Створаны пасля 2-й сусв. вайны па ініцыятыве бел. вернікаў з дазволу дзярж. улад тых краін, дзе яны жылі, і Ватыкана. Дзейнічалі ў Германіі (з канца 1940-х да пач. 1950-х г.; кіраўнік айцец Міхась Маскалік), Бельгіі (кіраўнік айцец Францішак Чарняўскі), Францыі (з 1946; кіраўнік айцец Леў Гарошка ў 1947—69, адначасова ў 1960—69 кіраўнік Беларускіх каталіцкіх місій Вялікабрытаніі) і Вялікабрытаніі (з 1947; кіраўнік Ч.Сіповіч да 1960 і ў 1970—81). З 1982 Беларускія каталіцкія місіі Вялікабрытаніі і Францыі ўзначальвае айцец А.Надсон. Для беларусаў-католікаў зах. і ўсх. абрадаў на эміграцыі папа рымскі ўвёў пасаду асобнага Апостальскага візітатара (біскупы Б.Слосканс з 1952, Сіповіч у 1960—81, У.Тарасевіч у 1983—86, архімандрыт Надсон з 1986). З канца 1960-х г. (акрамя 1983—86) рэзідэнцыя Апостальскага візітатара знаходзіцца ў памяшканні Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане. Місія ў Вялікабрытаніі супрацоўнічала з Бел. акадэмічным каталіцкім аб’яднаннем «Рунь» (да 1960-х г.), супрацоўнічае са Згуртаваннем беларусаў у Вялікабрытаніі, Англа-бел. навук. т-вам. На сродкі Ватыкана і ахвяраванні вернікаў у Лондане Беларускімі каталіцкімі місіямі куплены і абсталяваны Дом марыянаў (у гонар св. Дзевы Марыі), пры якім створана царква св. Пятра і Паўла, у 1971 адкрыта бел. бібліятэка імя Ф.Скарыны. Па ініцыятыве Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане дзейнічала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага (1961 — пач. 1970-х г.), у якой выкладалі уніяцкія святары Гарошка, Я.Германовіч, Надсон, Р.Тамушанскі, яны ж удзельнічалі ў выданні бел.рэліг.-грамадскага час. «Божым шляхам». Надсон выдае час. «Весьнік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1986).
Л.У.Языковіч.
Да арт.Беларускія каталіцкія місіі за мяжой. Шыльда перад уваходам і інтэр’ер царквы св. Пятра і Паўла пры Доме марыянаў у Лондане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІ́ЦКІЯ ЦЭ́РКВЫ УСХО́ДНЯГА АБРА́ДУ,
цэрквы, якія адышлі ад розных кірункаў усх. хрысціянства (праваслаўя, монафісіцтва, нестарыянства, монафеліцтва) і маюць унію (саюз) з каталіцкай царквой. Прызнаюць вярх. ўладу папы, асн. догматы каталіцызму, захоўваючы сваю традыцыйную абраднасць, царк. арг-цыю і літургічную мову. Дзейнічаюць 6 К.ц.у.а.: мараніцкая, грэка-каталіцкая (мелькіцкая), халдзейская (сіра-халдзейская, або асіра-халдзейская), сіра-каталіцкая, армяна-каталіцкая, копта-каталіцкая. Прыхільнікі К.ц.ў.а. жывуць пераважна ў краінах Б. Усходу — Ліване, Сірыі, Турцыі, Іарданіі, Ізраілі, Егіпце, але маюць абшчыны ў інш. рэгіёнах (гл. таксама Беларуская грэка-каталіцкая царква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭН [ад лац. ordo (ordinis) рад, разрад],
1) каталіцкія цэнтралізаваныя манаскія т-вы (з 6 ст.) з пэўнымі статутамі, зацверджанымі папствам (у склад манаскіх О. уваходзяць і духоўна-рыцарскія О.).
