КАРЭ́ЛЬСКІ ПЕРАШЫ́ЕК.

Паміж Фінскім зал. Балтыйскага м. і Ладажскім воз., у Ленінградскай вобл. Расіі. Сярэдняя выш. да 50 м, найбольшая — да 173 м (Лембалаўскае ўзв.). Пераважае градавы рэльеф. Складзены на Пн з гранітаў і гнейсаў, у цэнтры і на Пд — з ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Пераразае р. Вуокса; шматлікія азёры ледавіковага паходжання. Пераважаюць хваёвыя лясы. На К.п. — гарады Выбарг, Прыазёрск, Усевалажск; на ўзбярэжжы Фінскага зал. — дачныя пасёлкі і курорты. Турызм.

З канца 9 ст. К.п. — частка тэр. Русі. У пач. 17 в. захоплены Швецыяй. У 1721 адышоў да Расіі. У 1918—40 большая яго ч. ў складзе Фінляндыі. Пасля сав.-фінл. вайны 1939—40 паводле мірнага пагаднення ад 12.4.1940 адышоў да СССР.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Карэльскі А. В. 2/439; 3/445, 451; 10/560; 11/387

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Карэльскі філіял Акадэміі навук СССР 5/475

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАШЫ́ЕК,

адносна вузкая паласа сушы, якая злучае паміж сабой больш значныя яе часткі, напр., 2 мацерыкі (Панамскі П., Суэцкі П.), мацярык з паўвостравам (Перакопскі П.) ці раздзяляюць 2 вадаёмы (Карэльскі П.).

т. 12, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКІ ШЧЫ́Т, Фенаскандыя,

дадатная структура на ПнЗ Усходне-Еўрапейскай платформы (кратона), у якой дакембрыйскія пароды крышт. фундамента выходзяць на паверхню Зямлі. Займае ПдУ Скандынаўскага п-ва, Кольскі п-аў і Карэлію. На ПнЗ абмежаваны ўтварэннямі каледонскай складкавасці Скандынавіі, якія насунуты на пароды шчыта, на ПнУ на іх развіта познакембрыйскае тэктанічнае покрыва (працяг Ціманскай сістэмы), на Пд і ПдУ фундамент апускаецца пад платформавы чахол Рускай пліты.

Складзены з моцна метамарфізаваных парод архею і пратэразою, прарваных шматлікімі інтрузіямі, у т. л. гранітаў (утвараюць вял. масівы). У пародах фундамента Балтфыйскага шчыта вылучаецца шэраг комплексаў, якія адпавядаюць дакембрыйскім этапам тэктагенезу: дасвекафена-карэльскі (узрост больш за 2,6—2,7 млрд. гадоў), свекафена-карэльскі (1,75 млрд. гадоў), гоцкі (1,75—1 млрд. гадоў, калі б.ч. тэрыторыі шчыта прайшла этап платформавага развіцця), дальсландскі (каля 1 млрд. гадоў) і байкальскі, калі складкавасць закранула крайні ПнУ. Апошняму платформаваму этапу развіцця Балтыйскага шчыта ўласцівы разломна-глыбавыя тэктанічныя рухі, каледонская інтрузіўная дзейнасць, узнікненне грабена Осла, Батнічнай і Беламорскай дэпрэсій, упадзін Ладажскага і Анежскага азёраў, глыбокая дэнудацыя. У антрапагенавы перыяд Балтыйскі шчыт — цэнтр неаднаразовага зледзянення Еўропы і далёкага ледавіковага разносу крышт. парод. У межах Балтыйскага шчыта буйныя радовішчы жалезных (Кіруна, Аленягорск, Каўдор) і медна-нікелевых рудаў (на Кольскім п-ве), апатытаў (Хібіны), нефеліну, слюдаў, рэдказямельных мінералаў.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РТАНЕН (Ялмары Эрыкавіч) (8.1.1889, с. Майніемі, Фінляндыя — 2.4.1939),

карэльскі паэт. Пісаў на фінскай мове. Друкаваўся з 1906. У ранніх творах адлюстраваў паднявольнае становішча працоўных. У зб-ках вершаў «Вольнай часінай» (1930), «Стройныя шарэнгі» (1931), «Вершы» (1933, 1936, на рус. мове), «Чырвонае кантэле» (1937) асэнсаванне гіст. мінулага рус. і карэльскага народаў, самабытнасць людскіх характараў і прыроды паўночнага краю. Вядомы як драматург, перакладчык. Перакладаў на фінскую мову творы рус. і сусв. л-ры, паасобныя творы Я.​Купалы.

