Карніз (арх.) 1/351; 7/576

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́З (ням. Karnies ад грэч. kōronis канец, завяршэнне),

гарызантальны выступ на сцяне, які падтрымлівае дах (пакрыццё) будынка і ахоўвае сцяну ад сцёку вады; мае і дэкар. значэнне. К. бываюць: верхні (завяршае антаблемент), прамежкавы (падзяляе фасад на асобныя ярусы), цокальны (завяршае цокаль будынка), надаконны, падаконны і інш.; вонкавыя і ўнутраныя. Былі пашыраны ў архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма, стыляў барока, ракако, класіцызму. У бел. манум. архітэктуры К. з’явіліся ў 11—12 ст., у драўляным дойлідстве — у 2-й пал. 18 ст. У нар. архітэктуры (Усх. Палессе, Падняпроўе) К. аздабляюць разьбой.

С.​А.​Сергачоў.

Карніз.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАБЛЕМЕ́НТ (франц. entablement),

верхняя частка збудавання, якая падтрымліваецца калонамі, пілястрамі або завяршае сцяну; элемент арх. ордэра. Падзяляецца на архітраў, фрыз, карніз. Узнік на аснове драўлянага бэлечнага перакрыцця, у сваіх формах адлюстроўвае яго структуру. Сфарміраваўся ў класічных ордэрах манум. мураванай архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма, дзе выпрацаваны яго прапорцыі. Антаблемент — адзін з важнейшых элементаў паяруснага члянення алтароў і іканастасаў.

Антаблемент.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1865 у Брэсце. Храм цэнтрычнай 5-купальнай кампазіцыі: кубападобны асн. аб’ём, прытвор і паўкруглая апсіда. У кампазіцыі і дэкар. пластыцы асн. аб’ёму выкарыстаны прыёмы класіцызму (ордэрная сістэма, трохвугольныя франтоны, высокі прафіляваны карніз і філянговы фрыз, гранітны цокаль), у завяршэнні — формы маскоўскага дойлідства сярэдзіны 17 ст. (кілепадобныя какошнікі, 8-гранныя барабаны, цыбулепадобныя галоўкі, шатры).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Брэсцкая Сімяонаўская царква.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТРА́Ў (ад архі... + лац. trabs бэлька),

бэлька, якая абапіраецца на капітэлі калон і пілястраў, слупы, інш. апоры і нясе фрыз і карніз; ніжняя частка антаблемента.

Узнік з фарміраваннем стоечна-бэлечнай канструкцыі ў архітэктуры Стараж. Грэцыі; выконваў ролю канструкцыйнага нясучага элемента, на які клалі бэлькі перакрыцця. З развіццём ант. ордэрнай сістэмы з’явіліся варыянты архітрава: у выглядзе гладкай бэлькі ў дарычным і тасканскім, з 3 невял. гарыз. ўступамі (фасцыямі) у іанічным і карынфскім ордэрах. Найб. пашыраны ў архітэктуры класіцызму.

Архітраў.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРВЯ́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1903 у в. Гервяты (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.) з чырвонай цэглы (арх. А.​Альшалоўскі). 3-нефавая 1-вежавая базіліка з трансептам у зах. ч., накрыта 2-схільным крыжовым дахам. З У да гал. нефа прыбудавана высокая 2-ярусная вежа-званіца, завершаная шпілем. Сярэдні павышаны неф з нізкімі стральчатымі вокнамі ўмацаваны контрфорсамі, паміж кожнай парай якіх размешчаны высокія спараныя стральчатыя вокны з дэкар. ружамі ў завяршэнні. Бакавыя фасады ўпрыгожаны аркатурна-зубчастым поясам, антаблемент мае фрыз са стылізаваным арнаментам у выглядзе 3-ступеньчатых зубцоў і карніз. Ідэнтычна вырашаныя алтарны фасад і тарцы трансепта маюць ярусную кампазіцыю. Гал. ўваход аформлены перспектыўным парталам, які завершаны вімпергам і ружай.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю ў Мінску. Пабудавана ў 1898 на Вайсковых могілках як храм-помнік у гонар перамогі ў рус.-тур. вайне 1877—78. Мураваны крыжова-купальны 4-стаўповы 3-нефавы храм з 3-граннай апсідай. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, над сяродкрыжжам якой узвышаецца масіўны купал на 8-гранным светлавым барабане, завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Дамінанта кампазіцыі — 2-ярусная вежа-званіца з шатровым пакрыццём — размешчана над прытворам. Пластыку фасадаў узбагачаюць аркатурныя паясы, складаныя дэкар. арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, разеткі, складана-прафіляваны карніз, арнаментальны фрыз. Інтэр’ер багата дэкарыраваны. У прытворы — мемар. дошка з імёнамі воінаў-беларусаў 30-й артыл. брыгады і 119-га Каломенскага палка, якія загінулі пад Плеўнай (Балгарыя).

