Катах (суквецце) 10/114

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАТА́Х,

простае бакакветнае (батрычнае) коласападобнае суквецце з тоўстай мясістай воссю, на якой шчыльна размешчаны сядзячыя (без кветаножак) кветкі. Звычайна абкружаны ярка афарбаваным ці белым падсукветным лісцем (пакрывалам) для прываблівання насякомых-апыляльнікаў. Характэрны для трапічнага сям. ароідных (ва ўмераным поясе капытнік, аер). У побыце К. наз. суплоддзе кукурузы.

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НСТЭРА (Monstera),

род кветкавых раслін сям. ароідных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў трапічнай Амерыцы. У аранжарэях і пакоях вырошчваюць пераважна М. далікатэсную (M. deliciosa) з ядомымі пладамі са смакам ананаса.

Вечназялёныя расліны, кусты са звісаючымі паветранымі каранямі, ліяны, якія лазяць з дапамогай прыдаткавых каранёў (часта страчваюць сувязь з глебай і жывуць як эпіфіты).

Лісце буйное, скурыстае, перыстарассечанае, чаранок доўгі. Кветкі дробныя, двухполыя, сабраныя ў катах, абкружаны яйцападобным пакрывалам. Плод — ягада. Дэкар. расліны.

Монстэра далікатэсная.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛА,

віды кветкавых раслін роду Zantedeschia сям. ароідных. 9 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі вырошчваюцца ў цяпліцах і пакоях К. эфіопская (Z. ephiopica) і яе сарты: з белым пакрывалам — Перл фон Штутгар, Мікалай; з зялёным — Грынланд, з жоўтым — Голдэн Эмперон, з ружовым — Сапрайз Гібрыдс.

Шматгадовыя расліны выш. у сярэднім 100 см, з тоўстым членістым карэнішчам і доўгачаранковым стрэлкападобным шырокім лісцем. Кветкі дробныя, двухполыя, без калякветніка, сабраны ў суквецце — пальцападобны катах, абкружаны прыгожым белым яйцападобным пакрывалам. Плод — ярка-чырв. ягада. Цвіце ў кастр.—красавіку.

Кала эфіопская.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)