Камінскі (здраднік) 8/487
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ (Дзмітрый Раманавіч) (17.8.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 23.11.1989),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Растоўскі муз. тэхнікум (1930), вучыўся ў Маскоўскім ін-це павышэння кваліфікацыі музыкантаў-педагогаў (1936—41). З 1945 у Мінску, з 1957 у Дзярж. выд-ве БССР, у 1963—66 старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР. З 1980 у Канадзе. У яго творчасці пераважае інстр. музыка, дзе сфарміраваўся адметны індывід. стыль, заснаваны на спалучэнні яскравага меладызму, сучасных сродкаў выразнасці і бел. фальклору. Значны здабытак бел. муз. культуры — канцэрты для цымбалаў, скрыпкі (№ 2), віяланчэлі, фп. (№ 1, 2, 3) з аркестрам, Рапсодыя і Фантазія на бел. тэму для фп. з арк., Сімфаньета для камернага арк. Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў, эстр. аркестра, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў («Хто смяецца апошнім», «Дзень, калі спаўняецца 30 гадоў» і інш.).
Літ.:
Ауэрбах Л. Дзмітрый Камінскі. Мн., 1970;
Бергер Л. Д.Р.Каминский М., 1971.
Т.А.Дубкова.
т. 7, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ (Сямён Давыдавіч) (1861, г. Барзна Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.5.1939),
бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Праф. (1923). Скончыў Кіеўскі ун-т (1889). З 1889 у Мінску, з 1890 чл. Т-ва мінскіх урачоў. У 1890—1920 урач-афтальмолаг, у 1923—39 заг. кафедры БДУ і Мінскага мед. ін-та. Нар. камісар аховы здароўя БССР (1920). Удзельнічаў у стварэнні вышэйшай мед. школы ў БССР. Навук. працы па вывучэнні трахомы і вочнага траўматызму. Аўтар падручнікаў па вочных хваробах.
Тв.:
Трахома. 3 выд. Мн., 1935.
т. 7, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 18.4.1950, в. Цна Мінскага р-на),
бел. спартсмен (веласпорт). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1980). Засл. майстар спорту СССР (1976). Канд. пед. н. (1992). Алімп. чэмпіён (1976, г. Манрэаль, Канада) у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км; чэмпіён свету (1977, г.
Сан-Крыстобаль, Венесуэла); сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1974, г. Манрэаль, Канада; 1975, г. Метэ, Бельгія; 1978, г. Кёльн, ФРГ), чэмпіён СССР (1976—78, 1980) у каманднай шашэйнай гонцы на 100 км. З 1980 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. З 1996 гал. трэнер нац. каманды Беларусі па веласпорце.
В.Л.Працкайла.
т. 7, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ (Іван Іларыёнавіч) (8.11.1919, в. Масоры Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 6.10.1974). Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1939. Скончыў Віцебскі аэраклуб (1939),
ваен. школу лётчыкаў у г. Энгельс (1941), Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948), ВПШ пры ЦК КПСС (1963). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах., 3-м Бел. франтах. Удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Беларусі (г. Віцебск, Орша, Магілёў, Мінск, Маладзечна), Літвы, Польшчы, баёў ва Усх. Прусіі. Ст. лейтэнант К. зрабіў 239 баявых вылетаў, сфатаграфаваў каля 27 тыс. км² варожай абароны і ваен. аб’ектаў. Да 1947 у Сав. Арміі, капітан. З 1948 на парт. і сав. рабоце ў Мінску. У в. Машканы Сенненскага р-на яму пастаўлены помнік.
т. 7, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ (Мсціслаў Адамавіч) (28.4.1839, Вількамірскі пав. Віленскай губ. — 12.11.1868),
этнограф, фалькларыст, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскай медыка-хірург. акадэміі (1860—62). Супрацоўнічаў у газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»), час. «Tygodnik Ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»), «Kłosy» («Калоссе»), «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка») і інш. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру бел., літ. і польск. народаў. У арт. «Дзяды» (1862), «Танцы насельніцтва з-пад Віліі» (1864), «Прыказкі жыхароў з-пад Віліі» (1866), «Некалькі слоў пра звычаі насельніцтва ў Мінскай губерні», абразках «Уражанні з падарожжа», «Успамін пра Пініпчыну» (усе 1867) і інш. падаў цікавыя звесткі пра побыт, абрады, звычаі, адзенне, фальклор беларусаў, літоўцаў і палякаў. Паэтычнасць бел. нар. песень адзначаў у працы «Пра паэтычныя ўяўленні літоўска-крывіцкага народа ў яго песнях» (1867).
А.Ф.Літвіновіч.
т. 7, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)