Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГА́НА (Caragana),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны ва Усх. Еўропе і Азіі. Растуць у стэпах, пустынях, гарах. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН інтрадукаваны 15 відаў і форм, з іх у зялёным буд-ве выкарыстоўваюць К. дрэвападобную, або жоўтую акацыю (C. arborescens), і кустовую дзеразу, ці чылігу (C. frutex), якія маюць шмат разнавіднасцей і форм.
Лістападныя кусты або невял. дрэвы выш. ад 20 см да 5—7 м. Лісце чаргаванае, парнаперыстаскладанае. Чаранкі і прылісткі некат. відаў відазменены ў калючкі. Кветкі двухполыя, адзіночныя або ў пучках па 2—5, жоўтыя, рэдка белыя ці ружовыя. Плод — струк, пры выспяванні растрэскваецца. Лек., меданосныя, тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСАКЕЛЬМЕ́С,
запаведнік ў Казахстане, у Кзыл-Ардзінскай вобл., на в-ве Барсакельмес у Аральскім м.Засн. ў 1939 з мэтай аховы і вывучэння асаблівасцяў прыроднага комплексу глініста-саланчаковых пустыняў, даследавання развіцця працэсаў у ізаляваных, астраўных біягеацэнозах. Пл. больш за 18 тыс.га.
Усяго зарэгістравана 257 відаў кветкавых раслін. Каля палавіны прыпадае на эфемеры і эфемероіды. Сярод прадстаўнікоў палын шэразёмны, пырнік пустынны, 6 відаў кавылёў, чорны і белы саксаулы, тамарыск, карагана, рэвень татарскі, герань, адоніс і інш. Ізаляваная фауна прадстаўлена 13 відамі млекакормячых, 202 — птушак, 8 — паўзуноў, 1 від земнаводных (зялёная рапуха). Сярод звяроў рэдкія віды — кулан і джэйран, сайгак; сярод птушак — драфа-красуня; шмат малых і шэрых жаваранкаў, каменак, аўсянак; з драпежных гняздуецца звычайная пустальга; сярод рэптылій пануе такырная круглагалоўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́ЦЫЯ (Acacia),
род раслін сям. бабовых. 750—800 відаў, пашыраны ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў, большасць расце ў Аўстраліі (выява акацыі — нац. эмблема), дзе яны, як і ў Афрыцы, істотны элемент саванны. У бат. садах і парках Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа ў 19 ст. акліматызавана каля 10 відаў. Найб. вядомыя: акацыя серабрыстая (acacia dealbata), якую вырошчваюць як дэкар. расліну (т.зв.мімоза); акацыя белая, або псеўдаакацыя (Robinia pseudoacacia) з роду рабінія; акацыя жоўтая, або караганнік дрэвападобны (Caragana arborescens) з роду карагана. На Беларусі як дэкар. расліны вырошчваюць апошнія 2 віды.
Пераважна вечназялёныя дрэвы, кусты, зрэдку травы. Кветкі жоўтыя або белыя, дробныя. Плод — боб. З шэрагу відаў атрымліваюць дубільныя рэчывы і гуміарабік.