КАМПРЭ́САРНАЯ СТА́НЦЫЯ,

стацыянарны або перасоўны камплект агрэгатаў і прыстасаванняў для атрымання сціснутага паветра (газу). Сціснутае паветра або газ выкарыстоўваюцца як энерганосьбіт ці як сыравіна для атрымання рознай прадукцыі (напр., кіслароду з паветра, аміяку з азотна-вадароднай сумесі).

У склад стацыянарнай К.с. ўваходзяць стацыянарныя кампрэсарныя ўстаноўкі (уключаюць кампрэсары, фільтры, цеплавыя і эл. рухавікі. паветраправоды), ёмістасць для сціснутага газу, паветразаборныя і ахаладжальныя ўстаноўкі, інж. камунікацыі і інш. Перасоўныя К.с. манціруюцца на прычэпах або аўтамаб. шасі. Складаюцца з кампрэсара, рухавіка ўнутр. згарання, паветразаборніка з фільтрам, рэзервуара (рэсівера) са шлангамі для падачы сціснутага паветра спажыўцам (напр., пнеўматычным інструментам). К.с. абслугоўваюць доменныя і сталеліцейныя цэхі, машынабуд. з-ды, прадпрыемствы гарнаруднай, нафтаперапр. і хім. прам-сці, газаправоды, буд. пляцоўкі, паркі ваен. тэхнікі, караблі, інш. ваен. і грамадз. аб’екты.

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МАРГАРЫ́НАВЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1946—51 у Мінску. У 1953 уведзены ў эксплуатацыю маянэзны цэх. З 1994 адкрытае акц. т-ва. У апошнія гады праводзіцца рэканструкцыя прадпрыемства: уведзены новы 4-павярховы вытв. корпус, склад-халадзільнік, падстанцыя, халадзільна-кампрэсарная, водаачышчальныя збудаванні. Вытв. магутнасці да 9,5 тыс. т маянэзу і 33 тыс. т маргарынавай прадукцыі за год. Асн. прадукцыя (1999): маргарын, маянэз, кулінарныя тлушчы, сланечнікавы і рапсавы алей рафінаваны і дэзадараваны.

т. 10, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗЛІ́ФТ (ад газ + англ. lift падымаць),

прыстасаванне для падымання кропельнай вадкасці сціснутым газам, што змешваецца з ёй. Сціснуты кампрэсарам газ змешваецца з вадкасцю з утварэннем газавадкаснай сумесі, якая пасля пад’ёму раздзяляецца ў сепаратары. Прадукцыйнасць да 500 м³/гадз; ккдз да 36%. Выкарыстоўваецца для пад’ёму вады (на выш. да 1000 м) і нафты (да 2000 м) з буравых свідравін з дапамогай спадарожнага газу з нафтаносных пластоў (газліфт, дзе выкарыстоўваецца атм. паветра, наз. эрліфтам), а таксама розных раствораў і вадкасцей у хім. вытв-сці і інш.

Газліфт: а — кальцавы; б — цэнтральны; 1 — забой свідравіны; 2 — раздзяляльнае прыстасаванне; 3 — кампрэсарная калона; 4 — абсадная калона.

т. 4, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,

агрэгат або збудаванне для размяшчэння, перадстартавай падрыхтоўкі, навядзення (прыцэльвання) і пуску ракет. Ваен. П.ў. — састаўная частка ракетнага комплексу, касм.стартавага комплексу.

Асн. элементы П.у. — апорная аснова (платформа), станок, накіравальныя прыстасаванні і механізмы навядзення, праверачна-пускавая апаратура, тэхн. сістэмы падводу эл., пнеўматычных, паліўных і інш. камунікацый. П.ў. бываюць: нахіленага і верт. старту, наземныя (рухомыя і стацыянарныя), шахтавыя, марскія, авіяцыйныя і інш. Стацыянарныя размяшчаюцца ў незаглыбленых, паўзаглыбленых і шахтавых збудаваннях, уваходзяць у комплексы стратэгічныя, процісамалётнай, проціракетнай. процікасм. абароны і інш. Шахтавыя прызначаны для ўтрымання стратэгічных ракет, засцярогі іх ад ядз. зброі.

Наземныя размяшчаюцца на трансп. сродках высокай праходнасці, падзяляюцца на чыг. і палявыя, або грунтавыя (самаходныя, буксоўныя, вазімыя). Марскія размяшчаюцца на палубе або ў спец. адсеках (кантэйнерах) караблёў і падводных лодак; авіяц. — пад крылом і фюзеляжам самалётаў і верталётаў.

С.​Б.​Мілаванаў.

