Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я АТРУЧЭ́ННІ,
захворванні жывёл, што ўзнікаюць у выніку прыёму няправільна падрыхтаваных або недабраякасных кармоў ці парушэння норм кармлення жывёл. Выклікаюцца хім. ядамі, што ўтвараюцца ў кармах пры іх няправільным прыгатаванні або захоўванні. К.а. выклікаюць кармы, пашкоджаныя таксікаінфекцыяй, напр. батулізмам або таксічнымі грыбамі (фузарыятаксікоз, стахібатрыятаксікоз і інш.), ядамі сінт. паходжання (карбамід або вял. доза бялкова-вітамінна-мінер. дабавак, рэшткі пестыцыдаў і нітратаў пры захоўванні іх у кармах звыш дапушчальных нарматываў). К.а. выклікае таксама парушэнне рэжыму кармлення, напр. рэзкі пераход на інш. кармы, на пашавае або стойлавае ўтрыманне жывёл, залішняе кармленне галодных жывёл. Гл. таксама Атручэнне.
т. 8, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я ДАБА́ЎКІ,
пажыўныя рэчывы, якія ўводзяць у рацыёны жывёл, каб забяспечыць найвышэйшую іх прадукцыйнасць і эфектыўнае выкарыстанне кармоў. Вядома больш за 100 К.д.: энергетычныя — сушаныя коранеклубняплоды, крухмал, мелес, кармавыя жывёльныя тлушчы, алеі, фасфатыды; небялковыя азоцістыя — карбамід, аманійныя солі, аміяк і аміячная вада, сінт. амінакіслоты; мінеральныя — даламітавы вапняк, вапняковы туф, сапрапель, азёрны глей, касцявая мука, фасфарын, касцявы попел, кармавы прэцыпітат і інш., у якіх ёсць макра- і мікраэлементы. З інш. дабавак выкарыстоўваюць вітамінныя, ферментныя прэпараты, гарманальныя рэчывы, кармавыя антыбіётыкі, транквілізатары, араматычныя, смакавыя і інш. рэчывы. К.д. ўключаюць у склад камбікармоў і кармавых сумесей паасобку або ў выглядзе бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў.
т. 8, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ТНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя і арган. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння раслін азотам. Падзяляюцца на арганічныя ўгнаенні (гной, торф, кампост), якія акрамя азоту маюць у сабе інш. элементы, мінеральныя ўгнаенні (выпускаюцца прам-сцю ў цвёрдым ці вадкім стане) і зялёныя ўгнаенні (гл. Сідэрацыя). У мінеральных азот можа быць у аміячнай (NH3), аміячна-нітратнай (NH3 і NO3), нітратнай (NO3) і аміднай (NH2) формах. Асн. віды мінер. азотных угнаенняў: аміячныя, аманійныя, нітратныя, аманійна-нітратныя, амідныя, аманійна-нітратна-амідныя.
Аміячныя і аманійныя ўгнаенні: вадкі аміяк, аміячная вада, сульфаты амонію, амонію-натрыю. Раствараюцца ў глебавай вадзе, значная частка іонаў амонію звязваецца ў маларухомую форму, якая пад уздзеяннем спецыфічных бактэрый глебы пераходзіць у больш рухомую нітратную форму і засвойваецца раслінамі. Выкарыстоўваюцца для ўсіх с.-г. культур на някіслых глебах і кіслых пры іх вапнаванні. Нітратныя ўгнаенні: натрыевая і кальцыевая салетры. Іоны натрыю і кальцыю паглынаюцца цвёрдай фазай глебы і раслінамі спажываюцца менш, чым нітратны азот, што прыводзіць да падшчалочвання глебы. Выкарыстоўваюцца на ўсіх глебах для ўнясення перад сяўбой і для ўсіх відаў раслін у перыяд вегетацыі. Аманійна-нітратныя ўгнаенні: аміячная салетра, сумесі сульфат-нітрат амонію, вапнава-аміячная салетра. Выкарыстоўваюцца ў розных кліматычных зонах для розных глебаў. Амідныя ўгнаенні бываюць хутка дзейныя (карбамід) і павольна дзейныя (урэаформ—карбаміда-фармальдэгідныя ўгнаенні). Аманійна-нітратна-амідныя ўгнаенні — канцэнтраваныя растворы карбаміду, нітрату амонію і іх растворы ў аміячнай вадзе (аміякаты). Эфектыўныя пры ўнясенні ў глебу для падкормкі раслін, аміякаты — для невегетуючых с.-г. культур. На Беларусі (Гродзенскі азотна-тукавы завод) вырабляюць аміячную салетру, карбамід, вадкія ўгнаенні і сульфат амонію.
Літ.:
Агрохимия. М., 1982;
Баранов П.А., Алейнов Д.П., Олевский В.М. Азотные растворы... // Химия в сельском хозяйстве. 1983. № 5.
т. 1, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВІ́НА, карбамід,
амід вугальнай к-ты (NH2)2CO; канчатковы прадукт бялковага абмену ў большасці пазваночных жывёл і чалавека. Біясінтэз М. адбываецца ў печані (гл. Арніцінавы цыкл). З арганізма выводзіцца з мачой. М. адкрыта ў 1773 франц. хімікам І.Руэлем. Яе хім. састаў устанавіў у 1824 англ. хімік У.Праўт; сінтэзаваў у 1828 Ф.Вёлер.
Бясколернае крышт. рэчыва. Не мае паху, tпл 132,7 °C, шчыльн. 1330 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, вадкім аміяку. Хімічна актыўнае злучэнне: утварае клатраты [напр., з пераксідам вадароду CO(NH2)2∙H2O2]; узаемадзейнічае са спіртамі. карбонавымі к-тамі і іх ангідрыдамі, з двухасноўнымі к-тамі (гл. Барбітуравая кіслата), анілінам, гідразінам і інш. арган. рэчывамі. Лёгка кандэнсуецца з фармальдэгідам (гл. Амінаальдзгідныя смолы). У прам-сці атрымліваюць з аміяку і дыаксіду вугляроду пры т-ры 180—230 °C пад ціскам (12—25 МПа). Выкарыстоўваюць для атрымання мачавіна-фармальдэгідных смол, фарбавальнікаў, снатворных сродкаў (веранал, люмінал і інш.), для дэпарафінізацыі нафты, у сельскай гаспадарцы як канцэнтраванае азотнае ўгнаенне (мае 46 % азоту) пад розныя с.-г. культуры на любых глебах, а таксама як заменнік пратэіну ў кармах для жвачных жывёл.
А.І.Валожын.
т. 10, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)