Літ.:

Алто Э. Ялмари Виртанен: Жизнь и творчество. Петрозаводск, 1988.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІВА́Ч,

запаведнік у Расіі, на Пн Карэліі, у бас. р. Суна. Засн. ў 1931 з мэтай аховы аднайм. вадаспаду (выш. падзення 10,7 м; адзін з найб. у Еўропе). Пл. 10,5 тыс. га. Рэльеф тыповы карэльскі: чаргаванне град са шчыльных крышт. парод з рыхлымі адкладамі ці азёрамі ў паніжэннях. Лясы зялёнамохавыя яловыя і хваёвыя з элементамі шыракалістых. У фауне 44 віды млекакормячых, 185 птушак, па 4 паўзуноў і земнаводных, 17 відаў рыб. Звычайныя заяц, куніца, вавёрка, лось, ліс, барсук, качкі, глушэц, рабчык, совы; сустракаюцца мядзведзь, рысь, воўк, расамаха, шэрая курапатка, шулёнак.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЗАВО́ДСК,

горад у Расіі, сталіца Рэспублікі Карэлія. Засн. ў 1703. 282,2 тыс. ж. (1996). Порт на Анежскім воз. Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (папяровае і хім. абсталяванне, трактары для лясной прам-сці, дрэваапр. станкі, рыбалоўныя судны, выліч. тэхніка, мікракалькулятары), лесапільна-дрэваапр. камбінат, аўтарамонтны, радыёзавод; вытв-сць буд. матэрыялаў, лёгкая, харч., у т. л. рыбная прам-сць. Суднаверф. Камбінат «Карэльскія сувеніры». Карэльскі філіял Рас. АН. 2 ВНУ, у т. л. ун-т. Кансерваторыя. 4 тэатры. Музеі: краязн., выяўл. мастацтва. У наваколлі П. — запаведнік Ківач і першы рас. бальнеагразевы курорт Марцыяльныя Воды (цяпер музей-запаведнік).

Петразаводск. Панарама горада.

т. 12, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з фіна-угорскіх моў (прыбалтыйска-фінская група). Пашырана ў Карэліі, Цвярской, часткова Ленінградскай і Наўгародскай абласцях (Расія). Мае 3 дыялекты: уласна карэльскі, лівікоўскі (ці аланецкі) і людзікоўскі.

К.м. аглюцінатыўная. Для фанетыкі характэрны проціпастаўленне кароткіх і доўгіх галосных, наяўнасць дыфтонгаў, сінгарманізм. у сінтаксісе ўжыванне прыназоўнікаў і паслялогаў. Стараж. пісьмовыя помнікі адносяцца да 13 ст. Збераглася багатая вусная нар. творчасць (эпас «Калевала» і інш.). У 1930-я г. існавала пісьменнасць на аснове рус. алфавіта, з 1940-х г. К.м. ўжывалася ў вуснай форме. З канца 1980-х г. пісьменнасць на аснове лац. графікі.

Літ.:

Основы финно-угорского языкознания: Прибалт.-фин., саамский и мордовский языки. М., 1975.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НІСАЛА (Гельмер-Райнер Нестаравіч) (14.6.1920, г. Златауст Чэлябінскай вобл., Расія —3.8.1989),

карэльскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1978). Вучыўся ў Маскоўскай і Ленінградскай кансерваторыях (1952—55). Яго творчасці ўласціва выкарыстанне нар. карэльскай музыкі, нац. эпасу «Калевала». Аўтар першых карэльскіх балета «Сампа» (1959) і твораў для арк., у т. л. сімфоніі «Волаты лесу» (1949). Сярод інш. твораў: балеты, кантаты, канцэрты для фп. і інш. інстр. з арк., для арк. кантэле, кам.-інстр. ансамблі, фп. п’есы, рамансы, песні, музыка для т-ра і кіно, апрацоўкі фін., карэльскіх, вепскіх і паморскіх нар. песень. Дзярж. прэмія Карэліі 1974. Дзярж. прэмія Расіі 1986.

Літ.:

Городниикая Н.Ю. Г.-Р.​Синисало. Л., 1984.

Г.Сінісала.

т. 14, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)