КАТАЛІКО́С (ад грэч. katolikos усяленскі, усеагульны),

тытул кіраўнікоў Армянскай апостальскай царквы (з 4 ст.), Грузінскай праваслаўнай царквы (з 5 ст.), монафісіцкай царквы (гл. Монафісіцтва) армян-католікаў. Спалучаецца з тытулам патрыярха і раўназначны яму.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́,

адна са старажытных правасл.-хрысц. цэркваў. Узнікла ў пач. 4 ст., калі хрысціянства Грузіі стала дзярж. рэлігіяй. Да 5 ст. Грузінская праваслаўная царква была падначалена антыяхійскаму патрыярху, узначальваў яе архіепіскап. У 487 пасля абвяшчэння аўтакефаліі — каталікос, з 11 ст.каталікос-патрыярх. Пасля далучэння Грузіі да Расіі Грузінская праваслаўная царква ў складзе рус.-правасл. царквы на правах экзархата (1811). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 груз. духавенства ліквідавала экзархат і абрала каталікоса-патрыярха, абвясціўшы аўтакефалію, што стала прычынай разрыву з Рус. правасл. царквой. У 1943 Маскоўская патрыярхія прызнала аўтакефалію Грузінскай праваслаўнай царквы. Мае адрозненні ад правасл. царквы ў літургічных правілах, асобныя літургічныя святы. Сучасная Грузінская праваслаўная царква мае 13 епархій, 10 манастыроў, 2 духоўныя школы.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРСЕ́С ШНАРАЛІ́ (1101, крэпасць Цоўк у Кілікіі, цяпер тэр. Турцыі — 13.8.1173),

армянскі паэт, царк. дзеяч. Атрымаў рознабаковую адукацыю ў манастыры Кармір. З 1126 епіскап, з 1166 каталікос Арменіі (Нерсес IV Дабратворны). Пісаў тэксты духоўных гімнаў і малітваў, дыдактычныя вершы, свецкія песні, а таксама музыку да іх. Сістэматызаваў гадавы цыкл стараж.-арм. духоўных песнапенняў, дапоўніў іх уласнымі вобразамі, матывамі. Апрацаваў тэксты Гімнарыя (Шыраканы) і Літурпярыя (Патаракаматуц). Аўтар тэматычна разнастайных паэм: гіст. «Віпасануцюн» (1121), ліра-эпічнай «Элегія на ўзяцце Эдэсы» (1145—46, апубл. 1643), рэліг. «Слова пра веру» (1151) і «Ісус Сын» (1152), дыдактычнай «Пра неба і свяцілы» (1162), празаічнага зб. «Пасланні» (1166, апубл. 1788), вершаваных загадак, набліжаных да фальклору (каля 300). Яго творы прасякнуты гуманіст. і патрыят. пафасам, адметныя шырынёй тэматыкі, непарыўнай сувяззю з вуснай нар. творчасцю.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Поэзия Армении с древнейших времен до наших дней. Ереван, 1987 [факс. изд.: Ереван, 1916].

А.​Казінян.

т. 11, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЯ́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́, Армяна-грыгарыянская царква,

адна са старадаўніх хрысц. цэркваў. Хрысціянства ў Арменіі пачало распаўсюджвацца ў першыя стагоддзі н.э., у 301 набыло статус дзярж. рэлігіі. Ад імя першага каталікоса Грыгора Пантэва Армянская апостальская царква часам наз. грыгарыянскай. Да 6 ст. царк. іерархі Арменіі падпарадкоўваліся візантыйскай царкве, што абумовіла падабенства Армянскай апостальскай царквы з праваслаўем у дагматыцы і культавай абраднасці. Але Армянская апостальская царква прытрымліваецца монафізіцтва (вучэння аб выключна божай, а не падвойнай, богачалавечай сутнасці Хрыста), якое яшчэ на халкідонскім сусв. саборы (451) было прызнана ерэтычным. У 506 на Дзвінскім царк. саборы Армянская апостальская царква канчаткова адмежавалася ад візантыйскай і стала аўтакефальнай. Царкву ўзначальвае «вярхоўны патрыярх-каталікос усіх армян», які пажыццёва выбіраецца саборам епіскапаў у Эчміядзіне (гіст. цэнтр Армянскай апостальскай царквы каля Ерэвана). Армянская апостальская царква мае замежныя іерархічныя прастолы: патрыяршыя ў Іерусаліме і Стамбуле і каталікоскі ў Кілікіі, якія прызнаюць сваю залежнасць ад Эчміядзіна; епархіяльныя ўпраўленні ў ЗША, Паўд. Амерыцы, Зах. Еўропе, Б. і Сярэднім Усходзе, на Д.​Усходзе.

