МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Валерый Уладзіміравіч) (16.3.1923, г. Ішым Цюменскай вобл., Расія — 16.2.1997),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1940—43). Апавяданні і аповесці «Гусяня трэцяга сорту» (1960), «Баранкін, будзь чалавекам!» (1962; аднайм. мультфільм 1963), «Воўка Вяснушкін ў краіне завадных чалавечкаў» (1964), «Працяжнік — працяжнік — кропка» (1965), раман «Вясельны марш» (1974), п’есы «Жах-жах — жахлівая гісторыя» (1966), «Двайнік чэмпіёна» (1978) і інш. пра жыццё дзяцей і падлеткаў, іх маральнае фарміраванне, юнацкае каханне і сяброўства. Аўтар вершаў, казак, інтэрмедый, клаунад, сцэнарыяў маст. і мультыплікацыйных фільмаў і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя Н.К.Крупскай 1983.
Тв.:
Свадебный марш: Избр. М., 1983;
Баранкин, будь человеком: Повести. Мн., 1989;
Капитан Соври-голова: Повести. М., 1990.
т. 11, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТКЕ (Фёдар Пятровіч) (28.9.1797, С.-Пецярбург — 20.8.1882),
расійскі географ, мараплавец, даследчык Арктыкі. Ганаровы чл. (1855, чл.-кар. 1829) Пецярбургскай АН; з 1864 яе прэзідэнт. Адмірал (1855). У 1817—19 удзельнік кругасветнага плавання В.М.Галаўніна. У 1826—29 кіраваў кругасветнай экспедыцыяй на шлюпе «Сянявін»; апісаў зах. ўзбярэжжа Берынгава м., астравы Прыбылова, Банін, Каралінскі архіпелаг, дзе адкрыў 12 астравоў. Адзін з арганізатараў і -кіраўнік (у 1845—50, 1857—72) Рускага геагр. т-ва. Яго імем названы шэраг астравоў, мыс, заліў, паўвостраў, праліў, цячэнне ў Паўн. Ледавітым і Ціхім ак. і інш.
Тв.:
Путешествие вокруг света на военном шлюпе «Сенявин», 1826—1829. 2 изд. М., 1948.
Літ.:
Марич М. Жизнь и плавание флота капитан-лейтенанта Федора Литке. М.; Л., 1949.
т. 9, с. 314
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКЕРЫ́Я (Jacquerie),
антыфеадальнае сял. паўстанне ў Францыі ў маі—чэрв. 1358. Выклікана масавым разарэннем сялян у час Стогадовай вайны 1337—1453. Непасрэднай прычынай паўстання было ўвядзенне вясной 1358 дадатковай паншчыны для аднаўлення разбураных вайной замкаў і крэпасцей. Пачалося 28 мая ў мяст. Сен-Лё-д’Эсеран (вобл. Бавезі) і хутка ахапіла Пн Францыі (удзельнічала 100 тыс. чал.). Адным з яго кіраўнікоў быў Гільём Каль, які спрабаваў дысцыплінаваць сял. войска і заручыцца падтрымкай гарадоў, асабліва Парыжа. Паўстаўшыя сяляне (жакі) знішчалі, рабавалі маёмасць дваран, разбуралі іх замкі, маёнткі. Супраць іх выступіў кароль Навары Карл Злы на чале 1 тыс. чал. 10 чэрв. каля Клермона войска жакаў (каля 6600 чал.) было разгромлена. Запрошаны перад бітвай Карлам Злым на перагаворы Каль быў схоплены і пакараны смерцю ў Клермоне. Паводле афіц. хронікі, да 24 чэрв. знішчана каля 20 тыс. сялян. 10.8.1358 абвешчана агульная амністыя.
Літ.:
Семенов В.Ф. Жакерия. Л., 1958;
Басовская Н.И. Капитан жаков // И живы памятью столетий. Мн., 1987.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 6, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)