КАМПАНЕ́ЛА ((Campanella) Джавані Дамініка) (манаскае Тамаза; 5.9.1568, г. Стыла, Італія — 21.5.1639),
італьянскі філосаф, паліт. дзеяч. У сваёй першай кн. «Філасофія, даказаная адчуваннямі» (1591) адмаўляў схаластычную традыцыю, перыпатэтычную артадоксію і абараняў натурфіласофію Б.Тэлезіо. Быў абвінавачаны ў ерасі, зняволены. У 1599 за вальнадумства і арганізацыю змовы супраць ісп. панавання засуджаны да пажыццёвага зняволення. У 1629 апраўданы, пераехаў у Францыю.
К. — аўтар мноства твораў па філасофіі, палітыцы, астраноміі, медыцыне, у т. л.камуніст. утопіі «Горад Сонца» (1602, апубл. ў 1623). Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі»: прырода, якую пазнае навука і філасофія; св. пісанне (спасцігаецца свядомасцю чалавека), сугучнае з канцэпцыяй «дзвюх ісцін» Ібн Рушда. Сцвярджаў, што паміж гэтымі кнігамі не існуе супярэчнасцей і такім чынам пацвярджаў незалежнасць навукі і філасофіі ад рэлігіі. Прызнаваў рэальнае існаванне матэрыі; асновай быцця лічыў не ідэальную форму, а матэрыю. Гал. атрыбут быцця — моц, мудрасць і любоў. Адстойваў прынцып самаруху ў прыродзе, выказаў ідэю пра ўсеагульную адушаўлёнасць прыроды і пра здольнасць усякай рэчы да адчування. Адначасова прызнаваў першую Мудрасць і першы Розум, г. зн. сыходзіў на пазіцыі тэалогіі. К. — праціўнік абстрактнага тэарэтызавання, выступаў за доследнае пазнанне і за падпарадкаванне пазнання чалавечай практыцы. Пісаў канцоны, мадрыгалы, санеты.
Тв.:
Рус.пер. — Город Солнца. М., 1954.
Літ.:
Львов С.Л. Гражданин Города Солнца: Повесть о Томмазо Кампанелле. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кампанела Дж. Д. (Тамаза) 1/125, 126; 5/107, 313; 6/281; 7/366; 10/515
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЯВЕЛІ́ЗМ,
філасофія прыхільнікаў тэарэт. спадчыны Н.Макіявелі. Тэрмін вядомы з 16 ст. (Т.Кампанела і інш.), азначаў палітыку, якая пагарджае законамі маралі. Ахоплівае асобныя палажэнні вучэння Макіявелі, іх інтэрпрэтацыі, увасабленні і распрацоўкі ў творах вучоных з улікам запатрабаванняў дзярж. палітыкі, а таксама ідэйныя абгрунтаванні пэўнай сістэмы прыёмаў і метадаў рэалізацыі гэтай палітыкі. Ідэйны змест М. раскрываецца ў яго асн. палажэннях: аб недасканаласці чалавечай прыроды, што мае вырашальны ўплыў на паліт. жыццё грамадства; вяршэнстве дзяржавы і яе інтарэсаў адносна грамадзян і іх правоў; аб гал. ролі фактару сілы ў палітыцы і звядзенні яе да барацьбы за ўладу; аб падзеле палітыкі і маралі, што выражаецца ў формуле «дасягненне мэты апраўдвае любыя сродкі».
Літ.:
Степанов И.А. Макиавеллизм и политическая мысль США. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФУЗО́РЫІ (Infusoria, або Ciliophora),
тып высокаарганізаваных прасцейшых. 2 класы: раснічныя і сысучыя, больш за 1100 родаў, каля 7000 відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і прэсных вадаёмах, некат. віды — у глебе і імхах.
