канвой

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІЦЫ́ЗМ

(франц. gallicisme ад лац. gallicus гальскі),

слова ці выраз, якія перайшлі ў бел. мову з французскай як запазычанні, у т. л. ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтаксічных ка́лек. Большасць галіцызмаў пранікла ў бел. мову праз рус. або польскую. Для старабел. перыяду характэрны франц. словы, якія замацаваліся ў выніку польскага лексічнага ўздзеяння. Яны адлюстраваліся ў пісьмовых помніках 2-й пал. 16—17 ст., калі польскі ўплыў на бел. мову быў найб. моцны (напр., «візіт», «канвой», «парфума», «пашпорт», «сервета»). Асабліва адчувальны франц. лексічны струмень у старабел. ваен. лексіцы: «бандолеть», «дракгун», «карабин», «мушкет», «пистолет», «форт» і інш. Большасць старых галіцызмаў захавалася да нашага часу. У пач. 18 ст. лексемы франц. паходжання траплялі ў бел. мову праз пасрэдніцтва рускай («гринадер», «сержант»).

А.М.Булыка.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗКІН Рыгор Саламонавіч

(3.7.1918, Магілёў — 1.12.1981),

бел. крытык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1936—38). Друкаваўся з 1935. У крас. 1941 арыштаваны. Калі 26.6.1941 калону арыштаваных кінуў канвой, вярнуўся ў Магілёў, папрасіўся на фронт. Ваяваў да канца вайны. Паўторна арыштаваны ў 1949, да 1955 у лагерах Карагандзінскай і Омскай абласцей. Рэабілітаваны ў 1956. Працаваў у рэдакцыях літ. перыяд. выданняў, у 1970—75 у рэдакцыі бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Даследаваў пераважна паэзію, пытанні культуры творчасці, майстэрства творчых індывідуальнасцей («Паэзія праўды», 1958; «Спадарожніца часу», 1961; «Пімен Панчанка», 1968; «Постаці», 1971; «Аркадзь Куляшоў», 1978). У кн. «Свет Купалы» (1965), «Чалавек на досвітку» (1970, на рус. мове), «Звенні» (1976) даследаваў спадчыну Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, узаемадзеянне бел. і рус. літаратур.

Тв.:

Кніга пра паэзію. Мн., 1974;

Свет Купалы;

Звенні. Мн., 1981;

Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.Багдановіча. Мн., 1986;

Паэзія — маё жыццё. Мн., 1989.

Літ.:

Клышко А. Мастерство критика // Дружба народов. 1960. № 1;Адамовіч А. Талент крытыка // Полымя. 1962. № 6; Каваленка В. Крытык і паэт // Там жа. 1969. № 5; Лойко О. Открытие поэта // Вопр. лит. 1967. № 3; Бечик В.В. В неразрывном единстве // Неман. 1978. № 6.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)