2) Назва некат. тайных рэліг.-філас. аб’яднанняў, арг-цый (напр., масонскі О.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й,
прывілей, абвешчаны вял.кн.ВКЛ Жыгімонтам II Аўгустам 1.7.1564 на сойме ў г. Бельск Падляшскага ваяв. Паводле Бельскага прывілея ўтвараліся выбарныя шляхецкія саслоўныя суды, на месцах суд. органы аддзяляліся ад велікакняжацкай адміністрацыі. Духоўныя суды (каталіцкія і праваслаўныя) захоўваліся. Абвяшчалася роўнасць шляхты перад законам. Нормы Бельскага прывілея ўвайшлі ў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЬГІ́ЙСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1830,
буржуазная рэвалюцыя ў бельгійскіх абласцях Нідэрландскага каралеўства. Аб’яднанне Бельгіі з Галандыяй у каралеўства Нідэрланды (паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15) выклікала бельгійска-галандскія эканам., рэліг. і моўныя супярэчнасці. У 1828 бельг. ліберальныя і каталіцкія партыі заключылі часовы саюз і павялі барацьбу за аддзяленне Бельгіі. Ідэя незалежнасці была падтрымана шырокімі масамі. Ліпеньская рэвалюцыя ў Францыі (1830) стала каталізатарам узбр. паўстання ў Бельгіі. Бельгійская рэвалюцыя пачалася 25 жн. ў Бруселі і пашырылася на бельг. правінцыі. У выніку вераснёўскіх баёў амаль уся Бельгія была вызвалена ад галандскіх войскаў. 10.11.1830 бельг.Нац. кангрэс абвясціў незалежнасць Бельгіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦТВЫ,
1) рэлігійна-нацыянальныя арг-цыі бел. і ўкр.гар. насельніцтва ў 16—18 ст. Існавалі правасл., уніяцкія, каталіцкія брацтвы. Ствараліся звычайна пры цэрквах, манастырах, касцёлах або парафіях. У іх уваходзілі рамеснікі, купцы, духавенства. Брацтвы займаліся рэліг. дабрачыннай дзейнасцю, распаўсюджваннем рэліг. л-ры. На Беларусі першыя праваслаўныя брацтвы ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст. На пач. 17 ст. існавалі ва ўсіх значных гарадах. Брацтвы будавалі цэрквы, дамы прытулку, дапамагалі збяднелым «братчыкам», сіротам. З канца 16 ст. актыўна змагаліся супраць паланізацыі, акаталічвання, уніі, супраць нац. прыгнёту, абаранялі бел. мову, культуру бел. народа. Вялі культ.-асв. дзейнасць, адкрывалі брацкія школы і брацкія друкарні, адыгралі значную ролю ў пашырэнні і дэмакратызацыі адукацыі, л-ры, мастацтва, кнігадрукавання, школьнага тэатра. Каталіцкія брацтвы спрыялі пашырэнню ў бел. гарадах польск. культуры, утрымлівалі прытулкі, багадзельні і шпіталі, старым і хворым «братам», іх удовам і сіротам выдаваліся пенсіі і інш.Гал. мэтай уніяцкіх брацтваў (узніклі пасля Брэсцкай уніі 1569) была таксама рэліг. дабрачынная і асв. дзейнасць; яны зрабілі значны ўклад у развіццё бел.нац. культуры.
2) У сярэднія вякі брацтвамі наз. аб’яднанні гар. рамеснікаў (часам і сялян).
3) У 17—18 ст. — купецкія арг-цыі ў рамесна-гандл. цэнтрах Беларусі.
