Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́СТАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Sarcoptoidea),
надсямейства паразітычных членістаногіх з групы акарыдый атр. акарыформных кляшчоў. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыкі Паразітуюць на паверхні і ў верхніх слаях скуры млекакормячых жывёл і чалавека. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў Acarus, Psoroptes, Chorioptes.
Даўж. 0,1—1 мм, самкі большыя за самцоў. Цела круглаватае, выпуклае на спіне 4 пары кароткіх ног з прысоскамі або шчацінкамі. Ротавы апарат грызучага тыпу Адкладваюць яйцы ці нараджаюць лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем Узбуджальнікі каросты, саркаптозу, кмемідакаптозу, псараптозу, харыяптозу і інш. хвароб. У чалавека каросту выклікае К.к. (Sarcoptes scabiei, або Acarus siro).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́СТА,
заразная хвароба скуры чалавека і жывёлы, узбуджальнікі якой — кароставыя кляшчы. Крыніца інфекцыі — хворы на К. чалавек, яго адзенне, рэчы. Пашырэнню К. садзейнічаюць антыгігіенічныя бытавыя ўмовы, скучанасць, голад. З моманту заражэння да праяўлення хваробы праходзіць 7—10 дзён. Прыкметы: моцны сверб, асабліва вечарам і ноччу, кароставыя хады ў скуры, дробныя пухірковыя высыпкі на скуры паміж пальцамі, на локцевых суставах, тулаве, ягадзіцах і інш. Бываюць сцёртыя формы К. (адзінкавыя пухіркі не на тыповых месцах, слабы сверб). Лячэнне: серная мазь, суспензіі і інш.
На К. хварэюць свойскія жывёлы. Узбуджальнікі — кароставыя кляшчы 3 родаў: свербуны (жывуць на галаве, шыі, грудзях), наскурнікі (у месцах з доўгімі валасамі), скураеды (пашкоджваюць канечнасці жывёлы). Хворыя жывёлы трацяць спакой, адчуваюць моцны сверб, знясільваюцца, выпадае поўсць, у цяжкіх выпадках жывёла гіне. Найчасцей К. распаўсюджваецца ў асенне-зімовы і вясновы перыяды. На Беларусі К. с.-г. жывёлы як эпізаотыя ліквідавана.
М.З.Ягоўдзік.
С.Г.Кароль.У.А.Кароль.Кароставыя кляшчы: 1 — акарус; 2 — самка кляшча саркоптэс у прасвеце хода, прагрызенага ў рагавым слоі скуры, і адкладзенае ёю яйцо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Наскурнікі (кароставыя кляшчы) 5/455
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Скураеды (кароставыя кляшчы) 5/455
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Acariformes),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. Больш за 6 тыс. відаў з 200 сямействаў. На Беларусі спецыяльна не вывучаліся; найб. пашыраны акарыформныя кляшчы з 2 падатрадаў: саркаптыформных (акароідныя кляшчы, кароставыя кляшчы, панцырныя кляшчы, пер’евыя кляшчы, валасяныя) і трамбідыформных (галавыя кляшчы, чырванацельцавыя кляшчы, вадзяныя, павуцінныя). Жывуць на глебе, у глебе, вадзе.
Даўж. цела 0,2—0,8 мм. Цела падзелена на галаву і тулава. Ротавы апарат утвораны 2 парамі пярэдніх ног. 4 пары ног, кожная з 5—б членікаў. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы (3) і дарослай асобіны. Кладуць яйцы. Сапрафагі і фітафагі. Многія — шкоднікі раслін і с.-г. прадуктаў, паразіты жывёл і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯШЧЫ́ (Acarina),
зборная група (атрад) членістаногіх кл. павукападобных. З асобныя атрады (падатрады); К.-сенакосцы (Opilioacarina), акарыформныя кляшчы і паразітыформныя кляшчы. 300 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце. Большасць жыве на сушы (у глебе, лясным подсціле, гнёздах птушак і звяроў), некат. ў вадзе. На Беларусі адзначаны акарыформныя (трамбідыформныя і саркаптыформныя) і паразітыформныя К.
Даўж. 0,05—13 мм, сытых крывасмокаў да 30 мм. Цела шарападобнае ці прадаўгавата-авальнае, крыху пляскатае, нерасчлянёнае Ротавы апарат колючы, грызучы, колюча-грызучы. Вочы ў большасці відаў адсутнічаюць. Раздзельнаполыя, з палавым дымарфізмам. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Жыццёвы цыкл уключае фазы: яйцо, лічынка, німфа (адна ці некалькі стадый) і імага. Лічынка 6-ногая, у німфы і імага па 4 пары ног. Паводле тыпу кармлення К. — сапрафагі і драпежнікі. Многія віды — паразіты раслін, жывёл і чалавека. К.-крывасмокі могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб (напр., у жывёл — піраплазмозаў, бабезіёзаў і інш., у чалавека — кляшчовага энцэфаліту, тулярэміі і сыпнатыфозных ліхаманак). Акароідныя К. (свірнавыя, або збожжавыя) пашкоджваюць збожжа і прадукты, галавыя і павуцінныя К. выклікаюць хваробы яблынь, цытрусавых і інш.Гл. таксама Акаралогія, Гамазавыя кляшчы, Кароставыя кляшчы, Мучны клешч, Панцырныя кляшчы, Пер’евыя кляшчы.
Літ.:
Бэкер Э., Уартон Г. Введение в акарологию: Пер. с англ.М., 1955;