Памеры ад 10 мкм да 3 мм. Форма цела разнастайная. Бываюць рухомыя і прымацаваныя, адзінкавыя і каланіяльныя арганізмы. Цела ўкрыта радамі раснічак, ёсць клетачны рот (цытастом). Размнажэнне пераважна бясполае (дзяленне на дзве часткі, адначасовае множнае дзяленне, пачкаванне) і полавае (кан’югацыя). Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі і прасцейшымі. У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. Многія І. — каменсалы (гл.Каменсалізм) і паразіты інш. жывёл. Некат. І. выклікаюць захворванні рыб (іхтыяфтырыусы, трыхадзіны), чалавека і жывёл (балантыдый колі). Водныя І. ўдзельнічаюць у біял. ачышчэнні сцёкавых вод, многія — корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗВЮ́Х І́СЦІН ТЭО́РЫЯ,
сярэдневяковае вучэнне пра аўтаномнасць ісцін філасофіі (г. зн. рацыянальнага пазнання) і тэалогіі, якія могуць уступаць у супярэчнасць адна з адной. Узнікла ў 12—13 ст., звязана з пранікненнем арыстоцелізму ў сярэдневяковую культуру. Узыходзіць да Ібн Рушда і выразна сфармулявана ў авераізме. Ібн Рушд, прадстаўнікі наміналізму І.Дунс Скот, У.Окам сцвярджалі, што філасофія мае свае ўласныя, незалежныя ад багаслоўя прынцыпы, якія могуць супярэчыць догмам тэалогіі. Дз.і.т. развіваў пачынальнік англ. матэрыялізму Ф.Бэкан, які патрабаваў поўнага неўмяшання рэлігіі ў сферу навук. пазнання. Гэта тэорыя неаднаразова асуджалася царквой. У 1512 Латэранскі сабор паклаў канец дыскусіям пра «дзве ісціны», абвясціўшы прынцып «ісціна ісціне не супярэчыць». Вальнадумства эпохі Адраджэння паступова адыходзіць ад кампраміснай пазіцыі сярэдневяковых авераістаў, замяняе Дз.і.т. вучэннем пра «дзве кнігі» — Прыроды і Пісання, што адкрыты чалавечаму пазнанню: толькі ў «кнізе прыроды» чалавек набывае ісціну навукі і філасофіі, за Пісаннем застаецца функцыя рэліг.-маральных павучанняў (Т.Кампанела, Г.Галілей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЎЭН ((Owen) Роберт) (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),
англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.Мор і Т.Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАПАЛІТЫ́ЗМ (ад грэч. kosmopolitēs грамадзянін свету),
ідэалогія т. зв. сусветнага грамадзянства; тэорыя, якая адмаўляе нац. традыцыі і культуру, дзярж. і нац. суверэнітэт у імя адзінства ўсяго чалавецтва. Канкрэтныя гіст. ўмовы вызначалі спецыфіку ідэй К. на розных этапах гіст. развіцця. К. кінікаў Антысфена і Дыягена Сінопскага адлюстроўваў адмоўнае стаўленне да поліса. Касмапалітычныя погляды кірэнаікаў выражаліся ў словах «ubi bene, ibi patria» («дзе добра, там і айчына»). Філасофія стаіцызму разглядала ўсіх людзей як грамадзян адзінай сусв. дзяржавы — Касмаполіса. Ідэал сусв. грамадзянства перыяду Адраджэння быў накіраваны супраць феад. раздробленасці дзяржаў (Дантэ, Т.Кампанела), а асновай касмапалітычных поглядаў эпохі Асветніцтва служылі ідэі вызвалення індывіда ад феад. путаў (Ф.Петрарка, Ф.Рабле, М.Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі і інш.). Г.Лесінг, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, І.Кант, І.Фіхтэ лічылі, што ідэя сусв. грамадзянства закладзена ў прыродзе чалавека і ажыццяўляецца на аснове развіцця навукі і маральнага ўдасканальвання чалавека. Шырокае распаўсюджанне ідэі К. атрымалі ў 20 ст. ў выніку паглыблення ўзаемасувязі і ўзаемаўплыву нац. культур, нарастання глабальных праблем, звязаных з існаваннем усяго чалавецтва. Яны адлюстроўваюцца ў выглядзе разнастайных сац.паліт. арыентацый — ад сцвярджэння ідэі неабходнасці збліжэння народаў і дзяржаў (напр., ідэя стварэння сусв. дзяржавы або сусв. федэрацыі дзяржаў) да адмаўлення незалежнасці, нац. культуры і традыцый народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРФІЛАСО́ФІЯ (ад лац. natura прырода + філасофія),