А.​А.​Цітавец.

т. 1, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯ́РХ (ад грэч. patriarches пачынальнік роду),

вышэйшы епіскапскі тытул у правасл. царкве, кіраўнік памеснай правасл. царквы. У Стараж. Іудзеі П. наз. старшыню сінедрыёна — вышэйшага калегіяльнага органа ўлады. У хрысц. царкве з 4 ст. П. — кіруючы епіскап некаторых гарадоў і зямель (александрыйскі, іерусалімскі, канстанцінопальскі, антыяхійскі, рымскі). З канца 6 ст. канстанцінопальскі П. атрымаў тытул Усяленскага з правам склікаць Усяленскія саборы і прызначаць мітрапалітаў. Папа рымскі разглядаўся тады як П. зах. часткі Візантыі. Аднак рым. царква пасля свайго аддзялення не пагадзілася з гэтым і з 13 ст. ўвяла тытул П. для епіскапаў асобных стараж. епархій у падпарадкаванні папы. Тытул П. існуе таксама ў армяна-грыгарыянскай, копцкай ў Егіпце, эфіопскай і інш. стараж. усх. цэрквах. Правасл. царква на Беларусі з пачатку свайго існавання і да 1596 знаходзілася пад амафорам (апекай) канстанцінопальскага П. Са згоды апошняга ставіліся мітрапаліты Кіеўскай мітраполіі, да якой першапачаткова адносіліся і бел. правасл. епархіі. У 1596 канстанцінопальскі П. накіраваў свайго экзарха Нікіфара на правасл. сабор у Брэсце, які выступіў супраць Брэсцкай уніі 1596. У 1620—86 адноўленая правасл. царк. арг-цыя Беларусі зноў знаходзілася пад апекай канстанцінопальскага П., у 1686—1700 і з 1917 — П. маскоўскага і ўсяе Русі. Першы маскоўскі П. пастаўлены ў 1589 (у 1700—1917 П. не было). Ён кіруе царквой сумесна са Свяшчэнным сінодам і Архірэйскім саборам, выбіраецца пажыццёва на Памесным саборы (сходзе прадстаўнікоў духавенства і вернікаў царквы). За час існавання Маскоўскага патрыярхата было 16 П.: Іоў (1589—1605); Ігнац ш (1605—06); Гермаген (1606—12); Філарэт (1619—33); Іаасаф I (1634—40); Іосіф (1642—52); Нікан(1652—67), пры якім патрыяршаства дасягнула найб. паліт. магутнасці; Іаасаф II (1667—72); Піцірым (1672—73); Іаакім (1674—90); Адрыян (1690—1700); Ціхан (1917—25); Сергій (1925—27 — намеснік, у 1927—43 — месцаахоўнік, 1943—44 — патрыярх); Аляксій (1945—70); Пімен (1970—90); Аляксій II (з 1990), які ў 1991, 1995 і 1998 наведваў Беларусь. У наш час П. ўзначальваюць таксама Канстанцінопальскую, Александрыйскую, Антыяхійскую, Іерусалімскую, Груз. (каталікос-П.), Сербскую, Балг., Рум. памесныя правасл. цэрквы.

Літ.:

Под Патриаршим омофором. М., 1989.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)