Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ТЫ,
горная сістэма на УЦэнтр. Еўропы. Размешчана на тэр. Румыніі (каля 56% паверхні), Чэхіі і Славакіі (20%), Украіны (каля 10%), Польшчы (9,3%), Венгрыі (4,4%) і Аўстрыі (0,3%). Цягнецца дугой, адкрытай на З, ад Дзевінскіх Варот у наваколлі Браціславы да Жалезных Варот на Дунаі. Даўж. 1500 км, шыр. 100—300 км, найб. да 430 км на ПдУ. Паверхня К. разам з перадгор’ямі займае каля 190 тыс.км², з якіх 105 тыс.км² размешчана вышэй за 500 м; сярэдняя выш. каля 1000 м, найб. 2655 м (г. Герлахаўскі Шціт у Татрах). К. — адзін з гал. водападзелаў Еўропы паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Складаюцца з кулісападобна размешчаных горных масіваў і хрыбтоў, расчлянёных падоўжнымі і папярочнымі далінамі рэк. Араграфічна вылучаюцца Заходнія Карпаты, Усходнія Карпаты (ч. іх наз. Украінскія К.), Бяскіды, Паўднёвыя Карпаты, Заходнія Румынскія горы і Трансільванскае плато. Уздоўж вонкавага боку дугі К. цягнецца паласа перадгор’яў, шыр. да 40—60 км. Ва ўнутранай ч. Карпацкай дугі знаходзіцца Вял. Венгерская нізіна. У К. пашыраны карставыя раёны, складзеныя з вапнякоў і даламітаў, якія асабліва ярка выражаны ў масівах Славацкі Крас, Хэгімаш, Аніна. Ва Усх. К. на нізкагор’ях участкі з гліністым і саляным карстам і актыўна дзеючымі гразевымі вулканамі.
К. ўваходзяць у склад альпійскай геасінклінальнай вобласці (гл. таксама Карпацкая складкавая вобласць). Утварыліся ў неаген-антрапагенавы перыяд. У фарміраванні рэльефу пасля гораўтваральнай стадыі асн. ролю адыгрывалі неатэктанічныя рухі, рачная эрозія, плейстацэнавыя ледавікі, схілавыя і карставыя працэсы. Вонкавы пояс перадкарпацкіх прагінаў складзены пераважна з флішу (пясчанікі, кангламераты, гліністыя сланцы). Цэнтр. (восевы) пояс утвораны пераважна з крышт. парод, вапнякоў, дзе знаходзяцца найб. высокія хрыбты (Татры, Фэгэраш і інш.) са слядамі стараж. зледзянення. Унутр. пояс прадстаўлены ў асн. вулканічнымі масівамі. Радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, каменнай і калійнай солей, серы, каляровых і рэдкіх металаў, мінер. вод і інш.
Клімат К. умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. ад -2 °C на Пд да -5 °C на Пн, на высокіх вяршынях да -10 °C. Ва ўнутр. упадзінах зімой назіраюцца тэмпературныя інверсіі. Сярэдняя т-раліп. ад 17 °C на Пн да 20 °C на Пд; у верхнім поясе гор зніжаецца да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў у перадгор’ях 600—800 мм на вонкавым баку дугі Усх. і Паўд. К. і 900—1000 мм у Зах. Румынскіх гарах і Зах. К. У высакагорным поясе сума ападкаў павялічваецца да 1200—1400 мм на Пд і 1800—2000 мм на ПнУ. Максімум ападкаў выпадае летам. Снежнае покрыва ў перадгор’ях трымаецца 2—3 месяцы, у высокіх гарах — 5—7 месяцаў і больш. Рэкі бас. Віслы і Одры ахопліваюць б.ч.паўн. схілаў і ўпадаюць у Балтыйскае м. Большасць рэк належаць да бас.р. Дунай, рэкі паўн.-ўсх. схілаў — да бас.р. Днестр, якія ўпадаюць у Чорнае м. Для рэк К. характэрны ваганні ўзроўню вады (да 5 м) вясной і ў пачатку лета; маюць вял. запасы гідраэнергіі. Азёры ў высакагор’і займаюць днішчы стараж. караў. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у катлавінах — бурыя. Расліннасць размеркавана адпаведна вышыннай пояснасці: да 600—750 м шыракалістыя лясы (дуб, граб, бук), да выш. 1200—1400 м мяшаныя лясы (бук, піхта); хвойныя лясы (у асноўным з елкі) падымаюцца да 1500—1600 м ка Пн і 1700—1800 м на Пд. Вышэй лясоў размешчаны: субальпійскія зараснікі крывалесся (хваёвы сланік, ядловец у Зах. К. і вольха ва Усх. К.); альпійскія лугі (паланіны) ці пояс фрагментарнага развіцця альпійскіх лугоў (да выш. 2300—2400 м) з альпійскім разнатраўем і зараснікамі рададэндрану і карлікавай вярбы; востраканцовыя скалістыя вяршыні субнівальнай зоны пераважна без расліннасці. Жывёльны свет: алень, казуля, дзік, воўк, мядзведзь, рысь, лясны кот і інш. Для аховы прыроды ўтворана шмат заказнікаў і некалькі нац. паркаў. Самы вял. з іх у Татрах на тэр. Польшчы і Славакіі. Найб. густанаселены перадгор’і і ўнутрыгорныя катлавіны. Верхняя мяжа пасяленняў даходзіць да 800 м (макс. да 1300 м). Важнае значэнне маюць лясы як рэсурсы для вытв-сці драўніны. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (у асноўным авечкагадоўля). Земляробствам займаюцца ў міжгорных∙ катлавінах і на схілах да выш. 600—1000 м. праз К. ўздоўж далін рэк і на перавалах праходзяць камунікацыйныя лініі. Турыстычны раён. Цэнтры турызму і курорты на базе крыніц з мінер. вадой.
