КАСТА́ЛЬСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (28.11.1856, Масква — 17.12.1926),

рускі кампазітар, хар. дырыжор, фалькларыст. Вучань П.Чайкоўскага і С.Танеева. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1893). З 1887 выкладчык, з 1910 дырэктар маскоўскага Сінадальнага вучылішча, у 1907—10 рэгент Сінадальнага хору. У 1918—23 кіраўнік нар. харавых акадэмій у Маскве і Петраградзе. З 1922 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Буйнейшы дзеяч рус. хар. культуры. У культавых творах імкнуўся адрадзіць стараж. формы знаменнага спеву, умацаваць сувязі царк. музыкі з сял. песенным мастацтвам. Сярод твораў: оперы «Шэры воўк і Іван-царэвіч» (дзіцячая, 1908), «Клара Міліч» паводле І.​Тургенева (паст. 1916); рэквіем «Брацкае памінанне герояў...» (1915); «Сельскія работы ў народных песнях» (4 сшыткі, 1920—22), «Чырвоная Русь», «Песня таварышаў Разіна» для хору і аркестра нар. інструментаў; хары a cappella, апрацоўкі рус. нар. песень; музыка да драм. спектакляў. Аўтар даследаванняў «Асаблівасці народна-рускай музычнай сістэмы» (1923), «Асновы народнага шматгалосся» (1948) і інш.

Літ.:

Мацкевич И.С. А.​Д.​Кастальский. М., 1969.

т. 8, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кастальскі А. 4/589 7/308; 9/115

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНА-ЭТНАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,

грамадска-навуковая арг-цыя, якая вывучала муз. фальклор народаў Расіі. Існавала ў 1901—21. Засн. М.Янчуком (яе нязменны кіраўнік) пры этнагр. аддзеле Т-ва. аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. У рабоце камісіі ўдзельнічалі М.​Рымскі-Корсакаў, С.​Танееў, Дз.​Аракішвілі, А.​Грачанінаў, М.​Іпалітаў-Іванаў, А.​Кастальскі, Я.​Лінёва, А.​Лістападаў, М.​Лысенка, М.​Пятніцкі, Б.​Яворскі і інш. Наладжвала песенныя экспедыцыі, рэгулярныя публічныя этнагр. канцэрты (выконваліся і бел. песні), выдавала «Працы...» (1906, 1907, 1911, 1912). Фалькларыстычную дзейнасць спалучала з грамадска-асветнай (арганізацыя хар. гурткоў для рабочых, Нар. кансерваторыі, 1906; Муз. вучылішча пад кіраўніцтвам А.​Маслава, час. «Музыка и жизнь», 1908—12). Пастаянна цікавілася лёсам бел. нар. музыкі; заахвочвала збіральнікаў фальклору, рэцэнзавала песенныя зборнікі (у т. л. вып. «Беларускага зборніка» Е.​Раманава, 1910), стымулявала стварэнне апрацовак бел. нар. песень, публікавала іх у сваіх «Працах». Сабрала каля 700 бел. напеваў; з 1909 дапамагала муз. матэрыяламі арганізатарам бел. канцэртаў у Вільні. На аснове камісіі створана этнагр. секцыя Дзярж. ін-та муз. навукі.

Літ.:

Янчук Н.А. Записка об изучении народной песни и музыки и о деятельности Московской музыкально-этнографической комиссии. М., 1905;

Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971.

Л.​С.​Мухарынская.

