Каралавыя паліпы, гл. Каралы

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЛАВЫЯ ПАЛІ́ПЫ (Anthozoa),

клас беспазваночных марскіх жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Пашыраны ва ўсіх морах з дастаткова высокай салёнасцю. Пераважна каланіяльныя арганізмы. Вядомы з кембрыю. На Беларусі выяўлены з ардовіку 4 групы выкапнёвых К.п.: абуляты, 4- і 8-прамянёвыя каралы, геліялітыды. Сучасных К.п. 2 падкл., 8 атр., каля 6 тыс. відаў.

Даўж. асобін ад некалькіх міліметраў да 1 м. Цела звычайна цыліндрычнае, пабудавана паводле радыяльнага тыпу сіметрыі. Многія К.п. маюць вапнавы або рагавы шкілет. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Са шкілетаў К.п. складаюцца каралавыя рыфы і арганагенныя пабудовы, вырабляюць упрыгожанні.

Э.​Р.​Самусенка.

Каралавыя паліпы: 1 — актынія; 2 — дэндранефтыя; 3 — дыплорыя; 4 — карал чырвоны.

т. 8, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЛАВЫЯ ПАБУДО́ВЫ, каралавыя рыфы,

падводныя і надводныя вапняковыя грады ў трапічных морах. Фарміруюцца звычайна на глыбіні ад 30—50 м да 1—2 м пры нармальнай салёнасці і празрыстасці вады з т-рай больш за 20 °C. Складаюцца пераважна з вапняковых шкілетаў каралаў, вапняковых водарасцей, імшанак і ракавін малюскаў. Да К.п. адносяцца атолы, бар’ерныя рыфы, берагавыя і ўнутрылагунныя рыфы. Гл. таксама Арганагенныя пабудовы.

т. 8, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЛАВЫЯ АСТРАВЫ́,

астравы, утвораныя на паверхні каралавых пабудоў у акіянах і морах трапічнага пояса ў выніку дзеянняў хваль і прыбою з прадуктаў мех. разбурэння каралавых вапнякоў і калоній жывых каралаў (гл. Атол, Бар’ерны рыф).

т. 8, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЯЛЦІ,

каралавыя астравы ў Ціхім ак., тое, што Луаятэ.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІШАЧНАПО́ЛАСЦЕВЫЯ (Coelenterata),

жыгучыя, кнідарыі, тып беспазваночных жывёл, гл. ў арт. Актыніі, Высакародны карал, Гідроідныя, Гідры, Канулярыі, Каралавыя паліпы, Каралы, Медузы, Паліпы, Сіфанафоры, Сцыфоідныя.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СТРАЎ, выспа,

участак сушы, з усіх бакоў абкружаны водамі акіяна, мора, возера або ракі. Ад мацерыка адрозніваецца адносна невял. памерамі. Есць адзіночныя астравы і іх групы — архіпелагі. Займаюць каля 9,9 млн. км² (6,6%) сушы. У акіянах і морах падзяляюцца на мацерыковыя, якія аддзяліліся ад кантынентаў, але генетычна з імі звязаны (Грэнландыя, Новая Гвінея, Калімантан, Мадагаскар і інш.), пераходнай зоны ад мацерыка да акіяна (вулканічныя, гразевулканічныя, каралавыя) і акіянскія, пераважна вулканічныя астравы (Гавайскія, Ісландыя) або каралавыя (Маршалавы гл. Атол). Найбольшыя а-вы (пл. больш за 400 тыс. км²); Грэнландыя, Новая Гвінея, Мадагаскар, Калімантан, Бафінава Зямля, Суматра. Сярод астравоў рэк і азёр адрозніваюць акумулятыўныя (наносныя) і эразійныя. На Беларусі агульная плошча астравоў 53 км². Рачных больш за 300, азёрных каля 200, самы вялікі Манастырскі (каля 5 км²) на Асвейскім воз.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТАВА́Й (Mentawai),

група астравоў у Індыйскім ак., каля паўд.-зах. ўзбярэжжа Суматры. Тэр. Інданезіі. Каля 70 астравоў агульнай пл. 6,1 тыс. км² (найб. в-аў Сіберут). Рэльеф узгорысты (выш. да 406 км), каля паўн.-ўсх. берагоў каралавыя рыфы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў 3—4 тыс. мм за год. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Плантацыі каўчуканосаў, какосавай пальмы. Рыбалоўства.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАБА́РСКІЯ АСТРАВЫ́,

група з 19 астравоў у Індыйскім ак., паміж Бенгальскім залівам і Андаманскім м. Уваходзяць у склад саюзнай тэр. Індыі Андаманскія і Нікабарскія а-вы. Пл. 1,6 тыс. км². Буйныя астравы — вяршыні падводнага хрыбта (выш. да 642 м), дробныя — каралавыя. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, ападкаў 2200—3200 мм за год. На паўд. астравах вечназялёныя трапічныя лясы, на паўн. — высакатраўныя лугі. Вырошчванне какосавай пальмы. Рыбалоўства, лоў трэпангаў, збор ракавін.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГУ́ЧЫЯ, кнідарыі (Cnidaria),

тып кішачнаполасцевых. 4 кл.: гідроідныя, сцыфоідныя, каралавыя паліпы і выкапнёвыя кануляты (Conulata). Каля 9 тыс. сучасных і 20 тыс. вымерлых відаў.

Пашыраны ва ўсіх морах. Ёсць прэснаводныя віды (гідры), у т. л. на Беларусі.

Адзінкавыя або каланіяльныя арганізмы. 2 жыццёвыя формы: прымацоўваюцца да субстрату (паліпы) або плаваюць (медузы). Цела з 2 слаёў — эктадэрмы і энтадэрмы. Паміж імі студзяністападобная мезаглея. У эктадэрме ёсць жыгучыя клеткі. Большасць раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца беспазваночнымі.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)