КАРЫЯЛО́ГІЯ (ад карыя... + ...логія),
навука пра будову і функцыі, эвалюцыю і асобныя структуры клетачнага ядра (храмасом, ядзерка, ядзернай абалонкі); раздзел цыталогіі. Даследуе мікраскапічную і субмікраскапічную будову і паводзіны ядзерных структур пры розных формах дзялення ядра клеткі (амітоз, мітоз, меёз, эндамітоз) і ў прамежку паміж дзяленнямі (інтэрфаза), будову і заканамернасці рэпрадукцыі (гл. Рэдуплікацыя храмасом). Выкарыстоўваюць метады аптычнай і электроннай мікраскапіі, цытахіміі, аўтарадыяграфіі, морфаметрыі. К. ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. пасля выяўлення вядучай ролі ядра клеткі ў спадчыннасці. На Беларусі даследаванні па К. праводзяцца з 1960-х г. У БДУ на кафедры генетыкі вывучаюць механізмы дзялення клетак пры мітозе і меёзе, у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі вядуць работы па К. культурных раслін і ракавых клетак жывёл, у Бел. НДІ жывёлагадоўлі — па К. с.-г. жывёл, у Мінскім мед. ін-це — па К. чалавека.
А.С.Леанцюк.
т. 8, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯ... (ад грэч. karyon арэх, ядро арэха), першая састаўная частка складаных слоў, якая ўказвае на іх адносіны да клетачнага ядра, напр., карыялогія, карыяплазма.
т. 8, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)