Каракаціцы 2/19; 6/384—385 (укл.), 597

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКА́ЦІЦЫ, сепіі (Sepiida),

атрад галаваногіх малюскаў. 5 сям., 20 родаў, больш за 150 відаў, з якіх каля 90 у родзе сапр. К. (Sepia). Пашыраны ў морах тропікаў і субтропікаў. Жывуць каля дна ці ў тоўшчы вады, да глыб. 1000 м. Характэрная асаблівасць К. — наяўнасць чарнільнага мяшка.

Даўж. ад 1 да 60 см, маса да 12 кг. Сапр. К. маюць вапнавую ракавіну — сепіён, у інш. (акрамя спірулы) яна рагавая або адсутнічае. 10 канечнасцей з прысоскамі. Здольныя мяняць афарбоўку цела. У некат. ёсць органы свячэння. Размнажаюцца адкладкай яец. Драпежнікі; кормяцца ракападобнымі, рыбай.

Каракаціцы: 1 — сепія звычайная; 2 — росія.

т. 8, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТА́ЛЕ ((Montale) Эўджэніо) (12.10. 1896, г. Генуя, Італія — 12.9.1981),

італьянскі паэт. Першыя зб-кі «Ракавіны каракаціцы» (1925), «Выпадковасці» (1939) створаны пад уплывам герметызму з яго матывамі тугі, трывогі, адчужанасці і адзіноты. Пошукі выйсця за межы песімізму, антыфаш. і грамадз. тэматыка ў цэнтры зб-каў «Фіністэрэ» (1943), «Бура і іншыя вершы» (1956). У зб-ках «Сатура» (1972) і «Сшытак за чатыры гады» (1977) спалучэнне гуманіст. матываў з сац. іроніяй. Паэтыцы М. ўласціва яснасць і канкрэтнасць, нетрадыц. вобразнасць, лірычны ўнутр. маналог. На бел. мову асобныя яго творы перакладалі Р.​Барадулін, М.​Стральцоў, А.​Шаўня. Нобелеўская прэмія 1975.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ад вежаў Ферары. Мн., 1974;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

Э.Мантале.

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Cephalopoda),

клас найб. высокаарганізаваных марскіх малюскаў. 7 падкласаў, з іх 6 пераважна выкапнёвыя віды (у т. л. вымерлыя аманіты і белемніты) і 1 сучасны з 7 атрадамі. Каля 650 сучасных і 10 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах і акіянах, трапляюцца таксама ва ўмераных і палярных водах. Жывуць паблізу берагоў і на вял. глыбінях каля дна, сярод камянёў, скал і водарасцей, у тоўшчы вады. Найб. вядомыя васьміногі, кальмары, каракаціцы.

Даўж. цела ад 1 см да 18 м (разам са шчупальцамі). Галава і вочы вялікія. Вакол рота 8 або 10 шчупальцаў («рук»), якія з’яўляюцца часткай змененай і перамешчанай на галаву нагі (адсюль назва). Канечнасці з прысоскамі. Тулава ўкрыта мантыяй. Каля шчылінападобнага ўваходу ў мантыйную поласць ёсць мускульны орган — канічная лейка — відазмененая частка нагі. Вада з мантыйнай поласці з сілай выкідваецца праз лейку, і галаваногія малюскі рухаюцца па прынцыпе ракеты заднім канцом цела наперад. Ракавіна рэдукаваная або адсутнічае (за выключэннем караблікаў). Драпежнікі, бента- і планктафагі. Раздзельнаполыя. З дапамогай своеасабліва змененай рукі (гектакатыля) самец пераносіць капсулы (сперматафоры) з палавымі прадуктамі ў мантыйную поласць самкі. Звычайна размнажаюцца раз у жыцці, потым гінуць. Яйцы вялікія, самка прымацоўвае іх да падводных прадметаў. Ёсць чарнільны мяшок, здольны хутка мяняць афарбоўку цела (ахоўная рэакцыя). Часта маюць органы свячэння. Аб’екты промыслу, фармацэўтычная сыравіна.

Галаваногія малюскі: 1 — росія; 2 — сепія; 3 — арганаўт (а — самка, б — самец).

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)