КА́МЕНКАЎСКІ АНТО́НІЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1908 у в. Каменка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Цэнтр. неф пераходзіць у 5-гранную апсіду з самаст. дахам, па баках якой невял. гранёныя сакрысціі. На гал. фасадзе двух’ярусная чацверыковая вежа, завершаная стромкім шатром з люкарнамі. Верхні чацвярык вежы на ўсіх фасадах вылучаны высокімі патройнымі арачнымі вокнамі. Гал. ўваход аформлены парталам, над якім акно-ружа і ніша са скульптурай. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Астатнія фасады рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі.

Т.​В.​Габрусь.

Каменкаўскі Антоніеўскі касцёл.

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНКА,

вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Шчучын — Скідзель. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 16 км на З ад г. Шчучын, 45 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Скідзель. 643 ж., 261 двор (1997).

У 2-й пал. 16 ст. К. — маёнтак на мяжы Гродзенскага і Лідскага пав. У 1580 К.​Кладзінскі пабудаваў драўляны касцёл, у 1599 П.​Нонгард заснаваў туг мястэчка. У 18 ст ўласнасць Тызенгаўзаў. З 1795 у Рас. імперыі У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав., уласнасць Тызенгаўзаў, Урускіх, і пач. 30 ст. — Сапегаў. У 1878—411 ж, у 1897—553 ж., 73 двары, нар. вучылішча, касцёл, 2 малітоўныя яўр. дамы, 8 крам, карчма, 8 кірмашоў на год. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Шчучынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Шчучынскім р-не. З 23.5.1962 да 25.12.1962 у Скідзельскім р-не. У 1971—530 ж., 180 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Каменкаўскі Антоніеўскі касцёл (1908).

т. 7, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ РАЁН.

На Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 21,1 тыс. чал. (1998, без г. Мазыр). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мазыр. Уключае 93 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Асавецкі, Барбароўскі, Каменкаўскі, Козенскі, Крынічны, Махнавіцкі, Міхалкаўскі, Прудкоўскі, Скрыгалаўскі, Слабадскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тэрыторыя раёна размешчана пераважна ў межах Мазырскага Палесся, паўн. ўскраіна — Прыпяцкага Палесся. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, 77% яе вышэй за 150 м, найвыш. пункт 221 м на Мазырскай градзе (паміж вёскамі Бабры і Бабраняты). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ, да даліны р. Прыпяць. Карысныя выкапні: каменная соль, торф, пяскі, гліны і суглінкі, мінер. фарбы, буры вугаль, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа, Ненач, Мытва; р. Чэрцень (прыток р. Славечна). Лешнеўскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), поймавыя (алювіяльныя, 22,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18%), тарфяна-балотныя (7,2%). Пад лесам 53,3% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя. Найб. лясістасць на З раёна. Пл. балот 14,2 тыс. га, з іх асушана 11,2 тыс. га. Найб. балоты: Майсееўскае, Скалодзінскае, Махнавіцкае, Чэрцень. Ландшафтны заказнік рэсп. значэння Мазырскія Яры. Помнікі прыроды мясц. значэння: валуны «Каменныя быкі» каля пас. Крынічны, дубровы ў Асавецкім, Слабадскім, дуброва і хвойнік у Мазырскім лясніцтвах; бат. мікразаказнікі Белая, Стрэльскі-2, Раманавічы, Качуры.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 43,6 тыс. га, з іх асушаных 11,2 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 13 калгасаў, 4 саўгасы, 14 фермерскіх гаспадарак, Мазырская агароднінная ф-ка (в. Каменка) і птушкафабрыка (в. Ляхаўцы), сортавыпрабавальная станцыя і эксперым. база «Крынічная», Палеская с.-г. доследная станцыя Акадэміі агр. навук. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, вырошчванне збожжа, бульбы, кармавых культур, рапсу, агародніны, насенняводства. Прадпрыемствы горназдабыўной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Калінкавічы—Оўруч. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Калінкавічамі, Оўручам, Нароўляй, Лельчыцамі, Петрыкавам, Ельскам, Хойнікамі. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 11 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач., 3 муз., дзіцячая спарт. школы, 21 дашкольная ўстанова, 34 дамы культуры і клубы, 33 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў. Філіял Бел. дзярж. маст. музея ў в. Гурыны. Арх. помнікі: сядзіба (19 ст.) у в. Барбароў; капліца (часткова разбурана) і абеліск (1897) у памяць аб мітрапаліце Макарыю ў в. Скрыгалаў. Выдаецца газ. «Жыццё Палесся».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.

М.​А.​Капач, Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)