Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫНА́Л (ад лац. cardinalis галоўны),
у царкоўнай іерархіі каталіцкай царквы 2-і пасля папы рымскага чын. Бліжэйшыя саветнікі і памочнікі папы па кіраўніцтве царквой, маюць сан епіскапа. Назначаюцца са згоды кансісторыі — сходу кардынальскай калегіі. На канклаве з К. выбіраецца папа рымскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПА РЫ́МСКІ,
кіраўнік каталіцкай царквы і вярх. правіцель (абсалютны манарх) дзяржавы-горада Ватыкан. Выбіраецца канклавам (калегіяй кардыналаў) пажыццёва 2/3 галасоў + 1 голас (з 1389 толькі з кардыналаў). Згодна з догматам каталіцкай царквы, прынятым I Ватыканскім саборам у 1870, лічыцца бязгрэшным у справах веры і маралі. У афіц. спісе рым. пап, які выдаецца Ватыканам, 262 папы. З 1523 папскі прастол займалі італьянцы. Традыцыя парушана ў 1978, калі папам абраны польскі кардынал Караль Вайтыла, які прыняў імя Іаан Павел II.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЙ II [Pius; свецкае Пікаломіні (Piccolomini) Энеа Сільвіо; 18.10.1405, г. Піенца, Італія — 15.8.1464],
папа рымскі з 1458. Гуманіст, гісторык, паэт, дыпламат. У 1442 сакратар герм. караля Фрыдрыха III, які назваў П. каралём паэтаў. У 1446 прыняў сан святара, быў епіскапам Трыеста (1447), Сіены (1450). З 1456 кардынал. Змагаўся за ўзмацненне папскай улады, пашырыў тэр.Папскай вобласці. Заклікаў да крыжовага паходу супраць туркаў. Аўтар паэтычных твораў на лац. мове, навел у стылі Дж.Бакачыо, кніг пра гісторыю г. Базель, Базельскага сабора 1431—49, гісторыю Чэхіі, аўтабіягр. «Каментарыяў» (выд. 1525).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЙ VII [свецкае К’ярамонці (Chiaramonti) Грэгорыо Луіджы Барнаба; 14.8.1740, г. Чэзена, Італія — 20.8.1823],
папа рымскі з 1800. З 1796 епіскап Імалы, потым кардынал. Сцвярджаў, што дэмакр. прынцыпы не супярэчаць Евангеллю. У 1801 заключыў канкардат з напалеонаўскай Францыяй, у 1804 каранаваў Напалеона імператарскай каронай. З-за супраціўлення некат. патрабаванням Напалеона, у т. л. падтрымаць кантынентальную блакаду, у 1809 арыштаваны, да 1814 у франц. палоне. Адноўлены Венскім кангрэсам 1814—15 у правах свецкага гасудара Папскай вобл., П. VII ажыццяўляў палітыку асветнага абсалютызму; заключыў з шэрагам еўрап. краін канкардаты, выгадныя для каталіцкай царквы. У 1814 аднавіў ордэн езуітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Жан дзю Плесі
(du Plessis; 5.9.1585, Парыж — 4.12.1642),
французскі дзярж, і рэліг. дзеяч. З 1607 біскуп, у 1616—17 дзярж. сакратар па замежных і ваен. справах у час рэгенцтва Марыі Медычы. У 1617—21 у апале. З 1622 кардынал, з 1624 першы міністр ва ўрадзе Людовіка XIII. Фактычна кіраваў краінай. Праводзіў палітыку ўмацавання каралеўскай улады. З мэтай ліквідацыі сепаратызму адабраў у гугенотаў (фактычна стварылі дзяржаву ў дзяржаве) Ла Рашэль (1628) і паўд. крэпасці (1629). Падпісаў «Эдыкт міласці» (1629), які пазбавіў гугенотаў іх паліт. правоў, але захаваў свабоду веравызнання. Узмацніў кантроль над правінцыяльнымі органамі ўлады і перадаў ч. іх паўнамоцтваў каралеўскім інтэндантам. Спрыяў развіццю мануфактур і гандлю. Забараніў дуэлі, разбураў умацаваныя дваранскія замкі ўнутры краіны, караў смерцю сваіх ворагаў з ліку арыстакратыі (Марыльяк, Манмарансі, Сен-Мар). У знешняй палітыцы галоўным лічыў барацьбу супраць гегемоніі Габсбургаў. У 1635 па яго ініцыятыве Францыя ўступіла ў Трыццацігадовую вайну 1618—48 на баку пратэстанцкай кааліцыі. Далучыў да Францыі Эльзас і ч. Латарынгіі. Стварыў ваен. флот і рэарганізаваў армію. Узмацніў падатковы прыгнёт і жорстка задушыў выкліканыя ім сял. паўстанні (краканаў у 1636, «басаногіх» у 1639). Мецэнат і калекцыянер, апекаваўся мастакамі і літаратарамі. У 1635 засн.Франц. акадэмію. У сваім «Палітычным завяшчанні» (1643) выклаў асн. прынцыпы палітыкі франц. абсалютызму.
