МАГІЛЁЎСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА І ДВУХ САВЕ́ТНІКАЎ Існаваў у 18—20 ст. у Магілёве. Пабудаваны ў 1770-я г. ў стылі класіцызму. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак са скошанымі вугламі на невял. цокалі, завершаны вальмавым дахам. Гал. фасад вылучалі 3 з нязначным выступам рызаліты, завершаныя невысокімі атыкамі з франтонамі. Карнізны пояс падзяляў фасады на 2 ярусы. Існавалі гасп. пабудовы. У 1944 узарваны ням.-фаш. захопнікамі.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскі дом віцэ-губернатара і двух саветнікаў. Чарцёж галоўнага фасада.

т. 9, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУПРА́НСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Пабудаваны ў в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. ў стылі псеўдаготыкі. Мураваны прамавугольны ў плане 3-нефавы храм з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Маляўнічасць фасадам надае мяшаная тэхніка муроўкі: асн. ўчасткі сцен з буту з украпінамі маленькіх каменьчыкаў; пілоны, якія ўмацоўваюць вуглы асн. аб’ёму і званіцы, абрамленні аконных, дзвярных праёмаў і блендаў з цэглы. Дах 2-схільны з трохвугольным атыкам на алтарным і прамавугольным на гал. фасадах, завершаны дэкар. вежачкамі. Карнізны пояс з высокім складаным па малюнку аркатурным фрызам падзяляе будынак на 2 ч.: ніжнюю, амаль глухую, і верхнюю, расчлянёную спічастымі праёмамі. Званіца 3-ярусная, завершана шатровым дахам. Побач з касцёлам на могілках — магіла Ф.Багушэвіча і яго сям’і.

Ю.​А.​Якімовіч.

Жупранскі касцёл.

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧА́ЙСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму ў в. Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1766—76 па фундацыі Т.​Агінскага. Часткова перабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. (зменена ордэрная пластыка і размаляваны інтэр’ер) Мураваная 2-нефавая 2-вежавая купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай і трансептам. Гал. фасад фланкіруюць 3-ярусныя вежы, раскрапаваныя вуглавымі пілястрамі і нішамі, прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі (часткова замураваны). Пры перабудове вежы былі завершаны цыліндрычнымі аб’ёмамі з купаламі. Гал. фасад, апсіду і трансепт увенчваюць трохвугольныя, лучковыя і фігурныя шчыты. Сцены касцёла раскрапаваны пілястрамі. Па перыметры будынка праходзіць карнізны пояс дарычнага ордэра. Інтэр’ер насычаны арх. пластыкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Арнаментальным дэкорам запоўнены ўсе плоскасці сцен і перакрыццяў.

С.​Г.​Багласаў, Г.​М.​Ярмаленка.

Лучайскі касцёл езуітаў.
Інтэр’ер Лучайскага касцёла езуітаў. Фрагмент.

т. 9, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)