажаў. Тонка адчуваў каларыт роднага слова. Майстар эпізоду. Сярод роляў: Самсон («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), пані Пернель («Тарцюф» Мальера), дзед Бадыль, Першы кліент, Сымон Верас («Партызаны», «Мілы чалавек», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Язэп («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), баец Катушка, Верхаводка, Ахрэм («Цытадэль славы», «Простая дзяўчына», «На крутым павароце» К.​Губарэвіча), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка).

Б.​І.​Бур’ян.

т. 2, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁГАЧНЫЯ МАЛЮ́СКІ (Pulmonata),

падклас бруханогіх малюскаў. 2 надатр.: сядзячавокія (Basommatophora) і сцяблініставокія (Stylommatophora), каля 100 сям., больш за 35 тыс. відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. г. назад), росквіт у кайназоі (каля 25 млн. г. назад). Пашыраны ўсюды; большасць жыве на сушы, частка — у прэснай вадзе, нямногія — у моры. На Беларусі больш за 50 відаў, з іх каля 30 відаў прэснаводныя. Найб. вядомыя слімакі, слізнякі.

У большасці Л.м. ракавіна 0,6—210 мм. Цела мае галаву, вантробны мяшок са скурнай складкай — мантыяй, нагу. Унутр. паверхня мантыйнай поласці функцыянуе як лёгкае. Раслінна- і дэтрытаедныя, ёсць драпежнікі. Гермафрадыты; большасць відаў утварае сперматафоры, некаторыя яйцажывародныя. Развіццё без стадыі лічынкі.

Да арт. Лёгачныя малюскі: 1 — жывародка рачная; 2 — смоўж палявы; 3 — катушка рагавая; 4 — янтарка крохкая.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́СКІ (Mollusca),

мяккацелыя, тып беспазваночных жывёл. 2 падтыпы: боканервовыя (2 або 3 класы) і ракавінныя (5 кл.). Каля 130 тыс. сучасных і больш за 100 тыс. вымерлых відаў. Вядомы з ранняга палеазою (больш за 550 млн. гадоў назад). Важны сродак вызначэння ўзросту геал. адкладаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, саланаватых і прэсных водах, на сушы. На Беларусі больш за 60 відаў з кл. двухстворкавых малюскаў і бруханогіх малюскаў, належаць да палеарктычнай фауны. Жывуць на дне вадаёмаў і на раслінах. У Чырв. кнізе Беларусі жамчужніца звычайная.

Даўж. ад 1,1 мм (смоўж гарацыя) да 2,5 м (трыдакна), на Беларусі да 15 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, у большасці відаў укрыта ракавінай — двухстворкавай, спіральнай, суцэльнай ці з 8 пласцінак (у некат. відаў рэдукаваныя). Ракавіна мае рогавы, прызматычны і перламутравы слаі. Галава (у некат. відаў выяўлена слаба або адсутнічае) мае вочы, шчупальцы і ротавую адтуліну. Тулава ўтварае складку (мантыю), якая выдзяляе рэчывы ракавіны. Паміж мантыяй і тулавам у мантыйнай поласці знаходзяцца шчэлепы, органы хім. адчування, раўнавагі і інш. Мускулісты выраст брушной сценкі ўтварае нагу — орган перамяшчэння. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, большасць лёгачных малюскаў — зялёнымі ч. раслін; ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Ядомыя М. (вустрыцы, грабеньчыкі, кальмары, мідыі, ахаціны, смаўжы вінаградныя і інш.) — аб’екты промыслу і аквакультуры. Са старажытнасці ракавіны М выкарыстоўваліся ў якасці грошай, у культавых рытуалах, як упрыгожанні, у дэкар.-прыкладным мастацтве. Гл. таксама Галаваногія малюскі.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 2. 2 изд. М., 1988;

Фауна СССР. Моллюски. Т. 3, вып. 5. Л., 1980.

Т.​М.​Лаенка.

Малюскі: 1 — акантахітон; 2 — марское вушка; 3 — патэла чарнаморская; 4 — конус мармуровы; 5 — катушка-грэбень; 6 — фісурэла; 7 — японскі грабеньчык Фарэра; 8 — трыдакна гіганцкая; 9 — ракавіна татхерыі дзіўнай; 10 — ракавіна мурэкса пальма-розы.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)