КАРЫ́ЦА,

высушаная кара галінак карычных дрэў роду карычнік. Матава-жоўта-бурага колеру, з тонкім пахам. Таўшчыня слоя 0,5 мм. Мае эфірны алей (1—2%), крухмал, гумі, цукар, дубільныя рэчывы. Лепшыя гатункі К. з кары цэйлонскага і кіт. карычных дрэў. Выкарыстоўваецца ў кандытарскай прам-сці, кулінарыі, медыцыне, фармакалогіі і парфумерыі (карычны алей).

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМФО́РАВАЕ ДРЭ́ВА,

камфоравы лаўр (Cinnamomum camphora), кветкавая расліна сям. лаўровых, від роду карычнік, або карычны лаўр. Радзіма — Паўд.-Усх. трапічная Азія. Утварае лясы. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках многіх краін, у т. л. на чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.

Шматгадовазялёнае дрэва да 50 м выш. і 3 м у дыяметры, з карой, якая дае трэшчыны Лісце простае, скурыстае, бліскучае. Кветкі дробныя, белаватыя ці жаўтаватыя, сабраныя ў кальчакі. Плод — цёмна-сіняя сакаўная касцянка. Вегетатыўныя органы і плады маюць прыемны востры пах камфары. Тэхн., дэкар., інсектыцыдная і лек. расліна. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі.

Г.У.Вынаеў.

т. 7, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)