КАРЭ́ЛА (саманазва — кар’яла),

племя, нашчадкамі якога з’яўляюцца сучасныя карэлы, што жывуць у Карэліі, Цвярской, Наўгародскай, Ленінградскай, Яраслаўскай і інш. абласцях Расіі. К. як асобны прыбалтыйска-фінскі этнас сфарміраваўся на аснове мясц. неаліт. плямён. У складванні стараж. К. прынялі ўдзел 2 этнічныя кампаненты: ям і волхаўская чудзь. У 9 ст. К. засялілі Карэльскі перашыек, потым Паанежжа і тэр. на Пн ад яго. З пачаткам распаўсюджвання тут хрысціянства К. рассяліліся ў цэнтр. Фінляндыі і ва ўсх. вобласці Хяме да берага Батнічнага заліва. Першае ўпамінанне К. ў рус: летапісах адносіцца да 1143. У 13 ст. К. насялялі правінцыю Фінмара і дасягнулі берагоў Паўн. Ледавітага акіяна, асвойвалі ўзбярэжжа Паўн. Дзвіны, дзе склалі частку насельніцтва вобл. Біярмія.

І.М.Язэпенка.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Карэла-Фінская ССР (гістар.) 5/474

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЙКІ,

група парод універсальных паляўнічых сабак. Пашыраны ў тундравай і лясной зонах Паўн. паўшар’я. Некат. пароды выкарыстоўваюцца як ездавыя (Л. эскімоская, паўн.-ўсходняя ездавая, аляскінскі маламут), пастухоўскія (Л. ненецкая). На Беларусі гадуюць Л.: руска-еўрап. (выш. ў карку да 58 см, масць чорная з белым), зах.-сібірскую (выш. да 60 см, масць белая, шэрая, рабая), усх.-сібірскую (выш. да 63 см, масць белая, шэрая, рабая, рыжая), карэла-фінскую (выш. да 48 см, масць рыжая).

Склад цела сухі, моцны. Галава клінападобная, вушы стаячыя, трохвугольныя. Поўсць прамая, з густым падшэрсткам. Хвост загнуты на спіну. Вынослівыя, рухавыя сабакі з развітым паляўнічым інстынктам.

Э.Р.Самусенка.

Лайкі: 1 — руска-еўрапейская; 2 — карэла-фінская; 3 — усходнесібірская; 4 — маламут.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Калевала» (карэла-фінскі эпас) 5/252, 475; 10/602, 603

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«КА́ЛЕВАЛА»

(«Kalevala»),

карэла-фінскі нар. эпас. Складаецца з карэльскіх, фін. і іжорскіх нар. песень (рунаў), якія сабраў і запісаў у 1-й пал. 19 ст. фінскі фалькларыст Э.Лёнрат. Упершыню апубл. ў 1835 (1-я кампазіцыя, 32 руны), у 1849—2-я кампазіцыя (50 рунаў).

«К.» паэтызуе подзвігі і прыгоды герояў казачнай краіны Калевала. Яе героі — чарадзей Вяйнямёйнен, каваль Ільмарынен, які выкаваў цудоўны млын сампа, што забяспечвае багацце. Сюжэт, які аб’ядноўвае руны — барацьба за млын з чараўніцай Лоўхі, гаспадыняй змрочнай паўн. краіны Пох’ялы. На бел. мову «К.» пераклаў М.Машара, асобныя вершы з 1-й руны — Я.Сіпакоў.

Публ.: Бел. пер. — Калевала. Мн., 1956.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬ ІВА́НАВІЧ ШУ́ЙСКІ (1522—12.9.1612),

рускі цар [1606—10]. З удзельных ніжагародска-суздальскіх князёў. Выбраны царом на Земскім саборы (19.5.1606) пасля забойства Лжэдзмітрыя І (гл. Ілжэдзмітрый І). Узмацніў прыгонніцтва, вызначыў тэрмін для пошуку беглых сялян — 15 гадоў, што паспрыяла задушэнню Балотнікава паўстання 1606—07. Для барацьбы з Ілжэдзмітрыем II і інтэрвенцыяй Рэчы Паспалітай заключыў саюз са швед. каралём Карлам IX (1609), якому аддаў г. Карэла (Кексгольм) з паветам. 24.6.1610 пацярпеў паражэнне ад войск польск. караля і вял. князя літ. Жыгімонта II Вазы. Палітыка Васіля Іванавіча Шуйскага выклікала незадаволенасць насельніцтва. 17.7.1610, напярэдадні ўступлення ў Маскву войск Рэчы Паспалітай, часткай баярства, сталічнага і правінцыяльнага дваранства скінуты з прастола і пастрыжаны ў манахі. Памёр у польск. палоне.

т. 4, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЙ-ХМА́РА (Міхайла) (сапр. Драй Міхайла Панасавіч; 10.10.1889, с. Малыя Каніўцы Чаркаскай вобл., Украіна — 19.1.1939),

укр. паэт, перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Кіеўскі ун-т (1913), дзе ў 1926—33 быў прафесарам. У 1935 рэпрэсіраваны. Загінуў на Калыме. Аўтар зб. вершаў «Прорасць» (1926), манаграфіі «Леся Украінка» (1926), даследаванняў па гісторыі ўкр., серб., польск., бел. л-р. Пераклаў на ўкр. мову вершы і паэмы А.Пушкіна, М.Лермантава, А.Міцкевіча, П.Верлена, Ш.Бадлера, карэла-фінскі эпас «Калевала» і інш., зб. М.Багдановіча «Вянок» (1929). Аўтар арт. «Паэт беларускага адраджэння Максім Багдановіч» (1928), «Жыццё і творчасць Максіма Багдановіча» (1929), «Фрагменты Мінскага пергаментнага апракаса XIV ст.» (1931).

