МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў 1976 з выпускнікоў Магілёўскага культ.-асв. вучылішча і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Адкрыўся 23.5.1977 спектаклем «Тыграня Петрык» Г.​Янушэўскай і Я.​Вількоўскага. Т-р вядзе пошукі адмысловага рэпертуару і арыгінальнага яго ўвасаблення, новых сродкаў сцэн. выразнасці, забытых і страчаных форм гіст. т-ра і адраджэннем іх у спалучэнні з авангарднымі навацыямі сучаснага т-ра. У пастаноўках прытрымліваецца калажна-эклектычнай формы, спалучаючы ў адным спектаклі лялькі розных сістэм, работу акцёраў у жывым плане. У рэпертуары т-ра пастаноўкі для дзяцей: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Рыгорка — ясная зорка» А.​Вярцінскага (прыз за адраджэнне традыцый бел. батлейкі, 1990), «Піліпка і Ведзьма» С.​Кавалёва, «Вясёлы цырк» Ан.Ляляўскага, «Андрэй за ўсіх мудрэй» Э.​Брука і А.​Гурчанкова, «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.​Мілна, «Русалачка» паводле Х.​К.​Андэрсена, «Міо, мой Міо!..» А.​Ліндгрэн, «Казка пра трох парсючкоў» Л.ЛІ, міні-опера «Чырвоны каптурок» паводле Ш.​Перо; для дарослых: «Гарбата на дваіх» А.​Жугжды, «Трыстан і Ізольда» Ал.Ляляўскага і М.​Кандрусевіч паводле сярэдневяковага твора, «Зязюлька» У.​Граўцова, «Маленькі прынц» паводле А. дэ Сент-Экзюперы, «Дракон» Я.​Шварца, «Трагедыя аб Макбеце» паводле У.​Шэкспіра і інш. Гал. рэжысёры: М.​Кулага (1976—77), Л.​Быкаў (1977), Ф.​Шавякоў (1978—81), Ал.Ляляўскі (1982—86), Жугжда (з 1988, з 1996 маст. кіраўнік); гал. мастакі: Быкаў (1977—82), Л.​Мікіна (1992—98).

Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Гарбата на дваіх» А.​Жугжды.
Магілёўскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Рыгорка — ясная зорка» А.​Вярцінскага.

т. 9, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)