т. 11, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАД у музыцы,

абстрактна-лагічная сістэма, якая арганізуе гукавышынны бок музыкі на аснове колькасных (гукарадных) і якасных (функцыянальных) паказчыкаў і рэалізуе сябе ў працэсе інтанавання. Гукарад Л. — мелодыкаінтэрвальная схема, што прадстаўляе яго гукі ў паступенным парадку; функцыянальнасць заключаецца ў падзеле элементаў Л. на ўстойлівыя (цэнтр сістэмы) і няўстойлівыя (падпарадкаваныя ім). На падставе гэтых гал. характарыстык вылучаюць канкрэтныя віды Л. — т. зв. лады. Вызначальнымі з’яўляюцца тып гукарада (ангемітоніка, дыятоніка, храматыка, прамежкавыя формы), будова ўстойлівага (танічнага) цэнтра (меладычны тон, кансананс-трохгучча, сугучча-дысананс) і размяшчэнне гэтага цэнтра на пэўнай ступені гукарада (на аснове аднаго гукарада магчымы розныя лады). Ступень абагульнення рэальнага працэсу інтанавання неаднолькавая на розных узроўнях праяўлення Л. Ладаінтанацыйны ўзровень, што ўпарадкоўвае вышынныя суадносіны ў непасрэдным разгортванні музыкі ў рамках дробных пабудоў (папевак, асобных меладычных зваротаў), найб. блізкі да пачуццёвай канкрэтнасці інтанацыі. На ладафункцыянальным узроўні ладавая інтанацыйнасць рэтраспектыўна абагульняецца, гукарадны ж узровень найб. абстрактны. Эвалюцыя Л. адлюстроўвае развіццё муз. мыслення і звязана з колькасным павелічэннем аб’ёму і гукавога матэрыялу і якасным ускладненнем прынцыпаў яго арганізацыі. Пачатковыя этапы эвалюцыі прасочваюцца ў муз. фальклоры многіх народаў: вылучэнне апорных тонаў у першабытным экмелічным (без замацаванай вышыні гукаў) глісандаванні; манадыйны Л. у межах вузкааб’ёмных гукарадоў (алігатонікі); манадыйны Л. на аснове развітой гукараднай сістэмы ангемітонікі і дыятонікі. Гіст. формы Л.: апяванне цэнтр. тона (устою) блізкімі па вышыні гукамі, мадальныя (манадыйныя) Л., звязаныя з прынцыпамі мелодыі-мадэлі (модуса, папеўкі). Прафес. еўрап. музыка напачатку апіралася на традыцыі фалькл. ладаўтварэння (з характэрнай для яго ладавай пераменнасцю), аднак у сувязі з ускладненнем характару шматгалосся актыўна развіваюцца і новыя прынцыпы Л Шматгалосае раскрыццё меладычных (манадыйных) Л. змяняецца танальна-гарманічнай сістэмай (гл. Мажора-мінорная сістэма, Танальнасць) — асновай еўрап. музыкі новага часу, што апіраецца на 2 Л. — мажор і мінор. Прафес. муз. мастацтва 20 ст. вызначаецца разнастайнасцю канкрэтных форм і прынцыпаў Л., спалучэннем вядомых раней і істотна новых з’яў, у т. л. і тых (у серыйнай тэхніцы, канкрэтнай музыцы, электроннай музыцы, санорыцы), якія цяжка ці немагчыма аднесці да сферы Л.

Першае навук. абгрунтаванне Л. ў еўрап. музыцы далі прадстаўнікі піфагарэйскай школы ў Стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Сваю тэорыю Л. вылучыла еўрап. сярэдневякоўе. Ладавыя заканамернасці танальна-гарманічнай сістэмы ўпершыню асэнсаваў і вытлумачыў Ж.Ф.Рамо, у рамках сістэмы якога паняцце «Л.» цесна сутыкаецца з паняццямі «гармонія» і «танальнасць». Пытанні Л. ў практыцы ўсх.-слав. партэсных спеваў абагульнены ў працах І.​Шайдуры (1-я пал. 17 ст.) і М.Дулецкага («Граматыка мусікійская»). У 19—20 ст. вял. ўвагу ладаваму боку музыкі аддавалі рус. тэарэтыкі У.​Адоеўскі, А.​Сяроў, П.​Сакальскі, Дз.​Разумоўскі, А.​Кастальскі, Б.​Яворскі, Б.​Асаф’еў, В.​Бяляеў, К.​Квітка, Ю.​Цюлін, Х.​Кушнароў, М.​Бражнікаў, М.​Успенскі, А.​Далжанскі, Л.​Мазель, Ю.​Кон, Ю.​Халопаў. На Беларусі да праблем Л. звярталіся музыказнаўцы А.​Друкт, Б.​Златавярхоўнікаў, Т.​Мдывані, Р.​Сергіенка, Н.​Юдзеніч, В.​Ялатаў і інш.

Літ.:

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Бершадская Т. Принципы ладовой классификации // Сов. музыка. 1971. № 8;

Яе ж. Лекции по гармонии. Л., 1978;

Кон Ю.Г. Вопросы анализа современной музыки. Л., 1982.

А.​А.​Друкт.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)