Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРА́ДНА»
(«Zaradna», з 1941 «Беларус»),
рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая ўдзельнічала ў абарончых баях на Беларусі і Паўн. Украіне ў пач.Вял.Айч. вайны. Пабудавана ў 1933—35 у Пінску, уваходзіла ў склад Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы. Затоплена экіпажам 19.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Паднята сав. маракамі і пасля капітальнага рамонту (да 21.2.1941) перайменавана ў «Беларус», уключана ў Пінскую ваен. флатылію. Мела на ўзбраенні 2 гарматы і кулямёт, экіпаж каля 15 чал. У чэрв. — вер. 1941 вяла баі з перадавымі часцямі вермахта ў Дняпроўска-Бугскім канале, на Прыпяці, Дзясне (участак Асцёр—Жукін у Чарнігаўскай вобл.) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Далейшы лёс карабля невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДКА,
1) малое судна (вёславае, ветразевае або маторнае). Вядомая з неаліту. На Беларусі здаўна бытавалі Л., выдзеўбаныя са ствала дрэва (камяга, човен, дуб), з 2-й пал. 19 ст. дашчаныя з прамымі і разагнутымі бартамі. Спараныя Л. з дашчаным насцілам служылі паромам. Многія народы вырабляюць Л. з кары дрэў («веткі», «амарочкі» народаў Сібіры, «пірогі» лясных індзейцаў Паўн. Амерыкі і інш.), са скур марскіх жывёл («байдаркі» алеутаў, «каякі» эскімосаў). У наш час Л. пашыраны ў вяслярным спорце і турызме. Іх вырабляюць з лёгкіх метал. сплаваў, пластмас, гумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́РНЫ»,
рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая вызначылася ў пач. Вял. Айч. вайны. Пабудавана ў 1897—98. З 1919 у складзе Дняпроўскай, з 1940 — Пінскай ваен. флатыліі. Мела 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж 51 чал. 11.8.1941 на Дняпры каля с. Тарасаўка Чаркаскай вобл. (Украіна) прыкрыла пашкоджаную кананерскую лодку «Перадавы», пры прарыве да Чаркасаў знішчыла 15 ням. танкаў і некалькі артыл. батарэй. 17—19.8.1941 прарвалася ў Кіеў, 25.8.1941 адбіла налёт 9 ням. бамбардзіроўшчыкаў, але ў час наступнага бою з 18 самалётамі ворага ўзарвана і патанула на Дняпры; экіпаж загінуў.
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958. С. 50—52, 67—69.