КАНСО́ЛЬНЫЯ СІСТЭ́МЫ ў будаўнічай механіцы,

сістэмы (нясучыя канструкцыі), асноўныя элементы якіх маюць часткі (кансолі), што выступаюць за апоры. Адрозніваюць кансольна-бэлечныя (напр., кансольныя і кансольна-шарнірныя бэлькі) і кансольна-арачныя (кансольна-шарнірныя аркі, кансольна-арачныя фермы). Бываюць адна- і шматпралётныя (з шарнірным злучэннем частак). Найб. эфектыўныя шматпралётныя кансольна-бэлечныя сістэмы. К.с. выкарыстоўваюцца пераважана ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТА (італьян. voluta завіток, спіраль) у архітэктуры, матыў у форме спіралепадобнага завітка з кружком («вочкам») у цэнтры; ч. іанічнай капітэлі. Уваходзіць і ў кампазіцыю карынфскай і кампазітнай капітэляў. У асобных выпадках форму валюты маюць арх. дэталі для сувязі ч. будынка, а таксама кансолі карнізаў, упрыгожанні парталаў, дзвярэй, вокнаў і інш. Выкарыстоўвалася з часоў позняга Адраджэння і ў барока.

Валюты іанічнай капітэлі ў Гомельскім палацы. 19 ст.
Валюты франтона калегіума езуітаў у Пінску.

т. 3, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́НТ у архітэктуры,

арнаментальна-дэкаратыўны элемент аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў і збудаванняў у выглядзе аканта (расліна, пашыраная ў Міжземнамор’і). Вядомы з антычнасці. Характэрны для зах.-еўрап., у т. л. беларускай, архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму. Арнамент з асобных зубчастых лістоў аканта аздабляў кансолі і дэнтыкулы, з сабраных у пучок у форме чашы — карынфскія і кампазітныя капітэлі; бягучы бесперапынны арнамент з аканта выкарыстоўваўся ў фрызах, спіралепадобны — у круглых разетках і медальёнах.

Матыў аканта ў аздабленні інтэр’ера касцёла ў в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАН (галанд. kraan),

1) запорны клапан, у рухомай дэталі якога ёсць адтуліна для прапускання патоку вадкасці або газу. Бываюць прахадныя (з прамалінейным рухам патоку), вуглавыя (з адхіленнем патоку на 90°) і троххадовыя (з адвольным злучэннем трох трубаправодаў). К. наз. таксама трубаправодны вентыль.

2) Прыстасаванне, з дапамогай якога кіруюць пнеўматычнымі тармазамі поезда. Устанаўліваецца ў кабіне машыніста (у вагонах ёсць стоп-К.).

3) Агульная назва машын для падымання і пераносу грузаў на адлегласць вылету стралы або кансолі (гл. Пад’ёмны кран).

Прахадны кран з прамалінейным рухам вадкасці.

т. 8, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́НФСКІ О́РДЭР,

адзін з трох асн. грэчаскіх арх. ордэраў. Склаўся ў 2-й пал. 5 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі (карынфская калона ў храме Апалона ў Басах на Пелапанесе, каля 430 да н.э.) як больш насычаны дэкорам варыянт іанічнага ордэра. Вызначаецца высокай капітэллю, упрыгожанай стылізаванымі лістамі аканта і завіткамі; мадульёны або больш развітыя кансолі пад увянчальнай плітой карніза замяняюцца дэнтыкуламі або выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з імі. Ад інш. ордэраў адрозніваецца большай лёгкасцю прапорцый, насычанасцю дэкорам. Атрымаў пашырэнне ў архітэктуры элінізму і асабліва Стараж. Рыма. На Беларусі быў пашыраны ў архітэктуры класіцызму з характэрнай для бел. дойлідства гладкай паверхняй ствала калоны. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры 1950-х г.

В.​Ф.​Валошын.

Карынфскі ордэр.

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙТ ((Wright) Франк Лойд) (8.6.1869, г. Рычленд-Сентэр, ЗША — 9.4.1959),

амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; заснавальнік арганічнай архітэктуры. У 1886 наведваў ун-т Вісконсіна. У 1887—93 Працаваў у Чыкага ў Л.Г.Салівена, у 1916—20 у Японіі. Пабудаваў серыю загарадных дамоў-асабнякоў — т.зв. дамоў прэрый (дамы Уілітса ў Хайленд-Парку, штат Ілінойс, 1902, Робі ў Чыкага, 1909), у якіх пад уплывам яп. архітэктуры здзейсніў ідэю адзінай сістэмы «перацякаючых» унутр. прастор. Гэта ідэя ўвасобілася і ў буйных пабудовах Р. (будынак фірмы «Ларкін» у г. Буфала, 1904—05; атэль «Імперыял» у Токіо, 1916—22; не захаваліся). У 1930-я г. тэарэтычна абгрунтаваў ролю архітэктуры як звяна, што знаходзіцца паміж прыродай і чалавекам. Праграмным творам стаў дом Э.​Каўфмана («Дом над вадаспадам» у Бер-Ране,1936), дзе смела вынесеныя кансолі працягваюць уступы скал над ручаём. У шэрагу збудаванняў імкнуўся адысці ад прынцыпу прамавугольнасці і арганізаваць арх. прастору на аснове вуглоў у 60 і 120 градусаў, круга і спіралі («дом-соты» — дом П.​Р.​Ханы ў г. Пала-Альта, 1937). Абапіраючыся на аналогіі з прыроднымі формамі, стварыў «дрэвападобныя» структуры вышынных будынкаў з бетоннымі «стваламі» і адыходзячымі ад іх «галінамі» — кансольнымі перакрыццямі: адм. будынак (1937—39) і вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін (1949—50), «Вежа Прайса» ў г. Бартлсвіл (1956). У будынку Музея Саламона Р.​Гугенгайма ў Нью-Йорку (1956—59) гал. аб’ём утвораны спіральным пандусам, які ахоплівае светлавы дворык, перакрыты празрыстым купалам. Творчасць Р. ўтварае прамую сувязь паміж арх. ідэямі канца 19 ст. і дасягненнямі архітэктуры 20 ст. Як тэарэтык дэзурбанізму і заснавальнік сучаснага рацыяналізму Р. імкнуўся выкарыстаць прынцыпы арган. архітэктуры для гуманізацыі чалавечага існавання. Іл. гл. таксама да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі.

Тв.:

Рус. пер. — Будущее архитектуры. М., 1960.

Літ.:

Гольдштейн А.Ф. Ф.​Л.​Райт. М., 1973.

С.​А.​Сергачоў.

Ф.Л.Райт.
Ф.Л.Райт. Вежа лабараторыі кампаніі «Джонсан» у г. Расін. 1949—50.

т. 13, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)