РАДЫКУЛІ́Т (ад лац. radicula карэньчык),
пашкоджанне карэньчыкаў спіннамазгавых нерваў (ад рэчыва спіннога мозга да спінальнага ганглія); поліэтыялагічнае захворванне. Асн. прычына Р. — запаленча-дэгенератыўны працэс у карэньчыках нерваў. Адрозніваюць Р. востры і хранічны, першасны (інфекц., таксічны) і другасны (абумоўлены паталаг. уплывам суседніх тканак, напр., пры зменах у пазваночніку). Сярод другасных Р. вылучаюць паяснічна-крыжавы — найб. пашыранае захворванне перыферычнай нерв. сістэмы. Усе формы Р. аб’ядноўвае тыповая прыкмета: выразны пастаянны боль, які ўзмацняецца пры рухах; боль суправаджаецца рухавымі расстройствамі. Лячэнне тэрапеўт., вітаміны, фізія-, гразе-, курортатэрапія, ЛФК і інш.
У.А.Кульчыцкі.
т. 13, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ННЕ (semen),
орган палавога размнажэння і рассялення раслін. Развіваецца з семязачатку (семязавязі) у завязі кветкавых раслін і знаходзіцца ў плодзе або адкрыта на мегаспарафіле ў голанасенных раслін. Часам развіваецца без апладнення (апаміксіс). Тыповае Н. мае: покрыва (скурка), утворанае 1—2 інтэгументамі, зародак, эндасперм і (або) перысперм.
Часам утвараецца некалькі зародкаў — поліэмбрыянія (напр., голанасенныя, складанакветныя). Сфарміраваны зародак мае зародкавы карэньчык, гіпакотыль, семядолі (семядолю), пупышачку. У некат. раслін канчатковае фарміраванне элементаў зародка адбываецца пасля стратыфікацыі насення або ў працэсе прарастання. Крыніца харчавання зародка — эндасперм, які ў адных відаў (напр., у бабовых) цалкам паглынаецца зародкам пры развіцці, у інш. (напр., у злакаў) — захоўваецца. Паверхня Н. часам мае розныя вырасты, што спрыяюць распаўсюджванню раслін. Покрывы захоўваюць змесціва Н. ў стане спачыну ад святла, высыхання і інш. Памеры і маса Н. ад 0,002 мг (некат. архідэі) да 20 кг (сейшэльская пальма). Паяўленне Н. ў эвалюцыі раслін спрыяла іх прыстасаванню да розных экалагічных умоў і пашырэнню ў раслінным покрыве.
т. 11, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)