Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАРЫ́ (Nematocera),
падатрад даўгавусых насякомых атр. двухкрылых. У сусв. фауне 35 сям., больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. К. падзяляюць на групы, якія ўключаюць па некалькі сям.: галіцы, гнюс, грыбныя камарыкі, даўганожкі, камары-дзергуны, ці званцы, матыліцы, таўстаножкі і інш.
Найб. вядомыя камар звычайны і малярыйныя камары. На Беларусі каля 40 відаў. Жывуць у вільготных мясцінах.
Даўж. 3—30 мм. Цела і ногі доўгія, тонкія, крылы вузкія, жылкі ў лускавінках. Вусікі доўгія, членістыя (органы нюху). Ротавыя органы колючыя, на ніжняй губе размешчаны колючыя іголкападобныя сківіцы; паміж імі падглотачнік, дзе праходзіць пратока слінных залоз. Дарослыя К. вядуць пераважна паветраны спосаб жыцця. За лета выводзіцца 1 або некалькі пакаленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯРЫ́ЙНЫЯ КАМАРЫ́, анофелесы (Anopheles),
род насякомых сям. сапраўдных камароў атр. двухкрылых. Больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 3 віды. Найб. трапляецца М.к. звычайны (A. maculipennis) М.к. з’яўляюцца пераносчыкамі плазмодыяў — узбуджальнікаў малярыі, тулярэміі, японскага энцэфаліту. М.к. звычайны таксама прамежкавы гаспадар паразітуючых на сабаках філярыід (гл.Філярыятоз). Жывуць паблізу вадаёмаў, у балоцістых мясцінах, каля населеных пунктаў. Кампанент гнюсу.
Даўж. да 8 мм. Цела жаўтавата-бурае. Крылы вузкія, закругленыя, з 4—5 бурымі плямкамі. Ногі доўгія. Вусікі 15-членікавыя, у самцоў з густымі доўгімі валаскамі. Ротавыя органы колюча-сысучыя. У адрозненне ад інш. камароў характэрная пастава М.к. — цела, узнятае пад вуглом да паверхні, уніз галавой. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі, апрача таго, пасля апладнення смокчуць кроў пазваночных жывёл і чалавека (высмоктваюць крыві больш, чым важаць самі). Яйцы, лічынкі і кукалкі развіваюцца ў вадзе. Лічынкі дыхаюць атм. паветрам, трымаюцца пад паверхняй вады. За год 3—5 генерацый. Для знішчэння лічынак выкарыстоўваюць інсектыцыды, рэпеленты і інш., разводзяць рыб (напр., гамбузія), якія кормяцца лічынкамі і кукалкамі насякомых (біял. метад).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРБАВІ́РУСЫ,
група РНК-змяшчальных вірусаў пазваночных жывёл і чалавека, якія пераносяцца членістаногімі крывасмокамі (кляшчы, камары, маскіты, макрацы). Вядома больш за 300 арбавірусаў, з якіх патагенныя для чалавека каля 80. Выклікаюць арбавірусныя хваробы. На Беларусі вядомы зах. кляшчовы энцэфаліт, ліхаманка Зах. Ніла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРАФІ́ЛЫ [ад гігра... + ...філ(ы)],
наземныя жывёлы, прыстасаваныя да існавання ва ўмовах высокай вільготнасці. Жывуць на забалочаных тэрыторыях, у вільготных лясах, поймах рэк, па берагах вадаёмаў, а таксама ў вільготнай глебе і гнілой драўніне. У асяроддзі з нізкай вільготнасцю яны хутка трацяць ваду, што можа прывесці да іх гібелі. Тыповымі гіграфіламі з’яўляюцца макрыцы, нагахвосткі, камары, наземныя планарыі, малюскі, амфібіі, дажджавыя чэрві і інш.Гл. таксама Ксерафілы, Мезафілы.