філасофія прыроды, абстрактнае тлумачэнне прыроды, якая разглядаецца ў яе цэласнасці. Узнікла ў антычнасці, ёй быў уласцівы наіўны непадмацаваны навук. даследаваннямі погляд на прыроду. Ранняя стараж.-грэч. Н. (мілецкая школа і інш.) была фактычна першай гіст. формай філасофіі ўвогуле. Геракліт, Эмпедокл, Анаксагор, Эпікур, Арыстоцель і інш. зрабілі спробу асэнсавання існага, субстанцыі, пытанняў касмалогіі і касмагоніі. Яны выказалі погляд на прыроду, як на тое, што бясконца развіваецца, ідэю аб арган. мэтазгоднасці, меркаванне аб атамах (гл.Атамістыка), ідэю прыродазнаўча-гіст. развіцця жывога з нежывога, распрацавалі вучэнне аб процілегласці, супярэчнасці і інш. У эпоху сярэднявечча ант. Н. была выцеснена крэацыянісцкімі ўяўленнямі хрысц., мусульм. і іудзейскай тэалогіі. У эпоху Адраджэння Н. пераадолела характэрныя для антычнасці антрапамарфізм і міфалагізм, стала больш грунтоўна апірацца на прыродазнаўча навук. веды (Дж.Бруна, Б.Тэлезіо, Т.Кампанела), але адчувала на сабе ўплыў сярэднявечча (гілазаізм, магія, кабала). У 17—18 ст., у эпоху прагрэсу механістычнага прыродазнаўства, калі перавагу мелі аналіт. метады і метафіз. спосаб разгляду прыроды, Н. страціла былое значэнне. Адраджаецца Н. ў 1-й пал. 19 ст., яе развіццё звязана з дзейнасцю І.Канта. Ф.Шэлінга і інш. прадстаўнікоў класічнай ням. філасофіі. У канцы 10 — пач. 20 ст. В.Оствальд, Г.Дрыш, Т.Ліпс і інш. імкнуліся з дапамогай Н. пераадолець крызіс найноўшага прыродазнаўства. Ідэі Н. характэрны і для 20 ст., яны праявіліся ў філасофіі рас. касмізму (А.Л.Чыжэўскі, У.І.Вярнадскі), тэорыі касмагенезу (П.Тэяр дэ Шардэн) і інш.філас. плынях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАКО́СМАС І МІКРАКО́СМАС,
адна з найб. старажытных філас. канцэпцый пра існаванне прыроднай сувязі паміж космасам, навакольным асяроддзем і чалавекам. У аснове М. і м. як вучэння ляжыць палажэнне аб паралельным існаванні і зменах у Сусвеце і чалавеку. Першай вядомай формай выражэння гэтай канцэпцыі з’яўляецца міфалагема аб прачалавеку, якая знайшла адлюстраванне ў літ. і рэліг. творах стараж. Індыі, Егіпта, Кітая, Грэцыі і інш.Напр., паводле адной з стараж.грэч. міфалагем, стварэнне свету пачалося з пэўнага хаатычнага стану, у якім з’явілася багіня Гея і нарадзіла Урана (неба), Понта (мора), горы; потым з’явіліся інш. багі і людзі. Адносіны паміж багамі капіравалі адносіны ў грамадстве людзей; калі ж багі пераносіліся на неба, то забіралі з сабою і зямныя ўяўленні аб свеце. Адсутнасць яснага размежавання паміж М. і м. мае адным з сваіх важных наступстваў і частыя шматлікія пераходы аднаго пачатку ў другі, і іх пэўную палярызацыю: вялікі свет — космас — або паглынае ў сабе малы свет — чалавека, або чалавек становіцца рухаючай сілай, душой космасу. Філас. тлумачэнне М. і м. дасягнула высокага ўзроўню ў ант. цывілізацыях (Анаксімен, Геракліт, Дэмакрыт, Платон, Сенека). Напр., Геракліт лічыў, што пазнанне свету і божаства ёсць самапазнанне чалавека. У наступныя гіст. перыяды асэнсаванне М. і м. адбывалася ў розных кірунках — ад класічнага да містычнага. Свой росквіт ідэя М. і м. перажывала ў эпоху Адраджэння (Т.