ЯЦКО́ЎСКІ Ігнат (каля 1798, Навагрудчына — 1873),
бел. і польскі пісьменнік, мемуарыст. Удзельнік паўстання 1830—31. Працаваў адвакатам у Навагрудку. З 1831 у эміграцыі ў Лондане, кампаньён А.Рыпінскага па выдавецкай справе. У 1857 вярнуўся на радзіму, жыў пад наглядам паліцыі ў маёнтку Ведзьма б. Навагрудскага пав. У эміграцыі выступаў з публіцыст. артыкуламі і вершамі. У мемуарнай кн. «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (выйшла ананімна, 1-е выд., Лондан, 1854; 2-е выд., Познань, 1858) расказаў пра побыт і звычаі жыхароў Беларусі, хваляванне сялян у мяст. Крошын Навагрудскага пав. ў 1828, пра бел. паэта П.Багрыма (упершыню апубл. яго верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...»). Аўтар публіцыст. кніг «Палітычныя творы» (Лондан, 1853), «Трохгадовае прабыванне на Усходзе» (Лондан, 1857).
Літ.:
Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977.
Г.В.Кісялёў.
т. 18, кн. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)