Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧАВА́ЛЬНІК,
навясное абсталяванне да гусенічнага трактара для карчавання пнёў, хмызняку і камянёў або прычапная машына для суцэльнага карчавання пнёў і схаванай драўніны, пагрузкі іх у трансп. сродкі ці ўкладкі ў валок. Можа выкарыстоўвацца і для рыхлення шчыльных грунтоў (гл.Карчавальныя машыны). Таксама ёсць К. сцёблаў бавоўніку — машына для выдалення сцёблаў пасля ўборкі бавоўны-сырцу. Адрозніваюць К.-валкаўкладчыкі (збіраюць сцёблы ў суцэльны валок або ў невял. копы) і К.-здрабняльнікі (здрабняюць сцёблы і раскідваюць іх па полі або загружаюць у трансп. сродкі).
Схема работы карчавальніка: 1 — пры суцэльным карчаванні хмызняку і драбналесся; 2 — пры ўборцы камянёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧАВА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,
трактары і аднакаўшовыя экскаватары са спец. абсталяваннем і прыстасаваннямі для выдалення пнёў, дрэў, камянёў і хмызняку. Выкарыстоўваюцца пры асваенні новых зямель, расчыстцы трас у меліярац. і дарожным буд-ве.
Выпускаюцца: карчавальнікі з пярэдняй і задняй навескай рабочага органа (рамы з рухомымі і нерухомымі ікламі ці зубамі) або з прычапным карчавальным ротарам; карчавальнікі-збіральнікі з навясным абсталяваннем на гусенічны трактар (рамай з адвалам і ікламі, механізмам падрэзкі каранёў) для карчавання, зграбання і пагрузкі ў трансп. сродкі пнёў, камянёў, хмызняку пры выкананні буд. і культуртэхнічных работ; карчавальныя бароны — навясныя рамы са здымнымі карчавальнымі зубамі для карчавання пнёў, хмызняку і драбналесся; карчавальныя агрэгаты ў складзе карчавальніка, карчавальнай бараны і кустовых грабель або асобнага агрэгата з вібрацыйным рабочым органам для карчавання хмызняку і драбналесся, асобных пнёў і дрэў і зграбання іх у валкі. Гл. таксама Каменяўборачныя машыны, Кустарэз.
І.І.Леановіч.
Карчавальныя машыны: а — карчавальны агрэгат (1 — карчавальнік, 2 — трактар, 3 — гідрацыліндр кіравання карчавальнай бараной 4); б — карчавальнік-збіральнік (1 — карчавальнае прыстасаванне з клыкамі; 2, 3, 5, 6 — гідрацыліндры; 4 — трактар; 7 — механізм падрэзкі каранёў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
прыродныя і штучныя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце будынкаў і збудаванняў. Да будаўнічых матэрыялаў належаць прыродныя каменныя, лясныя, керамічныя, арган. і мінер. вяжучыя, метал., кампазіцыйныя, цепла- і гідраізаляцыйныя, дахавыя, лакафарбавыя і інш. матэрыялы.
Прыродныя каменныя матэрыялы (бутавы камень, жвір, друз, пясок, гліна і інш.) выкарыстоўваюцца для буд-ва фундаментаў, сцен, дарожнага адзення, падпорных сценак, а таксама для вытв-сці цэменту, вапны, гіпсу, розных кангламератаў. Лясныя будаўнічыя матэрыялы (бярвёны, брусы, дошкі, вырабы з драўніны) ідуць на буд-ва дахаў, падлог, столяў, аконных і дзвярных блокаў і інш. (гл.Драўнінныя матэрыялы). Керамічныя матэрыялы (цэгла, цагляныя камяні і інш.) прызначаны для буд-ва сцен, вырабы з керамікі — для стварэння сан.-тэхн., дрэнажавальных, электраахоўных і інш. сістэм (гл.Будаўнічая кераміка). Пашыраны ў буд-ве вяжучыя матэрыялы — арган. (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты і інш.) і мінер. (цэмент, вапна, гіпс). Злучэннем мінер. запаўняльнікаў і вяжучых рэчываў атрымліваюць бетоны (цэментна-, асфальта-, жалеза- і палімербетоны) і будаўнічыя растворы (цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя, асфальтавыя і іх спалучэнні). Шырока выкарыстоўваюць будаўнічыя канструкцыі са сталі, алюмініевых сплаваў, кампазіцыйных, металапалімерных і інш. матэрыялаў. Цеплаізаляцыйныя матэрыялы атрымліваюць спяканнем шклянога парашку (шклавата, пенашкло і інш.) або змешваннем розных матэрыялаў; яны маюць нізкую цеплаправоднасць. Гідраізаляцыйныя матэрыялы (гідраізол, металаізол, бітумамінер. тканіны і інш.) маюць павышаную водаўстойлівасць і выкарыстоўваюцца для аховы буд. канструкцый ад вільгаці. Дахавыя матэрыялы (руберойд, пергамін, толь, шклоруберойд і інш.) атмасфера- і водаўстойлівыя. Лакафарбавыя матэрыялы (лакі, фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі) — вадкія, паста- ці парашкападобныя саставы. Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.
І.І.Леановіч.
Будаўнічыя машыны: а — на базе аднавосевага цягача; б — на базе двухвосевага цягача; 1 — пнеўмашынны каток; 2 — цэментавоз; 3 — грэйдэр-элеватар; 4 — аднакаўшовы пагрузчык; 5 — карчавальнік; 6 — плужны снегаачышчальнік.