Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭ́СІЯ (ад лац. concessio дазвол, уступка),
1) дагавор (пагадненне) на перадачу дзяржавай або мясц. органамі ўлады ў эксплуатацыю прыватным прадпрымальнікам, замежным фірмам або інш. юрыд. асобам прамысл. прадпрыемстваў, участкаў зямлі з правам здабычы карысных выкапняў, буд-ва розных аб’ектаў з мэтай развіцця або аднаўлення нац. эканомікі ці асваення прыродных багаццяў; само прадпрыемства, арганізаванае на аснове такога дагавору. У К. прадугледжваецца памер і парадак налічэння арэнднай платы, абавязацельствы канцэсіянера (фіз. або юрыд. асобы, якія атрымалі К.) па ахове і аднаўленні навакольнага асяроддзя, парадак найму работнікаў і інш. 2) Ўзнагарода, якую атрымліваюць банкі за арганізацыю продажу нанава выпушчаных каштоўных папер.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ імя Ф.Скарыны, навучальная ўстанова сярэдняга тыпу, гуманітарнага кірунку. Існавала ў мяст. Радашковічы ў 1922—28. Засн. Радашковіцкім таварыствам беларускай шкалы (ТБШ) па ініцыятыве А.Уласава і П.Крачкоўскага. У пач. 1922 атрымана канцэсія на ўтрыманне гімназіі. Дырэктарамі гімназіі былі Ф.Абрантовіч, А.Вернікоўскі, Ф.Стацкевіч. Выкладчыкамі ў розны час працавалі Я.Гаўрылік, В.Гаянкоў, С.Кароль, А.Крачкоўскі, М.Ласковіч, Л.Ліманоўская, Б.Тарашкевіч, І.Цішкевіч і інш. У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/26 навуч. г. ў 1—7-м і падрыхтоўчым класах займалася 150 вучняў. Быў інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашковіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе бел. культуры. З ліст. 1923 вучні пастаянна ладзілі тэатр. прадстаўленні, выдавалі рукапісныя часопісы «Да сонца!» і «Гудок». На базе гімназіі ў час летніх канікул у 1926/27 і 1927/28 навуч. г. праводзіліся курсы для настаўнікаў бел. пач. школ. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. у Зах. Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў педагогаў і вучняў гімназіі, што стала падставай для закрыцця яе ў вер. 1928 па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небяспекі публічнага спакою». Большасць навучэнцаў гімназіі прадоўжылі вучобу за мяжой, у БССР; некат. скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі. Пэўны час у гэтай гімназіі вучыўся бел. паэт Максім Танк.
Я.Ліс.
т. 13, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)