Тв.:

Вибране. Київ, 1989.

Літ.:

Рагойша В. І нясе яна дар... Мн., 1977. С. 141—146.

В.А.Чабаненка.

т. 6, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́С ГАДУНО́Ў (каля 1552, г. Кастрама — 23.4.1605),

расійскі цар [1598—1605]. Сын баярына Фёдара Гадунова. Вылучыўся ў час апрычніны. Зяць Малюты Скуратава (гл. Скуратаў-Бельскі Р.Л.) і швагер цара Фёдара Іванавіча, пры якім фактычна правіў краінай. Пасля яго смерці выбраны Земскім саборам на царскі трон. Ва ўнутр. палітыцы імкнуўся да эканам. стабілізацыі, у т. л. палегчыў становішча пасадскіх людзей, садзейнічаў будаўніцтву новых гарадоў. У 1589 дамогся стварэння незалежнай ад канстанцінопальскага патрыярха Маскоўскай патрыярхіі. Праводзіў міралюбівую знешнюю палітыку (у выніку адзінай вайны са Швецыяй 1590—93 Расія вярнула Івангорад, Ям, Капор’е і воласць Карэла), наладзіў культ. супрацоўніцтва з краінамі Зах. Еўропы. Запрыгоньванне сялян, голад 1600—02 і інш. выклікалі незадаволенасць яго праўленнем і нар. хваляванні (гл. Хлопка паўстанне 1603, Сялянская вайна пачатку 17 ст.). Памёр раптоўна ў час барацьбы з Ілжэдзмітрыем І. Маст. вобраз Барыса Гадунова стварылі ў аднайм. творах А.С.Пушкін (трагедыя) і М.П.Мусаргскі (опера).

Літ.:

Скрынников Р.Г. Борис Годунов. М., 1983.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́УСІНЕН (Ота Вільгельмавіч) (4.10.1881, г. Лаўка, Фінляндыя — 17.5.1964),

фінляндскі і савецкі паліт. і дзярж. дзеяч, дзеяч міжнар. камуніст. руху. Акад. АН СССР (1958). Герой Сац. Працы (1961). Скончыў Гельсінгфорскі (Хельсінкскі) ун-т (1905). З 1904 лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі Фінляндыі, рэдактар яе тэарэт. органаў «Sosialistinen aikakauslehti» («Сацыялістычны часопіс», 1906—08) і «Työmies» («Работнік», 1907—16). У 1908—17 дэп. фінл. сейма. Адзін з кіраўнікоў Фінляндскай рэвалюцыі 1918 і заснавальнікаў Камуніст. партыі Фінляндыі. Дэлегат 1-га, 3—7-га кангрэсаў Камінтэрна (гл. Камуністычны Інтэрнацыянал), у 1921—39 чл. Прэзідыума і сакратар яго Выканкома. З 1922 у СССР. У 1940—56 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета Карэла-Фінскай ССР і нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР. З 1941 чл. ЦК КПСС, у 1952—53 і 1957—64 чл. Прэзідыума і сакратар ЦК КПСС. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1940. Працы па гісторыі рэв. руху ў Фінляндыі, пытаннях міжнар. камуніст. і рабочага руху.

т. 9, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНГФЕ́ЛА ((Longfellow) Генры Уодсуарт) (27.2.1807, г. Портленд, штат Мэн, ЗША — 24.3.1882),

амерыканскі паэт і празаік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (з 1872). Скончыў Боўдайнскі каледж (1825), вышэйшую адукацыю атрымаў у Еўропе (1826—29). У 1836—54 праф. літаратуры Гарвардскага ун-та. Друкаваўся з 1820. Аўтар рамант. паэт. зб-каў «Галасы ночы» (1839), «Вершы пра рабства» (1842), «Пералётныя птушкі» (1858), паэм «Эванджэліна» (1847), «Сватанне Майлза Стэндыша» (1858), раманаў «Гіперыён» (1839), «Кавана» (1849), кн. нарысаў «За акіянам» (1835) і інш. Сусв. вядомасць прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў на ўзор карэла-фін. эпасу «Калевала». Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай. Пераклаў «Боскую камедыю» Дантэ, склаў і пераклаў зб. «Паэты і паэзія Еўропы» (1846), анталогію «Вершы пра мясцовасці» (т. 1—31, 1876—79). На бел. мову «Спеў аб Гаяваце» пераклаў А.Куляшоў, асобныя творы Ю.Гаўрук, А.Мардвілка.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Лангфэла Г. Спеў аб Гаяваце: Паэма;

Уітмен У. Лісце травы: Вершы. Мн., 1994;

Рус. пер. — Избранное. М., 1958.

Літ.:

Небышынец В. «Вам, хто любіць слухаць казкі, галасы легенд далёкіх...» //Полымя. 1970. № 12;

Ронгонен Л.И. Генри У. Лонгфелло и его поэма «Песнь о Гайавате». М., 1982.

Т.Я.Камароўская.

Г.Лангфела.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)