Літ.:
Харлампович К. Западнорусские церковные братства и их просветительная деятельность в конце XVI и начале XVII в. Б.м., 1899;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ЦЬЕЎ (Мікалай Іванавіч) (н. 14.12.1925, в. Высокая Грыва Панкрушыхінскага р-на, Рэспубліка Алтай),
бел. скульптар. Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1956). Творам уласцівы выразнасць лепкі, рухомасць і асіметрыя пластычных аб’ёмаў. Аўтар жанравых («Вышыннікі», 1959; «Рыбакі», 1969), дэкар.-паркавых («Дзеці гуляюць», 1980—81) кампазіцый, псіхалагічных партрэтаў (А.Казей, 1964; Я.Коласа і Я.Купалы, 1982), станковых твораў «Памяць» (1985), «Набат Перамогі» (1995), «Хрыстос-Збавіцель» (1995—97) і інш. Сярод манум. работ скульпт. цыкл «Смутак людскі» (1976) на Паўн. могілках у Мінску, мемарыялы «Спаленая вёска» (1988) на хутары Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., «Загінуўшых чакаюць вечна» (1990) ў в. Доры Валожынскага р-на Мінскай вобл. Графічны цыкл «Духоўнасць, Адраджэнне — храмы праваслаўныя і каталіцкія» (1995—97).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУЛЬТУРКА́МПФ»
(ням. Kulturkampf барацьба за культуру),
пашыраная ў гіст. л-ры назва мерапрыемстваў урада О.Бісмарка супраць каталіцкай царквы і яе паліт. партыі Цэнтра, якая выражала сепаратысцкія антыпрускія тэндэнцыі (пераважна на З і ПдЗ Германіі) у 1870-я г. З ініцыятывы Бісмарка былі прыняты і дзейнічалі законы аб забароне святарам весці паліт. агітацыю (1871), пазбаўленні духавенства права нагляду за пач. школамі (1872), дзярж. кантролі за царк. справамі (1873), увядзенні грамадз. шлюбу (1875) і інш. У 1875 у Германіі распушчаны амаль усе каталіцкія ордэны. На польскіх землях імперыі ў ходзе «К.» была ўзмоцнена палітыка германізацыі. Пасля прымірэння Бісмарка з каталіцкім духавенствам у канцы 1870 — пач. 1880-х г. большасць законаў часоў «К.» адменена, акрамя законаў аб грамадз. шлюбе і выгнанні езуітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ХАР ((Machar) Іозеф Сватаплук) (29.2.1864, г. Колін, Чэхія — 17.3.1942),
чэшскі паэт. Прадстаўнік т.зв. генерацыі 1890-х г., адзін з аўтараў маніфеста «Чэшскай мадэрны». Першы зб. «лірыкі расчараванняў» — «Споведзь» (1887—92). Этычныя і паліт. праблемы ў цэнтры зб-каў «Tristium Vindobona 1—20» (1893), «Галгофа» (1901), рамана ў вершах «Магдалена» (1894) і інш. У гіст. цыкле «Свядомасць стагоддзяў» (ч. 1—9, 1906—26) супрацьпастаўленне антычнасці і хрысціянства, ідэя «моцнай асобы», схільнасць да індывідуалізму і песімізму. Аўтар зб-каў вершаваных фельетонаў і кніг успамінаў пра знакамітых людзей эпохі («Рым», 1907; «Каталіцкія апавяданні», 1911; «Венскія профілі», 1919; «Сорак гадоў з Ірасекам», 1931).
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Раны и розы: Стихи четырех чеш. поэтов. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, паны-рада,
найвышэйшы орган дзярж. улады ў ВКЛ. У раду ўваходзілі вышэйшыя асобы дзяржавы (маршалак, гетман, канцлер, падскарбі, ваяводы, кашталяны, некат. старосты і інш.), каталіцкіяепіскапы, найбуйнейшыя феадалы. Узнікла як дапаможны орган пры вялікім князю, у 15 ст. набыла большую самастойнасць. Была пастаянна дзеючым выканаўча-распарадчым, заканадаўчым, кантралюючым і суд. органам. Да яе кампетэнцыі належалі: выбранне вял. князя, абарона дзяржавы, міжнар. справы, выданне законаў, разгляд найважнейшых суд. спраў. Для вырашэння гэтых пытанняў рада збіралася ў поўным складзе ці выносіла іх на разгляд сойма. Прававое становішча рады замацавана ў прывілеях 1492 і 1506; у Статуце ВКЛ 1588 яе паўнамоцтвы і парадак іх ажыццяўлення не атрымалі дастатковага замацавання і вызначаліся звычаямі.
Літ.:
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.