А.Ф.Санько, Т.Каліцкі.
Да арт.Карпаты. Высокія Татры, даліна Спішскіх азёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЯ КАРПА́ТЫ,
найбольш высокая і шырокая ч. горнай сістэмы Карпат на тэр. Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі. Даўж. каля 400 км, шыр. больш за 200 км. Хрыбты і ізаляваныя масівы накіраваны з ПдЗ на ПнУ. На Пн вылучаюць сярэдневышынныя хр.Зах. Бяскідаў, у цэнтр. частцы — высока- і сярэднягорныя масівы Татры (найб.выш. 2655 м, г. Герлахоўскі-Шціт), Нізкія Татры, Вял. Фатра, на Пд — сярэдневышынныя масівы з плоскімі вяршынямі Славацкіх Рудных гор, Шцяўніцкіх гор, Бюк, Матра і інш. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў, на Пд таксама і вулканічных парод. Мяшаныя і хваёвыя лясы, горныя лугі. Татранскі нац. парк, запаведнікі, курорты, турызм, зімовыя віды спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
паўночна-ўсх. адгалінаванне Альпійскай геасінклінальнай вобласці Еўропы ў выглядзе дугападобнай сістэмы складкавых гор (Карпаты). Падзяляецца на шэраг вял. структур, размежаваных насовамі: Перадкарпацкі перадавы прагін, Вонкавыя (Флішавыя) Карпаты, Унутраныя Карпаты, Закарпацкі тылавы прагін і Панонская ўпадзіна (Вял. Венгерская нізіна), якая не адносіцца да ўласна Карпат. Перадкарпацкі прагін прылягае да паўд.-зах. ускраіны Усх.-Еўрапейскай платформы, запоўнены неагенавымі маласамі, падзяляецца на вонкавую, цэнтр. і ўнутр. зоны. Унутр. і цэнтр. зоны маюць складаную структуру з лускападобных дыслакацый; уяўляюць сабой буйныя покрывы, насунутыя на 15—20 км на вонкавую зону, якая стварылася ў канцы неагену і мае ступеньчаты фундамент. Вонкавыя Карпаты складзены з мелавых і палеагенавых флішаў (магутнасць 4—5 км), уяўляюць сабой сістэму лінейных, разарваных насовамі лускападобных складак (скіб), павернутых і насунутых на Перадкарпацкі прагін у перадміяцэнавы перыяд. Вонкавыя і Унутр.Карпаты аддзелены зонай вял. глыбіннага насову. Ва Унутр. Карпатах на тэр. Украіны вылучаецца Мармарошскі крышт. масіў, складзены з покрываў, якія сфарміраваліся ў сярэднемелавы час з рознаўзроставых метамарфічных парод. Перамяшчэнні покрываў на 15—20 км у напрамку Вонкавых Карпат. Унутр.Карпаты складаюцца таксама з маладых магматычных інтрузій, вапнякоў і даламітаў, насунутых у познамелавы час у форме вярховых покрываў. Уздоўж унутр. краю Карпацкай дугі праходзіць найб. ў Еўропе ўнутрыкарпацкі вулканічны пояс, які развіваўся ў міяцэн-плейстацэнавы перыяд. Складзены з андэзітаў, трахітаў, базальтаў, туфаў. Унутр.Карпаты ўтварылі фундамент Закарпацкага прагіну, запоўненага маласамі неагену, сярод якіх месцамі развіты салянакупальныя структуры. Закарпацкі прагін аддзелены ад Панонскай упадзіны Прыпанонскім глыбінным разломам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОЛТ (Olt),
рака ў Румыніі, левы прыток р. Дунай. Даўж. 709 км, пл. басейна каля 25 тыс.км². Пачынаецца ва Усх. Карпатах, цячэ па Трансільванскім плато, праз Паўд.Карпаты (у цясніне), па Ніжнедунайскай раўніне. Упадае ў р. Дунай 2 рукавамі каля г. Турну-Мэгурэле. Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады каля 160 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На О. гарады Фэгэраш, Рымніку-Вылча, Слаціна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРОК (Косць) (Канстанцін Леанідавіч; 22.4.1919, г. Луганск, Украіна — 22.5.1996),