Пускавыя ўстаноўкі: а, б — нахіленага пуску і адкрытая рухомая вертыкальнага пуску (1 — аснова, 2 — станок, 3 — механізмы наводкі, 4 — накіравальная, 5 — пускавы стол); в — шахтавая для ракет «Мінітмен» (ЗША; 1 — апаратура кіравання і крыніцы электрасілкавання, 2 — люк, 3 — ахоўны дах з накрыўкай, 4 — агаловак, 5 — кампрэсарная, 6 — шахтавы ствол); г — мабільная для ракет Р-17 м «Эльбрус» (на шасі МАЗ-543А).

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАЗДАБЫ́ЧА,

працэсы здабычы нафты з нетраў і падрыхтоўкі яе да перапрацоўкі. Ажыццяўляецца праз буравыя свідравіны за кошт прыроднай энергіі пласта (унутрыпластавога ціску) і энергіі, што пэўным чынам падаецца ў свідравіну. Спосаб Н., пры якім выкарыстоўваецца энергія пласта, наз. фантанным, а спосабы, калі нафта падымаецца на паверхню за кошт энергіі, што падводзіцца звонку, наз. механізаванымі (іх разнавіднасці — кампрэсарны і помпавы спосабы).

Пры кампрэсарным, або газліфтным (гл. Газліфт). метадзе Н. ў свідравіну запампоўваюць газ, які змешваецца з нафтай і зніжае яе шчыльнасць. Дзякуючы гэтаму забойны ціск становіцца ніжэй за пластавы, а перапад ціскаў выклікае рух вадкасці з пласта да паверхні зямлі. Пры помпавым спосабе на пэўную глыбіню апускаюць штангавыя свідравінныя помпы, што прыводзяцца ў дзеянне ад станкоў-качалак (спосаб выкарыстоўваецца на большасці нафтавых радовішчаў свету), або бясштангавыя, пераважна цэнтрабежныя электрапомпы, да якіх праз свідравіны падводзяць эл. энергію. Найб. эфектыўным метадам павелічэння адбору нафты з пласта з’яўляецца падтрыманне пластавога ціску запампоўкай вады (або газу) у нафтавы пласт. Аднак метады воднага ўздзеяння на пласты не забяспечваюць поўнага здабывання геал. запасаў нафты: у нетрах яе застаецца больш палавіны, а на радовішчах вязкіх нафтаў — 85% разведаных запасаў. Для павышэння каэф. нафтааддачы (адносіны колькасці здабытай нафты да першапачатковага яе запасу ў пакладзе) выкарыстоўваюць розныя фіз. і хім. метады выціскання нафты з пласта. Напр., пры запампоўванні ў нафтавы пласт вады з дабаўкай паверхнева-актыўных рэчываў паніжаецца паверхневае нацяжэнне на мяжы нафта—вада, павялічваецца рухомасць нафты і паляпшаецца яе выцясненне вадой. Для павелічэння эфектыўнасці распрацоўкі радовішчаў з нафтамі павышанай вязкасці ўжываюць цеплавыя метады ўздзеяння на паклад: запампоўка ў пласты гарачай вады, пары і ўнутрыпластавое гарэнне. Для інтэнсіфікацыі Н. побач з уздзеяннем непасрэдна на паклад выкарыстоўваюць розныя хім., фіз. і цеплавыя спосабы ўздзеяння на прызабойную зону з мэтай паляпшэння фільтрацыйных уласцівасцей нафтавага пласта. Здабытая з нетраў нафта змяшчае спадарожны газ (50—100 м³/т), ваду (200—300 кг/т), мінер. солі (да 10—15 кг/т), мех. дамешкі. Перад транспарціроўкай і падачай на перапрацоўку газы, мех. дамешкі, асн. ч. вады і солей выдаляюць з нафты.

На Беларусі Н. пачалася ў 1964 (Рэчыцкае радовішча нафты). Пры распрацоўцы нафтавых радовішчаў шырока выкарыстоўваецца падтрыманне пластавога ціску, асн. спосаб Н. — помпавы. Гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць.

Літ.:

Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;

Технология и техника добычи нефти. М., 1986.

В.​А.​Вядзернікаў.

Схема нафтаздабычы глыбінна-помпавым спосабам: 1 — станцыя кіравання электрапрыводам; 2 — лябёдка для апускання кабелю ў свідравіну; 3 — помпава-кампрэсарная труба; 4 — апускная цэнтрабежная помпа; 5 — электрарухавік.
Да арт. Нафтаздабыча. Схема павелічэння адбору нафты з пласта: 1 — унутрыконтурным завадненнем; 2 — законтурным завадненнем.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)