Літ.:
Люблинская А.Д. Франция при Ришелье: Фр. абсолютизм в 1630—1642 гг.Л., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ X (Leo; свецкае Джавані дэ Медычы; Giovanni de’ Medici; 11.12.1475, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1521),
папа рымскі [1513—21]. Сын правіцеля Фларэнцыі Ларэнца Пышнага Медычы. Кардынал з 13-гадовага ўзросту. Імкнуўся ўмацаваць уплыў сям’і Медычы, вёў войны з іх праціўнікамі, удзельнічаў у розных кааліцыях у перыяд Італьянскіх войнаў 1494—1559. У 1516 заключыў канкардат з франц. каралём Францыскам I, які пашырыў правы караля над франц. царквой. Шырока практыкаваў продаж індульгенцый, што стала штуршком да пачатку Рэфармацыі. У 1520 адлучыў ад царквы М.Лютэра. Прыцягнуў буйнейшых мастакоў Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэль, Мікеланджэла) для працы над аздабленнем цэркваў і палацаў Рыма і Ватыкана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ XIII [Leo; свецкае Печы (Pecci) Вінчэнца Джаакіна; 2.3.1810, Карпінета-Рамана, Італія — 20.7.1903],
папа рымскі [1878—1903]. З 1846 архіепіскап, з 1853 кардынал. У сваёй першай энцыкліцы выклаў праграму прымірэння царквы з сучаснай цывілізацыяй. Спрыяў завяршэнню Культуркампфа ў Германіі, нармалізаваў адносіны з Бельгіяй, Расіяй, Японіяй. Паўплываў на адраджэнне тамізму, заклікаючы вывучаць філас. сістэму Фамы Аквінскага. Спрыяў развіццю біблеістыкі, у т. л. стварэнню Папскай біблейскай камісіі (1902). Рашуча выступіў супраць масонства, лічыў, што яно супярэчыць каталіцызму. Ініцыіраваў стварэнне каталіцкага грамадска-паліт. руху хрысц. дэмакратаў. У энцыкліцы «Rerum novarum» («Пра новыя рэчы», 1891) крытыкаваў лібералізм і палемізаваў з сацыялізмам, дамагаўся захавання натуральных чалавечых правоў рабочых. У 1881 дазволіў частковае выкарыстанне архіваў Ватыкана ў навук. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ VI [Paulus; у свеце Манціні (Montini) Джавані Батыста; 26.9.1897, Канцэзіо, каля г. Брэшыя, Італія — 6.8.1978],
папа рымскі з 1963. Скончыў папскі і дзярж. ун-ты ў Рыме. У 1923—54 на дыпламат. службе Ватыкана (з 1937 пам., з 1952 нам.дзярж. сакратара). З 1955 архіепіскап Мілана, з 1958 кардынал. П. VI — першы з рым. пап, які парушыў традыцыю затворніцтва рым. пап у Ватыкане, наведаў шэраг краін (Палесціна, ЗША, Калумбія, Уганда, Філіпіны, Аўстралія і інш.). Рэарганізаваў рым. курыю, скасаваў Кангрэгацыю свяшчэннай канцылярыі (б.інквізіцыю), у 1966 адмяніў «Індэкс забароненых кніг», што фактычна азначала скасаванне царк. цэнзуры. Увёў узроставы цэнз у калегіі кардыналаў. Выступаў за збліжэнне цэркваў і захаванне міру паміж народамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ТАЎТ-АНДРАЙКО́ВІЧ (Марыя Магдалена Эліза) (22.7.1852, в. Баландзічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 1933),
бел. жывапісец. Вучылася ў Рызе ў манахаў А.Лізен-Маўэра і М.Адама, у 1875—76 — у Італіі. Чл. Літоўскага т-ва мастакоў у Вільні (1907). З 1881 жыла ў сваім маёнтку Гарнастаевічы (Свіслацкі р-н) і ў Варшаве, дзе выкладала на маст. курсах для жанчын. З-за хваробы вачэй у канцы 1880-х г. спыніла творчую дзейнасць. Працавала пераважна ў гіст. жанры, пісала карціны і на рэліг. сюжэты: «Ян Каханоўскі над астанкамі Уршулі» (1876), «Кардынал Ян Медзічы з Пампеніем Лаэтам на рымскіх раскопках» (1877), «Хрыстос вылечвае сляпога» (1878), «Міласэрнасць каралевы Ядвігі» (1884) і інш. Займалася таксама асветнай дзейнасцю і філантропіяй, адна з першых збіральніц твораў нар. мастацтва.