ГЛЕБ УСЕ́ВАЛАДАВІЧ (1120-я г. — пасля 1173),
гродзенскі князь, сын кн. Усевалада Давыдавіча. Разам з братам Барысам Усеваладавічам атрымаў у спадчыну Гродзенскае княства, падпарадкаванае кіеўскаму кн. Усеваладу Ольгавічу. У 1144 з братам удзельнічаў у паходзе кіеўскага князя на галіцкага Уладзіміра Валадаравіча. У 1166 з дружынай па загадзе кіеўскага князя ахоўваў ад полаўцаў купецкія караваны (каля Канева), у 1167 і 1170 дапамагаў Мсціславу Ізяславічу, а ў 1173 з полацкімі, тураўскімі і пінскімі князямі і братам Мсціславам — Андрэю Багалюбскаму ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі пасад.
А.П.Госцеў.
т. 5, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦІН (Леанід Аляксандравіч) (14.5.1896, г. Разань, Расія — 20.10.1942),
расійскі мастак тэатра, жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у прыватных студыях у Э.Ліснера, А.Ленскага, скульптара А.Бяссмертнага. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1922). З 1920 працаваў у тэатр. сектары Пралеткульта, дзе з С.Эйзенштэйнам аформіў спектаклі «Мексіканец» паводле Дж.Лондана, «Лена» В.Плятнёва, «Зоры Пралеткульта» В.Ігнатава. У 1924—26 кіраўнік курса гісторыі мастацтваў ў Бел. драм студыі ў Маскве. Аформіў спектаклі студыі «Цар Максімілян» у апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча (1924), «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Гавань» Гі дэ Мапасана, «Пільны вартавы» М.Сервантэса, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (усе 1925), «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «У мінулы час» І.Бэна (абодва 1926); у БДТ-2 — «Эрас і Псіхея» Жулаўскага (1926), «Дуброўскі» паводле А.Пушкіна, «Банкір» А.Карнейчука (абодва 1937). Аўтар афармлення «Вечара бел. танца і песні» (пастаноўка А.Лашчыліна, 1925) у Вял. т-ры. Пісаў партрэты (Бяссмертнага, жонкі, сына), пейзажы («Стары Віцебск», «Дняпро каля Канева» і інш.). Працаваў у кніжнай і прамысл. графіцы.
Літ.:
Никитина В.Р. Дом окнами на закат: Воспоминания. М.,1996.
А.Л.Нікіцін.
т. 11, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)