КАМІСА́РСКІ СУД,
часовы суд у ВКЛ і Рэчы Паспалітай для разгляду зямельных прэтэнзій прыватных землеўласнікаў, манастыроў, гарадоў да трымальнікаў каралеўскіх маёнткаў. Суддзямі выступалі камісары, якіх прызначаў кароль. Судовая справа разглядалася на месцы з выклікам бакоў і сведкаў, аглядам межаў маёнтка. К.с. вызначаў межы зямельных уладанняў і пазначаў іх на мясцовасці капцамі, пра што складаўся акт. Апеляцыі на выракі К.с. падаваліся ў звычайным парадку, з 1774 — у задворны асэсарскі суд (каралеўскі трыбунал).
т. 7, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЕ́НКА (Марыя Іосіфаўна) (н. 9.7.1932, в. Дзярэчына Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. публіцыст. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). Скончыла БДУ (1956). Працавала ў рэдакцыі газ. «Магілёўская праўда», з 1972 гал. рэдактар час. «Работніца і сялянка» (з 1995 «Алеся»). Аўтар кніг публіцыстыкі «Бярозка на Манхетэне» (1975), «Кожнаму хочацца шчасця» (1977), «Горкі вецер з Гудзона», «Камісарскі сад» (абедзве 1983), «Жанчыны Беларусі» (1984) і нарысаў, прысвечаных людзям бел. зямлі. На бел. мову пераклала кнігу У.Саніна «Пункт вяртання» (1986).
т. 8, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІСА́Р (франц. commissaire ад сярэднелац. commissarius упаўнаважаны),
1) у ВКЛ член камісіі, прызначанай вял. князем, радай або сеймам для разгляду судовай справы або для выканання пэўнага даручэння (гл. Камісарскі суд).
2) Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай 1772 К. — службовая асоба, якая ўзначальвала мясц. адміністрацыю ў Пскоўскай і Магілёўскай губ. Выконваў паліцэйскія функцыі. Пры К. стваралася камісарская ўправа.
3) У СССР і БССР у 1917—46, да ўтварэння мін-ваў, назва члена ўрада (народны К.), які ўзначальваў наркамат (народны камісарыят).
4) 3 1918 у Чырв. Арміі ваенны К. — прадстаўнік кампартыі ў часцях (на караблях), установах, злучэннях. Кантраляваў дзеянні камандзіраў, займаўся паліт. і выхаваўчай дзейнасцю. Інстытут ваенных К. існаваў да 1925—28, потым у 1937—40, у Вял. Айч. вайну з 16.7.1941 да 9.10.1942. У Беларусі ваенныя К. існавалі ў партыз. фарміраваннях. Упершыню яны прызначаны 16.7.1941 Віцебскім і 23.7.1941 Палескім абкомамі КП(б)Б у тыя партыз. атрады, якія фарміраваліся на неакупіраванай тэр. рэспублікі. У тыле ворага прызначаліся падп. органамі КП(б)Б. У кастр. 1942 скасаваны (як і ў Чырв. Арміі), але ў студз. 1943 адноўлены па патрабаванні Цэнтр. штаба партыз. руху і ўказанні ЦК ВКП(б).
5) У Рэспубліцы Беларусь і некат. інш. краінах ваенны К. — асоба, што ўзначальвае ваенны камісарыят (ваенкамат), орган мясц. ваен. кіравання.
6) У некат. краінах службовая асоба з адм. або паліцэйскімі функцыямі.
т. 7, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)