Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРТЫ́Ш—КАРАГАНДА́ КАНА́Л,
арашальна-абвадняльны канал у Казахстане. Пачынаецца з р. Іртыш паблізу г. Ярмак, даходзіць да Карагандзінскага прамысл. раёна. Пабудаваны ў 1962—74. Даўж. 458 км, прапускная здольнасць вады 75 м³/с. 11 гідравузлоў, 2 вадасховішчы, 22 помпавыя станцыі. Выкарыстоўваецца для арашэння; забяспечвае вадой гарады Экібастуз, Караганда, Тэміртау.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРА́,
рака ў Казахстане. Даўж. 978 км, пл. басейна 60,8 тыс.км². Цячэ ў межах Казахскага драбнасопачніка. Упадае ў бяссцёкавае воз. Тэнгіз. Сярэдні расход вады за 369 км ад вусця 19,5 м³/с. Летам у верхнім цячэнні перасыхае, зімой прамярзае. На Н. — вадасховішчы Самаркандскае (для водазабеспячэння гарадоў Караганда і Тэміртау) і Самарскае (для ліманнага арашэння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСТА́ФІН (Габідэн) (26.11.1902, с. Сарцюбе Карагандзінскай вобл., Казахстан — 20.1.1985),
казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1984). Чл.-кар.АН Казахстана (1958). Друкаваўся з 1927. Кн. апавяданняў і нарысаў «Ер Шойын» (1929), раманы «Шыганак» (1945), «Мільянер» (1948), «Пасля буры» (1959) пра сац. перамены ў жыцці каз. народа ў 1920—30-я г. Пачынальнік індустрыяльнай тэмы ў каз. л-ры: раманы «Жыццё або смерць» (1941), «Караганда» (1952) і інш., адметных сюжэтнай шматпланавасцю, псіхал. глыбінёй. Аўтар аўтабіягр. рамана «Сведка» (ч. 1, 1963), кн. нарысаў і артыкулаў «Напевы думкі» (1974, Дзярж. прэмія Казахстана 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРТЫ́Ш,
рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Об. Даўж. 4248 км, пл. бас, 1643 тыс.км². Бярэ пачатак у гарах Мангольскага Алтая на тэр. Кітая (Чорны І.). У вярхоўях горная рака. Ад воз. Зайсан да г. Усць-Каменагорск зарэгулявана вадасховішчамі Бухтармінскай і Усць-Каменагорскай ГЭС. Ніжэй г. Сяміпалацінск да вусця цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне. Рэчышча няўстойлівае, шмат пясчаных перакатаў, ніжэй г. Омск утварае вял. лукавіны. Даліна шырокая (да 20 км, каля вусця да 35 км). Гал. прытокі: Ішым, Вагай, Табол, Конда (злева), Ом, Тара, Дзям’янка (справа). Жыўленне мяшанае. Ледастаў з ліст. да красавіка. Разводдзе ў ніжнім цячэнні з мая да вер., у верхнім — з крас. да кастрычніка. Сярэдні расход вады каля Табольска 2150 м³/с, у вусці — 2830 м³/с. Суднаходная на 3784 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння, арашэння, жывіць Іртыш—Караганда канал, Шульбінскае вадасховішча. Багаты рыбай (нельма, шчупак, акунь, асетр, сцерлядзь і інш.). Асн. гарады і парты: Усць-Каменагорск, Сяміпалацінск, Паўладар, Омск, Табольск, Ханты-Мансійск.