КАРБАНА́ТЫ,

солі і эфіры вугальнай кіслаты H2CO3.

К. неарганічныя — сярэднія (з аніёнам CO3−2) і кіслыя (з аніёнам HCO3) солі (гл. Гідракарбанаты). Сярэднія К. — крышт. рэчывы, тэрмічна няўстойлівыя (акрамя К. шчолачных металаў). Пры награванні раскладаюцца да аксіду металу і дыаксіду вугляроду (напр., CaCO3 = CaO + CO2). У вадзе (акрамя К шчолачных металаў, амонію і аднавалентнага талію Tl2CO3) не раствараюцца. У прыродзе складаюць адну з груп мінералаў, важнейшыя з іх — кальцыт, магнезіт, сідэрыт, смітсаніт і некат. інш. Выкарыстоўваюць прыродныя К. як каштоўныя метал. руды (напр., К. цынку, жалеза, марганцу, медзі), У буд-ве (вапняк, магнезіт, вітэрыт); сінт. — у асн. натрыю К. (гл. Coda). К. арганічныя — ацыклічныя і цыклічныя складаныя эфіры. Ацыклічныя К. бясколерныя вадкасці з эфірным пахам (напр., метылэтылкарбанат, tкіп 107 °C). Цыклічныя К. — вадкія ці легкаплаўкія цвёрдыя рэчывы (напр., OCH2CH2OCO этыленкарбанат, tпл 39 °C). Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смол; манамеры ў вытв-сці сінт. каўчуку, валокнаў, пластмас; зыходныя рэчывы для сінтэзу гліколяў, пластыфікатараў, лек. сродкаў і сродкаў аховы раслін.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

карбана́ты

(фр. carbonate, ад лац. carbo, -onis = вугаль)

1) солі вугальнай кіслаты (напр. сода, паташ);

2) мінералы, якія з’яўляюцца вуглякіслымі солямі розных металаў (напр. кальцыт, даламіт).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Карбанаты прыродныя 5/436; 8/494; 11/153

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБА... [ад лац. carbo (carbonis) вугаль], першая састаўная частка слоў, якая паказвае на прыналежнасць да злучэнняў вугляроду (карбону), напр., карбанаты, карбіды.

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ГАЛЬНАЯ КІСЛАТА́,

слабая і нетрывалая двухасноўная кіслата, H2CO3. Утвараецца пры растварэнні дыаксіду вугляроду ў вадзе, у звычайных умовах існуе ў разбаўленых водных растворах. Утварае 2 рады солей — карбанаты і гідракарбанаты.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бікарбана́ты

(ад бі- + карбанаты)

тое, што і гідракарбанаты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

карбанаты́ты

(ад карбанаты)

горныя пароды, што складаюцца пераважна з карбанатаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГІДРАКАРБАНА́ТЫ,

бікарбанаты, гідрагенкарбанаты, кіслыя солі вугальнай кіслаты. Добра раствараюцца ў вадзе ў адрозненне ад большасці карбанатаў. Пры награванні ператвараюцца ў нармальныя карбанаты. Выконваюць важную фізіял. ролю, з’яўляюцца буфернымі рэчывамі, якія падтрымліваюць нязменнасць рэакцыі крыві. Часовая жорсткасць вады абумоўлена прысутнасцю гідракарбанатаў у прыроднай вадзе. Найб. практычнае значэнне маюць гідракарбанаты натрыю NaHCO3 (пітная сода) і амонію NH4HCO3.

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТЫГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ (ад грэч. authigenës мясцовага паходжання),

мінералы асадкавых горных парод, якія ўтварыліся ў працэсе седыментацыі і літагенезу. Аўтыгеннымі мінераламі з’яўляюцца розныя карбанаты, растваральныя солі, рудныя мінералы, барыт, цэлесцін, палявы шпат, цэаліты, некаторыя гліністыя мінералы. На Беларусі пашыраны ў пародах асадкавага чахла, складаюць саляныя і сульфатныя пароды дэвону Прыпяцкага прагіну (галіт, сільвін, карналіт, ангідрыт, гіпс і інш.).

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

полікарбана́ты

(ад полі- + карбанаты)

сінтэтычныя палімеры, прадукты ўзаемадзеяння двухатамных фенолаў і вытворных вугальнай кіслаты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)