Кампанела і Дж.Бруна, Мікалай Кузанскі, Я.Бёме і інш.). У перыяд панавання механіцызму ідэя М. і м. ўступіла ў канфлікт з рацыяналістычнымі ідэямі пабудовы Сусвету і апынулася па-за межамі навукі. З канца 18 і да пач. 20 ст. назіралася ажыўленне цікавасці да ідэі М. і м., якая знайшла свой адбітак у ням. неагуманізме (І.Гердэр, І.В.Гётэ), рамантызме, філас. поглядах А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, а таксама ў тэасофскіх канцэпцыях свету і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕА́ПАЛЬ (Napoli),
горад на Пд Італіі, каля падножжа вулкана Везувій. Адм. ц. вобласці Кампанія і прав. Неапаль. У агламерацыі Вял. Н. 3012 тыс.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт у Неапалітанскім зал. Тырэнскага м.Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр на Пд Італіі. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металургічная, маш.-буд. (суднабудаванне, эл.тэхн., радыёэлектроннае), абутковая, тэкст., мэблевая, харч. (вял. макаронныя ф-кі). Метрапалітэн. Ун-т (з 1224). Кансерваторыя. Абсерваторыі. Бат. сад. Марскі акварыум. Нац. музей, буйнейшы ў Еўропе археал. музей, маст. галерэі. Оперны тэатр «Сан-Карла». Цэнтр міжнар. турызму. Ваен.-марская база.
Засн. каля 600 да н.э. як грэч. калонія выхадцамі з г. Кумы. У 326 да н.э. заваяваны рымлянамі. У канцы 5 ст.н.э. ў складзе остгоцкай дзяржавы. З сярэдзіны 6 ст. тут замацаваліся візантыйцы. У 1139 заваяваны нарманамі і далучаны да Сіцылійскага каралеўства, пасля 1266 яго сталіца. У 1268 захоплены франц. герцагам Карлам Анжуйскім. У 1282—1442, 1501—04 сталіца Неапалітанскага каралеўства. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка. У 1806—15 Н. — сталіца залежнага ад Францыі Неапалітанскага каралеўства, з 1815 — Каралеўства абедзвюх Сіцылій. Н. — адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. Ў 1860 вызвалены войскамі Дж.Гарыбальдзі і ўвайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У час фаш. дыктатуры Б.Мусаліні — буйная ваен.-марская база. Пасля выхаду Італіі з 2-й сусв. вайны акупіраваны ў 1943 ням.-фаш. войскамі; вызвалены ў выніку паўстання (т.зв. Чатыры дні Неапаля).
Размешчаны амфітэатрам на прыбярэжных пагорках. У цэнтр.ч. захавалася ант. рэгулярная планіроўка. Сярод помнікаў: раннехрысц. катакомбы з фрэскамі (2—5 ст.), баптыстэрый Сан-Джавані з мазаікамі (5 ст.), замкі Кастэль дэль Ова (з 12 ст.) і Кастэль Нуова (1279—84, перабудаваны ў 1443—53, Г.Сагрэра; трыумфальная арка Альфонса Арагонскага са статуямі і рэльефамі, 1452—67, арх. і скульпт. Сагрэра, скульпт. Ф.Лаўрана, П. да Мілана, рэнесанс), гатычныя касцёлы, часткова перабудаваныя ў стылі барока, — Сан-Ларэнца, Сан-Даменіка (абодва 13 ст.), Санта-Марыя дэль Карміне (1283—1300), сабор (1294—1323); палацы і касцёлы ў стылях рэнесансу і барока; у стылі класіцызму — кляштар Чэртоза ды Сан-Марціна (1325, Ф. ды Віта, Т. ды Камаіна; 1580—1623, Дж.Дозіо, са зборам неапалітанскага і еўрап. жывапісу 17—18 ст.), т-р «Сан-Карла» (1737—1816), касцёл Сан-Франчэска ды Паала (1817—46, П.Б’янкі). З пабудоў 20 ст. вылучаюцца будынак вакзала (1954—60, арх. Дж.Вакара, М.Кампанела, інж. П.Л.Нерві і інш.) і інш. Каля Н. руіны стараж.-рым. гарадоў Пампеі і Геркуланум, Палацца Рэале ў Казерце (з 1752, Л.Ванвітэлі).