КАНО́,

школа японскага дэкар. жывапісу. Засн. ў 2-й пал. 15 ст. мастакамі дынастыі Кано (адсюль назва) на традыцыях кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу перыяду Паўд. Сун і яп. паліхромнай школы Тоса, якая развівала традыц. жывапіс ямата-э. Творы К. выконвалі ў жанры пейзажа на скрутках, шырмах, перасоўных перагародках, рабілі насценныя размалёўкі і інш.; ім уласціва спалучэнне агульнай умоўна-дэкар. трактоўкі кампазіцыі (плоскасныя формы, дакладна прамаляваныя контуры) з падкрэслена праўдападобнымі выявамі асобных матываў (птушак, галін дрэў і інш.), вылучэнне гал. буйнога кампазіцыйнага цэнтра, экспрэсіўная эмацыянальнасць выяў. Сярод прадстаўнікоў школы: Кано Масанобу, Кано Матанобу (заснавальнікі), Кано Эйтоку, Кано Санраку, Кано Міцунобу і інш. У 17—20 ст. жывапіс К. стаў, па сутнасці, паўторам старых узораў.

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Кано. Кано Эйтоку. Арол на хвоі. Дэталь размалёўкі шырмы. Канец 16 ст.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́Н (сапр. Агата Карын; 1653 або 1658, г. Кіёта, Японія — 1743 або 2.6.1716),

японскі жывапісец, каліграф, майстар маст. лаку, кераміст. Вучыўся жывапісу ў свайго бацькі Агата Сакэн, у Кано Ясунобу і Кано Цунэнобу. Заснавальнік яп. дэкар. школы жывапісу, т. зв. школа Сатацу-Карын. Працаваў у жанрах «кветкі-птушкі», «людзі». Жывапісным творам уласцівы тонкае адчуванне прыгажосці свету, буйныя маштабы выяў, насычанасць каларыту, лёгкасць і раскаванасць манеры пісьма: скруткі «Партрэт Накамура Куранасукэ» (1704), «Азалія каля ручая», «Восеньскія кветкі», «Любаванне касачамі»; парныя шырмы «Квітненне белай і чырвонай слівы» (каля 1710), «36 праслаўленых паэтаў», «Касачы», «Паўліны і мальвы». Размалёўваў вееры, блюды, шкатулкі для пісьмовых прылад і інш.

Карын. Дэталь размалёўкі шырмы «Паўліны і мальвы». Пач. 18 ст.

т. 8, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮДО́ (ад яп. дзю мяккасць + до шлях),

японская нац. барацьба (у кімано са свабодным поясам, без абутку). Пры барацьбе стоячы барцы імкнуцца з дапамогай падножак, падсечак, кідкоў і інш. прыёмаў кінуць адзін аднаго на татамі (спец. цыновачная мата), пры барацьбе лежачы — утрымаць праціўніка прыціснутым спінай да татамі або з дапамогай болевых прыёмаў і задушлівых захватаў прымусіць яго прызнаць сябе пераможаным. Схваткі праводзяцца ў 8 вагавых катэгорыях (жанчыны — 48, 52, 61, 66, 72, больш за 72 кг і абсалютная; мужчыны — 60, 65, 71, 78, 86, 95, больш за 95 кг і абсалютная) і працягваюцца 4 мін для жанчын і 5 мін для мужчын.

Дз. створана ў канцы 19 ст. праф. Д.​Кано, які сістэматызаваў і палепшыў тэхніку джыуджыцу (без элементаў, што пагражалі жыццю і здароўю барцоў) і ўвёў шмат новых, створаных ім самім. З канца 19 — пач. 20 ст. Дз. пашырылася ў шэрагу краін Еўропы, Азіі, Амерыкі У 1956 створана Міжнар. федэрацыя Дз. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1956, чэмпіянаты Еўропы — з 1951. З 1964 Дз. — алімпійская дысцыпліна (перапынак у 1968).

На Беларусі развіваецца з 1974, у 1977 створана рэсп. федэрацыя. Сярод бел. дзюдаістаў чэмпіён Еўропы (1983, 1984, 1985), уладальнік Кубка свету (1984, 1986), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1985) В.​Пясняк, чэмпіён Еўропы (1997) Р.​Мамедаў, бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы (1995) Н.​Багіраў, прызёры чэмпіянату Еўропы 1977 А.​Карыцкая і Т.​Масквіна. Зборная каманда Беларусі сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1994).

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)