Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВА́Я АДЗІ́НКА,
адзінка вымярэння і параўнання агульнай (энергет.) пажыўнасці кармоў. На Беларусі за К.а. прынята пажыўнасць 1 кг зерня аўса сярэдняй якасці. Агульную пажыўнасць кармоў разлічваюць па колькасці ў іх сырога пратэіну, тлушчу і клятчаткі, безазоцістых экстрактыўных рэчываў, страўнасці гэтых рэчываў, велічыні зніжэння пажыўнасці кармоў у залежнасці ад колькасці ў іх сырой клятчаткі. Паказчыкам энергет. пажыўнасці кармоў можа служыць таксама велічыня насычанасці іх абменнай энергіяй. На аснове К.а. разлічваюць нормы кармлення для с.г. жывёл (гл.Кармавая норма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВА́Я НО́РМА,
колькасць пажыўных рэчываў, неабходных свойскай жывёле для падтрымкі належнага ўзроўню яе жыццядзейнасці, прадукцыйнасці, здароўя і ўзнаўлення. Уключае 18—30 паказчыкаў: кармавыя адзінкі, абменную энергію, сухое рэчыва, сыры і засваяльны пратэін, крухмал, цукар, сырыя клятчатку і тлушч, макра- і мікраэлементы, вітаміны, а для некат. жывёл (свінні, птушкі) таксама незаменныя амінакіслоты. На аснове К.н. распрацоўваюць кармавы рацыён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВА́Я БА́ЗА,
запасы і крыніцы кармоў, якія маюць гаспадарка, раён, вобласць, краіна. К.б. жывёлагадоўлі ўключае кармы, атрыманыя на ворных землях, прыродных сенажацях і пашы, камбікармы, кармы і кармавыя дабаўкімікрабіял., хім. сінтэзу, мінер. і жывёльнага паходжання, а таксама пабочных прадуктаў (кармавых адходаў) рыбнай, мяса-малочнай, мукамольнай і харч. прам-сці. На Беларусі ствараецца па трох асн. кірунках: атрыманне найб. выхаду кармавых адзінак і пратэіну з 1 га зямлі пры нізкім іх сабекошце (прадугледжвае павышэнне ўрадлівасці глебы і ўкараненне найб. эфектыўнай агратэхнікі пры вырошчванні кармавых культур, стварэнні высокапрадукцыйных лугоў і пашы); макс. захаванне вырашчанага ўраджаю кармавых культур (выкарыстанне прагрэс. тэхналогій уборкі, нарыхтоўкі і захоўвання кармоў на аснове комплекснай механізацыі); рацыянальнае выкарыстанне нарыхтаваных кармоў (укараненне навукова абгрунтаваных сістэм і рацыёнаў кармлення жывёл). К.б. для дзікіх жывёл — прыродныя і штучна створаныя крыніцы дадатковай падкормкі ў неспрыяльныя для іх існавання перыяды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЕС (франц. mélasse),
патака кармавая, сіропападобная цёмна-бурая вадкасць са спецыфічным пахам і смакам; адходы цукровай вытв-сці. Мае ў сярэднім 20—25% вады, каля 9% азоцістых злучэнняў (пераважна бялкі), каля 60% вугляводаў (пераважна цукроза), 7—10% попелу (пераважае калій). Дадаецца ў кармы для жывёлы. камбікармы, выкарыстоўваецца пры іх грануляванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НТАС (ад грэч. benthos глыбіня),
сукупнасць арганізмаў, якія жывуць на грунце і ў грунце марскіх і мацерыковых вадаёмаў. Падзяляецца на жывёльны (заабентас) і раслінны (фітабентас). Па памерах адрозніваюць макрабентас — ад 5—10 мм і больш, меябентас — ад 0,5 мм да 5—10 мм і мікрабентас — менш за 0,5 мм. У прэсных вадаёмах бентас бяднейшы, чым у марскіх. Бентас — кармавая база для многіх рыб, некаторыя ядомыя або ідуць на тэхн. патрэбы.