КАРБАНА́ТЫ,
солі і эфіры вугальнай кіслаты H2CO3.
К. неарганічныя — сярэднія (з аніёнам CO3−2) і кіслыя (з аніёнам HCO3−) солі (гл. Гідракарбанаты). Сярэднія К. — крышт. рэчывы, тэрмічна няўстойлівыя (акрамя К. шчолачных металаў). Пры награванні раскладаюцца да аксіду металу і дыаксіду вугляроду (напр., CaCO3 = CaO + CO2). У вадзе (акрамя К. шчолачных металаў, амонію і аднавалентнага талію Tl2CO3) не раствараюцца. У прыродзе складаюць адну з груп мінералаў, важнейшыя з іх — кальцыт, магнезіт, сідэрыт, смітсаніт і некат. інш. Выкарыстоўваюць прыродныя К. як каштоўныя метал. руды (напр., К. цынку, жалеза, марганцу, медзі), У буд-ве (вапняк, магнезіт, вітэрыт); сінт. — у асн. натрыю К. (гл. Coda). К. арганічныя — ацыклічныя і цыклічныя складаныя эфіры. Ацыклічныя К. бясколерныя вадкасці з эфірным пахам (напр.,
метылэтылкарбанат, tкіп 107 °C). Цыклічныя К. — вадкія ці легкаплаўкія цвёрдыя рэчывы (напр., OCH2CH2OCO этыленкарбанат, tпл 39 °C). Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смол; манамеры ў вытв-сці сінт. каўчуку, валокнаў, пластмас; зыходныя рэчывы для сінтэзу гліколяў, пластыфікатараў, лек. сродкаў і сродкаў аховы раслін.
т. 8, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Карбанаты прыродныя 5/436; 8/494; 11/153
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБА... [ад лац. carbo (carbonis) вугаль], першая састаўная частка слоў, якая паказвае на прыналежнасць да злучэнняў вугляроду (карбону), напр., карбанаты, карбіды.
т. 8, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ГАЛЬНАЯ КІСЛАТА́,
слабая і нетрывалая двухасноўная кіслата, H2CO3. Утвараецца пры растварэнні дыаксіду вугляроду ў вадзе, у звычайных умовах існуе ў разбаўленых водных растворах. Утварае 2 рады солей — карбанаты і гідракарбанаты.
т. 4, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАКАРБАНА́ТЫ, бікарбанаты, гідрагенкарбанаты,
кіслыя солі вугальнай кіслаты. Добра раствараюцца ў вадзе ў адрозненне ад большасці карбанатаў. Пры награванні ператвараюцца ў нармальныя карбанаты. Выконваюць важную фізіял. ролю, з’яўляюцца буфернымі рэчывамі, якія падтрымліваюць нязменнасць рэакцыі крыві. Часовая жорсткасць вады абумоўлена прысутнасцю гідракарбанатаў у прыроднай вадзе. Найб. практычнае значэнне маюць гідракарбанаты натрыю NaHCO3 (пітная сода) і амонію NH4HCO3.
т. 5, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТЫГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ (ад грэч. authigenës мясцовага паходжання),
мінералы асадкавых горных парод, якія ўтварыліся ў працэсе седыментацыі і літагенезу. Аўтыгеннымі мінераламі з’яўляюцца розныя карбанаты, растваральныя солі, рудныя мінералы, барыт, цэлесцін, палявы шпат, цэаліты, некаторыя гліністыя мінералы. На Беларусі пашыраны ў пародах асадкавага чахла, складаюць саляныя і сульфатныя пароды дэвону Прыпяцкага прагіну (галіт, сільвін, карналіт, ангідрыт, гіпс і інш.).
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЮВІЯ́ЛЬНЫ ГАРЫЗО́НТ,
глебавы гарызонт, у якім намнажаюцца рэчывы, вынесеныя з вышэйляжачых (элювіяльных) гарызонтаў глебы. І.г. падзяляюцца паводле характару акумуляваных рэчываў (гумус, мул, карбанаты, гіпс і інш.), напр. гумусава-ілювіяльны, ілювіяльна-карбанатны і інш. Найб. выразны ў дзярнова-падзолістых глебах, залягае на глыб. ад 0,3 да 1,4 м. Жалезістыя злучэнні надаюць І.г. чырвона-бурую і жоўта-бурую афарбоўку (вокіснае жалеза) пры асушэнні і зеленавата-галубую ’(закіснае жалеза) у анаэробных умовах.
т. 7, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНЦО́ВЫЯ РУ́ДЫ,
састаўная частка поліметалічных руд, радзей утвараюць самаст. паклады. Вядома каля 180 мінералаў свінцу, прамысл. значэнне маюць сульфіды (галеніт — 86,6% свінцу), меншае — сульфасолі і карбанаты. Акісленыя руды складзены з цэрусіту (карбанат свінцу) і англезіту (сульфат свінцу). С.р. маюць цынк (мінералы сфалерыт, смітсаніт, каламін), серу, радзей медзь і барый, а таксама серабро, золата, кадмій, вісмут, сурму, ртуць, талій, германій і інш. Гал. радовішчы ў ЗША, Аўстраліі, Канадзе, Перу, Мексіцы.
У.Я.Бардон.
т. 14, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНЕ́ТЫК,
рэчыва, у якім усталяваўся антыферамагнітны парадак магнітных момантаў атамаў ці іонаў. Рэчыва становіцца антыферамагнетыкам ніжэй за пэўную т-ру (TN; гл. Нееля пункт) і застаецца ім звычайна да T=0 К. Да антыферамагнетыкаў адносяцца: цвёрды кісларод (α-мадыфікацыя пры TN<24 К), хром (TN=310 К), шэраг рэдказямельных металаў, многія злучэнні, у састаў якіх уваходзяць пераходныя металы (аксіды, фтарыды, сульфіды, галагеніды, карбанаты і інш.). Антыферамагнетыкі перспектыўныя для выкарыстання ў прыладах запісу і апрацоўкі інфармацыі, стварэння акустычных ліній затрымкі, як магн. элементы ў магнітааптычных запамінальных прыладах.
т. 1, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЯРО́ДУ ДЫАКСІ́Д, вуглякіслы газ, вугальны ангідрыд,
прадукт поўнага акіслення вугляроду, CO2. Бясколерны газ, шчыльн. 1,98 кг/м³, пры моцным ахаладжэнні ператвараецца ў сухі лёд. Раствараецца ў вадзе (гл. Вугальная кіслата), спіртах, ацэтоне, бензоле і інш. арган. растваральніках, не гарыць. Утварае з моцнымі асновамі карбанаты. Уваходзіць у састаў атмасферы Зямлі (0,03 % па аб’ёме), крыніца вугляроду для раслін, якія засвойваюць вугляроду дыяксід пры фотасінтэзе, адзін з асн. біяхім. кампанентаў у працэсах дыхання жывёльных арганізмаў. Атрымліваюць пры абпальванні вапняку, акісленні вуглевадароднага паліва. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці соды, мачавіны, карбонавых кіслот, цукру, газіраваных напіткаў, у вогнетушыцелях, газавых лазерах. У вял. канцэнтрацыях таксічны, выклікае гіпаксію, ГДК 30 мг/м³.
т. 4, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)