Катакомбавая культура 2/402, 403; 5/509; 6/211

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАКО́МБАВАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў канцы 3—1-й пал. 2-га тыс. да н. э. жылі паміж Дняпром і Волгай, пазней — у Прыазоўі, Крыме, на Паўн. Каўказе. Вылучана В.​А.​Гарадцовым у пач. 20 ст. Назва ад пахавальнага абраду. нябожчыкаў хавалі ў катакомбах — падбоях, выкапаных у сценах магільных ям, скурчанымі, на баку (у пахаваннях трапляецца охра і вугаль у жароўнях і курыльніцах), побач клалі посуд, прылады працы, зброю. Пласкадонная кераміка вызначаецца разнастайнасцю форм (данецкай К.к. — кубак з канцэнтрычнымі кругамі, перадкаўказскай — рэпападобныя пасудзіны з наляпнымі валікамі), распаўсюджаны шнуравы арнамент. Вядомы каменныя і бронзавыя сякеры, нажы, упрыгожанні, каменныя булавы, крамянёвыя наканечнікі стрэл. У пахаваннях сустракаюцца драўляныя вазкі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, матычным земляробствам, бронзаліцейнай вытворчасцю. У плямён К.к. складваўся бацькоўскі род.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАКО́МБЫ (італьян. catacomba ад позналац. catacumba падземная грабніца),

падземныя памяшканні прыроднага або штучнага паходжання. Выкарыстоўваліся ў старажытнасці пераважна для правядзення рэліг. абрадаў (яўрэямі і раннімі хрысціянамі) і пахаванняў. Вядомы ў Італіі у наваколлі Рыма (лабірынты вузкіх галерэй даўж. каля 900 км з невял. заламі 2—4 ст.), у Неапалі, на в-ве Сіцылія, Егіпце (Александрыя), Венгрыі, Германіі, Паўн. Афрыцы, Кіеве, на Балканах і інш. Звычайна ўпрыгожваліся размалёўкай. Тэрмін «К.» ўжываецца ў адносінах да спецыфічных пахаванняў бронз. веку (гл. Катакомбавая культура) паўд.-рус. стэпаў. К. таксама называюць і пакінутыя б. падземныя каменяломні. Яны выкарыстоўваліся ў час рэв. і ваен. падзей падпольшчыкамі і партызанамі (г. Адэса, Керч на Украіне).

Катакомбы ў Рыме.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НЗАВЫ ВЕК,

перыяд у гісторыі чалавецтва, калі пашыралася металургія і апрацоўка бронзы, з якой выраблялі ўпрыгожанні, прылады працы, зброю. На некаторых тэрыторыях яму папярэднічаў энеаліт, калі побач з каменнымі ўжываліся медныя прылады. У 4—3-м тыс. да н.э. бронзу пачалі выплаўляць у краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі. У Еўропе пачатак эпохі бронзы прыпадае на мяжу 3-га і 2-га тыс. да н.э. ў Міжземнамор’і, на Пд Балканскага п-ва, Зах. Каўказе. Да канца 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. бронзавы век складваецца на ўскраінах Паўн.-Зах. і Паўн.-Усх. Еўропы. Заключны этап бронзавага веку прыпадае на 1300—700 да н.э. Першыя распрацоўкі медных, алавяных і інш. руд у Еўропе пачаліся на Балканах і Карпатах, з 1700—1500 да н.э. — ва Усх. Альпах. У гэты час усталёўваліся міжрэгіянальныя сувязі па абмене меддзю, бронзаю, золатам і інш., узніклі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, паглыблялася сац. дыферэнцыяцыя грамадства. Вял. значэнне набывалі войны і рабаўнічыя паходы. Важнай крыніцай існавання станавілася земляробства і жывёлагадоўля, распаўсюджваліся культы і вера ў багоў, звязаныя з гэтымі заняткамі. На тэр. Зах. і Цэнтр. Еўропы развіваліся археал. культуры унеціцкая, эльаргарвесекская, палёў пахаванняў і інш.; на тэр. Усх. Еўропы — тшцінецкая, камароўска-сосніцкая, катакомбавая, зрубная. Позні бронзавы век — перыяд буйных перамяшчэнняў народаў, што суправаджалася пашырэннем культуры курганных магіл, палёў пахавальных урнаў культуры, якія ў 12—10 ст. да н.э. ахоплівалі тэр. Цэнтр., а ў 10—8 ст. да н.э. паўшывалі на Зах. і часткова Паўн. і Паўд.-Усх. Еўропу. З культурамі эпохі бронзы звязваюць паходжанне многіх еўрап. народаў (ілірыйцаў, кельтаў, германцаў, балтаў і інш.).

На тэр. Беларусі аддаленасць ад стараж. цэнтраў металургіі стала прычынай захавання тут на больш працяглы час каменных прылад працы, але апрацоўваліся яны лепш, ужываліся шліфаванне, свідраванне, пілаванне, апрацоўка крэменю струменістай рэтушшу. Распаўсюдзілася здабыча крэменю шахтавым спосабам (гл. Шахты крэменездабыўныя). Бронзавых рэчаў на тэр. Беларусі мала — шылы, сякеры, наканечнікі коп’яў, упрыгожанні. Мясц. вытворчасць некаторых бронз. рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачаліся з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. Пашырыўся пласкадонны посуд разнастайнага асартыменту, што было выклікана паяўленнем агнішчаў з роўнай чарэнню, сталоў са шчапаных і часаных дошак і больш разнастайнай ежы. З Прыбалтыкі ў абмен на крэмень трапляў бурштын, з Прычарнамор’я і Каўказа — упрыгожанні са шклопадобнай масы і бронз. вырабы, з Карпата-Альпійскай вобл. і Скандынавіі — некаторыя метал. вырабы. Ужо ў пач. Бронзавага веку на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пахаванні нябожчыкаў на бескурганных і курганных могільніках, паявіўся пахавальны абрад трупаспалення. На заселеную аўтахтонным познанеаліт. насельніцтвам тэрыторыю праніклі плямёны розных культур шнуравой керамікі. Тэр. паўд.-ўсх. Беларусі занялі плямёны сярэднедняпроўскай, на зах. Палессі жылі плямёны шнуравой керамікі Палесся, у Панямонні — прыбалтыйскай культур (пра кожную культуру гл. асобны арт.), у Паазер’і — паўночнабеларускай культуры. Узаемаадносіны прышлых плямён і абарыгенаў у бронзавым веку характарызаваліся рознымі формамі ўзаемаўплыву і асіміляцыі. Гэтыя працэсы прывялі да фарміравання да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. тшцінецкай культуры ў бас. Прыпяці і на Паўд. Панямонні і роднаснай ёй сосніцкай культуры ў Падняпроўі. У канцы бронзавага веку пачалі складвацца пач. этапы мілаградскай, штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай культур. Трапляюцца сляды шматвалікавай керамікі культуры і лебядоўскай культуры, на ПдЗ Беларусі — лужыцкай культуры.

Літ.:

Артеменко И.И. Племена Верхнего и Среднего Поднепронья в эпоху бронзы. М., 1967;

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1972;

Исаенко В.Ф. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 3. Памятники бронзового века. Мн., 1976;

История Европы: В 8 т. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988.

М.​М.​Крывальцэвіч, М.​М.​Чарняўскі.

Да арт. Бронзавы век. Посуд сярэднедняпроўскай культуры з Беларускага Падняпроўя.

т. 3, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)