Літ.:

Церковь Святого Благоверного Великого Князя Александра Невского, 1898—1998 / Автор текста Г.​Шейкин. Мн., 1997.

Т.​І.​Чарняўская.

Мінская царква Аляксандра Неўскага.

т. 10, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры стылю мадэрн у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1904 (арх. Р.​Марфельд) як фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх — уладальнікаў Мірскага замкава-паркавага комплексу. Будынак — кампактны верт. аб’ём, асіметрычны ў плане, завершаны ў паўн. частцы 5-граннай апсідай, у паўд. — бабінцам. Над бакавым уваходам, вылучаным спец. прыбудовай, узвышаецца 3-ярусная 4-гранная вежа-званіца з купалам. Гал. фасад раскрапаваны рызалітамі і аздоблены вял. паліхромным мазаічным пано «Хрыстос Уседзяржыцель» і аб’ёмным чаканным гербам-картушам князёў Мірскіх. Глыбокі партал увахода размешчаны ў нізкім бабінцы з вуглавымі контрфорсамі. Насычанае каларыстычнае вырашэнне фасадаў ствараецца спалучэннем чырвонай цэглы, белых дэталей арх. дэкору (паўкалонкі, ізумрудна руставаныя ліштвы акон, карніз з сухарыкамі і інш.), шэрага бетону, паліхромнай бутавай муроўкі цокаля, паліхромнай мазаікі. Зала перакрыта самкнутым 4-гранным скляпеннем з арнаментальнай фрэскавай размалёўкай.

А.​М.​Кулагін.

Мірская капліца.

т. 10, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКІЯ ЦЭ́РКВЫ,

помнікі архітэктуры 19 ст. ў Магілёве. Комплекс складаецца з 2 цагляных будынкаў. Першы ўзведзены ў 17 ст. як жылы дом, у 19 ст. перабудаваны пад царкву (у л-ры вядомы як Барысаглебская, на самай справе наз. Крыжаўзвіжанская). Першапачаткова — 1-павярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на 2 рознавялікія памяшканні. У 19 ст. палавіна ўсх. сцяны перароблена ў 3-гранную апсіду, да зах. сцяны прыбудавана 2-ярусная званіца з шатровым дахам і цыбулепадобнай галоўкай. На вільчыку ўзведзены гал. драўляны барабан (васьмярык на чацверыку). Перабудова надала будынку рысы псеўдарус. стылю. Другая царква пабудавана ў 1869. 6-стаўповы 3-нефавы крыжова-купальны храм. У арх.-стылявой трактоўцы спалучаны рысы класіцызму (руставаныя пілястры па вуглах, прафіляваны карніз асн. аб’ёму) і маскоўскага культавага дойлідства 17 ст. (5-купалле, кілепадобныя завяршэнні закамараў і парталаў, абрыс ліштваў акон).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ РА́ТУША,

помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму. Пабудавана ў 1775 у Віцебску на месцы драўлянай ратушы 16 ст., якая згарэла. Мураваны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак, у цэнтры якога ўзвышалася 4-ярусная вежа, завершаная шатром са шпілем. У 1883 на вежы ўстаноўлены гадзіннік, замест шатровага даху ўзведзена вежа-ратонда. У 1911 над ратушай надбудаваны 3-і паверх. Будынак перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся ў 1913, 1944, 1970-я і 1980-я г. Цяпер гэта 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, над якім у цэнтры гал. фасада ўзвышаецца 3-ярусная вежа. Тарцовыя фасады завершаны трохвугольнымі шчытамі з 2 вокнамі-люкарнамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі на вышыню двух паверхаў, паміж 2-м і 3-м паверхамі — прафіляваны карніз (18 ст.). Тамбур у цэнтры гал. фасада вылучаны 2 паўкалонкамі і завершаны атыкам. На 2-м паверсе сіметрычна размешчаны 2 балконы з ажурнай метал. агароджай. Ярусы вежы маюць крывалінейныя абрысы, падзелены прафіляванымі карнізамі. У будынку размешчаны Віцебскі абл. краязнаўчы музей.

Віцебская ратуша.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)