КАРБАЗО́Л, дыбензапірол, дыфеніленімін,

гетэрацыклічнае араматычнае злучэнне. Бясколерныя крышталі, tпл 247—248 °C. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў бензоле, ацэтоне, эфіры, этаноле. Вылучаюць з антрацэнавага масла, якое атрымліваюць з каменнавугальнай смалы. Сінт. К. атрымліваюць цыклізацыяй дыфеніламінаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў, для сінтэзу N-вінілкарбазолу (манамер у вытв-сці тэрмапластыкаў), некат. нітра- і хлорвытворныя як інсектыцыды.

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕННАВУ́ГАЛЬНАЯ СМАЛА́, каменнавугальны дзёгаць,

прадукт каксавання каменнага вугалю; складаная сумесь арган., пераважна араматычных злучэнняў.

Вязкая чорная вадкасць з характэрным фенольным пахам, шчыльн. 1170—1205 кг/м³. З К.с. вылучана і ідэнтыфікавана больш за 500 злучэнняў, асн. з якіх нафталін (8—12% па масе), фенантрэн (4—5%), антрацэн (1—1,8%), карбазол (1,2—1,5%), флюарантэн (1,6—3%), флюарэн, пірэн, хрызен, індэн і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. прам-сці. К.с. дыстыляцыяй раздзяляюць на фракцыі (лёгкае масла, фенольная, нафталінавая, паглынальная, антрацэнавая, каменнавугальны пек), пры далейшай перапрацоўцы якіх атрымліваюць фенолы, нафталін, антрацэн, гетэрацыклічныя злучэнні, тэхн. маслы. Гл. таксама Коксахімія.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)