НАБО́Р у паліграфіі,

працэс вырабу тэкставай часткі друкарскай формы або фотаформы. Бывае аўтаматызаваны, механізаваны, ручны; радковаадліўны, літараадліўны, фатаграфічны, электронны (пераважна камп’ютэрны Н. з выкарыстаннем настольных выдавецкіх сістэм; гл. Наборныя працэсы). Н. наз. таксама друкарскія літары і прагальныя матэрыялы, гранкі, палосы або тэкставую наборную друкарскую форму.

т. 11, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫТА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ, «Брытаніка» (Encyclopaedia Britannica); універсальнае энцыклапедычнае выданне. Упершыню выйшла ў Эдынбургу (Вялікабрытанія; т. 1—3, 1768—71; скл. У.​Смелі), потым у Лондане. З 1929 выходзіць у Чыкага (ЗША); з пач. 1940-х г. выдаецца фірмай «Брытанская энцыклапедыя»), у Лондане захавалася рэдакцыя Брытанскай энцыклапедыі, якая папаўняе яе новымі звесткамі аб Вялікабрытаніі. Брытанская энцыклапедыя выходзіць у 32 т., складаецца з 4 частак: Індэкса, Мікрапедыі, Макрапедыі і Прапедыі. Індэкс (2 тамы) уключае 500 тыс. спасылак, па розных пытаннях. У 12 тамах Мікрапедыі — 86 тыс. кароткіх (каля 300 слоў кожны) артыкулаў, якія ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі, малюнкамі. У 17 тамах Макрапедыі — мноства вялікіх (па некалькі дзесяткаў старонак) артыкулаў пра найб. агульныя паняцці з рэестра Мікрапедыі. У канцы кожнага артыкула — падрабязная анатаваная міжнар. бібліяграфія. Аднатомная Прапедыя мае тэматычны прынцып будовы і дае магчымасць з дапамогай падрабязных планаў і шматлікіх спасылак вывучыць па тамах Брытанскай энцыклапедыі любую тэму. Поўны камплект Брытанскай энцыклапедыі кожны год перавыдаецца. З 1938 у дадатак да Брытанскай энцыклапедыі выдаецца Штогоднік, які змяшчае навіны навукі, культуры, самую апошнюю статыстыку (у амер. і англ. варыянтах). Да кожнага камплекта Беларускай энцыклапедыі дадаецца камп’ютэрны варыянт на кампакт-дыску.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАСЬНЕ́ЎСКІ ((Kwaśniewski) Аляксандр) (н. 15.11.1954, г. Бялогард, Польшча),

польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Гданьскім ун-це. У 1977—90 чл. Польскай аб’яднанай рабочай партыі. У 1977—81 нам. старшыні ваяводскага праўлення Сацыяліст. саюза польск. студэнтаў, заг. аддзела культуры і чл. выканкома Гал. савета саюза. У 1981—85 гал. рэдактар штотыднёвіка «ITD» («ІТД»), газ. «Sztandar Młodych» («Сцяг маладых»), заснаваў першы ў Польшчы камп’ютэрны часопіс для моладзі. У 1985—87 міністр па справах моладзі і спорту. Старшыня К-та па справах моладзі і фіз. культуры (1987—88), Польскага Алімп. к-та (1988—91); грамадска-паліт. к-та Савета Міністраў Польшчы (1988—89). Садзейнічаў легалізацыі прафсаюза «Салідарнасць». Адзін з заснавальнікаў (1990) партыі Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі Польшча і старшыня (1990—95) яе Гал. савета. У 1991 заснаваў Саюз дэмакратыі левых сіл (СДЛС), які пасля перамогі на парламенцкіх выбарах 1993 стаў гал. сілай урадавай кааліцыі. У 1991—95 дэп. сейма Польшчы, старшыня парламенцкай фракцыі СДЛС і Канстытуцыйнай камісіі Нац. асамблеі Польшчы. З 1995 прэзідэнт Польшчы. Выступае за міжнар. супрацоўніцтва і інтэграцыю Польшчы ў еўрап. і еўраатлантычныя паліт., эканам. і ваенныя структуры.

В.​В.​Варановіч.

А.Квасьнеўскі.

т. 8, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦТВА КНІ́ГІ,

адзіны комплекс творчай дзейнасці па праектаванні, маст. вырашэнні і паліграф. ўзнаўленні кніжнага выдання — кнігі. Сінтэт. мастацтва, якое арганічна ўключае літаратуру, маст. афармленне (гл. Кніжная графіка), паліграф. працэсы і з’яўляецца вынікам шматграннага творчага працэсу спецыялістаў рознага профілю (выдаўцоў, рэдактараў, фатографаў, мастакоў, паліграфістаў), накіраванага на высокамаст. вырашэнне кніжнага блока і знешняга выгляду кнігі, эстэт. дапасаванне яе формы і літ. зместу. Кожны з элементаў афармлення адыгрывае спецыфічную ролю ў стварэнні маст. ансамбля кнігі, што адлюстроўвае змест і форму літ. твора, нясе стылявыя рысы эпохі, твора, індывід. творчай манеры мастака. Асаблівасці задач маст. афармлення кнігі вызначаюцца спецыфікай віду л-ры (навуковая, навучальная, навукова-папулярная, маст., дзіцячая і інш.). Стварэнне кнігі ўключае этапы: выдавецкі (вызначэнне агульнай задумы, ідэі выдання, тэхнал. асаблівасцей і матэрыялаў), маст. (распрацоўка сістэмы афармлення, у т. л. стварэнне ілюстрацый, макетавання, канструкцыі выдання і інш.), вытворчы (паліграф. працэс). Творчыя вынікі М.к. разглядаюцца на перыядычных нац. і міжнар. конкурсах кнігі і выстаўках.

Вытокі М.к. ў афармленні рукапіснай кнігі, у якім пераважалі абклад, мініяцюра, малюнак, каліграфія. Як самаст. галіна мастацтва склалася ў 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Новы этап М.к. пачаўся ў 19 ст. з пераводам ручных рамесніцкіх паліграф. працэсаў на машынныя (наборная машына, лінатып, фотамеханічнае ўзнаўленне выяў) і выкарыстаннем паперы на цэлюлознай аснове. У сярэдзіне 20 ст. кардынальныя змены ў тэхніцы набору, узнаўлення ілюстрацый і друку ўнеслі сродкі электронікі і ЭВМ (камп’ютэрны дызайн і інш.). Гл. таксама Выдавецкая справа, Паліграфічная прамысловасць. Іл. гл. таксама да арт. Графіка, Кніжная графіка, Ілюстрацыя.

Літ.:

Ляхов В.Н. Искусство книги. М., 1978;

Герчук Ю.Я. Художественная структура книги. М., 1984;

Лазурский В.В. Путь к книге. М., 1985;

Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Мастацтва кнігі. Вокладка і разварот кнігі А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Мінск. 1998.
Да арт. Мастацтва кнігі. Евангелле. Рукапіс. 1-я пал. 16 ст. Беларусь—Украіна.
Да арт. Мастацтва кнігі. Замежныя выданні 15—16 ст.
Да арт. Мастацтва кнігі. Абклад напрастольнага евангелля. 16 ст.
Да арт. Мастацтва кнігі. Выданні «Беларускай Энцыклапедыі».

т. 10, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)