украінскі паэт. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1941). Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Насустрач сонцу» (1953), «Дняпроўскія мелодыі» (1956), «Мелодыі жыцця» (1972), «Пад ветразямі гадоў» (1978), «Сцвярджэнне» (1990) і інш. роздум пра чалавечы лёс у складаных умовах рэчаіснасці 20 ст. Пісаў творы для дзяцей (зб. «Хочаш ведаць пра Карпаты», 1954). Пераклаў на ўкр. мову паасобныя вершы Я.Купалы, К.Кірэенкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЖЭ́ЙКА (Павел Віктаравіч) (28.12.1911, в. Сапажкі Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 19.1.1987),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў (1933), Арэнбургскую школу лётчыкаў і лётчыкаў-назіральнікаў (1935). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Варонежскім, 1-м і 4-м Укр. франтах: ваенком авіяэскадрыллі, палка, камандзір авіяэскадрыллі, нам. камандзіра палка. Маёр М. вызначыўся ў баях за Карпаты на тэр. Венгрыі, Чэхаславакіі: зрабіў 112 вылетаў на штурмоўку жывой сілы і тэхнікі ворага. Да 1950 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1915,
баявыя дзеянні паміж рас. арміямі Паўд.-Зах. фронту (40 пяхотных і 8,5 кав. дывізій, 2980 гармат) і аб’яднанымі герм. і аўстра-венг. войскамі (53,5 пяхотных і 9,5 кав. дывізій, 2440 гармат) у Карпацкіх і Бяскідскіх гарах на тэр.Галіцыі 22.1—24.4.1915 у 1-ю сусв. вайну. Праходзіла як сустрэчныя франтальныя сутыкненні бакоў на лініі да 200 км (першымі пачалі наступаць рас. войскі з мэтай уварвацца праз Карпаты на Венг. раўніну і вывесці з вайны Аўстра-Венгрыю). Ва ўпартых баях, у т. л. за крэпасць Перамышль (цяпер Пшэмысль, Польшча), рас. арміі страцілі каля 1 млн.чал., аўстра-венг. і герм. — 800 тыс.чал., у т. л. 100 тыс. забітымі. Адцягненне аўстра-венг. і герм. войск на К.а. палегчыла становішча на франтах саюзнікаў Расіі—Вялікабрытаніі і Францыі.
Адкрыты 19.11.1990 у Магілёве, з 1996 імя П.Масленікава. Размешчаны ў Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынку. Плошча экспазіцыі 700 м². У музеі больш за 2 тыс. экспанатаў, пераважна твораў бел. мастакоў 20 ст., у т. л. работы З.Азгура, А.Анікейчыка, Л.Асецкага, А.Бембеля, В.Бялыніцкага-Бірулі, Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, У.Кожуха, У.Кудрэвіча, А.Малішэўскага, Л.Марчанкі, А.Маціевіча, М.Савіцкага, Р.Таболіча, В.Юрковай. У 1997 у музеі адкрыта карцінная галерэя Масленікава, створаная на аснове падараванай музею яго персанальнай выстаўкі (128 твораў). Экспануюцца: творы, звязаныя з пачаткам творчай дзейнасці мастака ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (эскізы дэкарацый і касцюмаў да тэатр. пастановак 1938—41 і 1946—60); пейзажы, прысвечаныя родным мясцінам Беларусі, і пейзажы, звязаныя з паездкамі ў Крым, Алтай, Карпаты, Прыбалтыку; уласныя рэчы, мэбля, эцюды, карціны, апошні няскончаны твор Масленікава «Нябёсы». У музеі праводзяцца маст. выстаўкі, міжнар. пленэры жывапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАПО́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Małopolskie),
адм.-тэр. адзінка на Пд Полыпчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 15,9 тыс.км². Нас. 3204 тыс.чал. (1999), гарадскога 51%. Адм. цэнтр — г.Кракаў. Найб. гарады: Тарнаў, Новы-Сонч, Новы-Тарг. Паўн. частку М.в. займае Малапольскае ўзв., на ПнЗ — Кракаўска-Чанстахоўскае ўзв., у цэнтры — Асвенцімская і Сандамірская катлавіны, на Пд — Карпаты (Зах. Бяскіды). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -2 °C, ліп. 19 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Гал. рака Вісла з прытокамі Скава, Раба, Дунаец. Глебы падзолістыя, бурыя, горныя. Лясы займаюць 30% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (цяжкае, электратэхн., радыёэлектроннае), хім. (у т. л. фармацэўтычная), лёгкая, паліграф., дрэваапр. (у т. л. мэблевая), харч., тытунёвая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча каменнага вугалю, свінцова-цынкавых руд, нафты, каменнай солі, вапнякоў. Пад с.-г. ўгоддзямі 56% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, авёс, ячмень, бульбу, хмель, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак. Курорты: Закапанэ (горнакліматычны), Вялічка (бальнеалагічны) і інш.