КАРУСЕ́ЛЬНАЯ ПЕЧ,

прамысловая печ, у якой вырабы награваюцца на дыскавым вярчальным подзе. Апальваецца газам або вадкім палівам з дапамогай гарэлак ці фарсунак. Выкарыстоўваецца ў масавай вытв-сці для награвання дробных метал. загатовак перад каваннем.

т. 8, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЛІ (англ. rally літар. злёт, збор),

комплексныя спаборніцтвы на аўтамабілях (аўтаралі) ці матацыклах (мотаралі) на рэгулярнасць руху па зададзеным маршруце; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграму Р. ўключаюцца таксама дадатковыя скарасныя спаборніцтвы: гонкі па шашы, дарожках іпадрома, участках горных дарог, па фігурным ваджэнні і інш. Звычайна дыстанцыя Р. 1—2 тыс. км, колькасць дадатковых спаборніцтваў 20—40. У Р. выкарыстоўваюцца пераважна серыйныя аўтамабілі з некат. канструктыўнымі зменамі.

Першыя спаборніцтвы тыпу Р. адбыліся ў 1894 па маршруце Парыж—Руан—Парыж. Міжнар. спаборніцтвы «Р. Монтэ-Карла» праводзяцца з 1911. З 1940-х г. Р. найб. пашыраны ў Аўстрыі. Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш. краінах. Найбуйнейшыя міжнар. Р.: — «Парыж—Дакар», «1000 азёр» (у Фінляндыі), «Руская зіма» (у Расіі) і інш. Асабістыя чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1953, першынствы свету — з 1972.

На Беларусі спаборніцтвы па Р. практыкуюцца з 1960-х г. (акрамя 1992—99). Федэрацыя аўтамаб. спорту працуе з 1992. У 1997 У Мінскай вобл. праведзены этап міжнар. Р. «Парыж—Краснаярск» і дадатковая (карусельная) гонка на трасе «Баравая». Штогод адбываюцца рэсп. летнія і зімовыя спаборніцтвы. Гл. таксама Аўтамабільны спорт.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)