Каліт 5/266; 7/540; 10/80; 11/464

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́Т (ад грэч. kolon тоўстая кішка),

вострыя ці хранічныя запаленча-дыстрафічныя пашкоджанні тоўстай кішкі. Прычыны: інфекцыя (бацылярная дызентэрыя, грып, пнеўманія, сальманелёз), інвазія (амёбная дызентэрыя, балантыдыяз), гельмінтозы (трыхацэфалёз, аскарыдоз), атручэнні, хваробы страўніка, печані, уздзеянне алергічных фактараў, няправільнае харчаванне (аднастайная ці вострая ежа, алкаголь, недахоп вітамінаў). Характарызуецца спастычнымі болямі ў жываце, функцыян. парушэннем работы кішэчніка (запор, панос, у цяжкіх выпадках з прымессю крыві), іншы раз павышэннем т-ры, стратай апетыту, слабасцю. Лячэнне: тэрапеўтычнае, дыета.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТА́Р (ад грэч. katarrheō працякаю, сцякаю),

катаральнае запаленне, запаленне слізістых абалонак з пачырваненнем, набраканнем, ацёкам і выдзяленнем вадкасці (эксудату). Эксудат бывае празрысты (серозны К.), з прымессю слізі (слізісты К.) і гною (гнойны К.). Прычына К. — бактэрыяльная ці вірусная інфекцыя (катар верхніх дыхальных шляхоў), патагенныя грыбы (напр., каліт). К. страўніка (устарэлая назва гастрыту) развіваецца пры няправільным харчаванні, злоўжыванні алкаголем, курэннем. Вострая форма К. пры несвоечасовым лячэнні можа перайсці ў хранічнае запаленне.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКТЫ́Т (ад грэч. prōktos задні праход, прамая кішка),

запаленне слізістай абалонкі прамой кішкі. Часцей бывае ў спалучэнні з запаленчымі зменамі інш. аддзелаў кішэчніка (напр., неспецыфічны язвавы каліт). Бывае П. банальнага характару (пастаяннае траўміраванне ў педэрастаў). Трэшчыны і кровазліцці ў слізістай абалонцы кішкі з’яўляюцца варотамі ВІЧ-інфекцыі і развіцця СНІДу. Прыкметы П.: адчуванне пякоты ў вобласці задняга праходу, частыя пазывы позывы* на стул, выдзяленні слізі, крыві. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. Гл. таксама Практалогія.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКТА́ЛОГІЯ (ад грэч. prōctos задні праход + ...логія),

раздзел гастраэнтэралогіі і абдамінальнай хірургіі, які вывучае хваробы прамой кішкі (гемарой, практыт і інш.), распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; больш шырока — хваробы тоўстага кішэчніка (колапракталогія). Многія захворванні прамой кішкі з’яўляюцца лакалізацыяй працэсаў у папярэдніх аддзелах (паліпоз, хвароба Крона, неспецыфічны язвавы каліт), асабліва пры злаякасных захворваннях. На Беларусі ў 1971 адкрыта аддзяленне П. на базе Мінскай абл. клінічнай бальніцы (Бараўляны); з 1978 — Рэсп. цэнтр. Створаны аддзяленні П. ў абл. цэнтрах, рэабілітацыйная служба для хворых на рак прамой кішкі.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРАЭНТЭРАКАЛІ́Т (ад гастра... + энтэракаліт),

вострае або хранічнае запаленне страўнікава-кішачнага тракту жывёл і чалавека. Бывае вынікам харчовых таксікаінфекцый, дзеяння інш. інфекц. і алергічных фактараў, атручэнняў (лек., цяжкімі металамі, моцнымі кіслотамі і шчолачамі, алкагольных), функцыян. недастатковасці органаў стрававання, парушэння абмену рэчываў. Спрыяюць узнікненню гастраэнтэракаліту ахілія, авітамінозы, анемія. У жывёл асн. прычына першаснага гастраэнтэракаліту — ужыванне недабраякасных кармоў, іх забруджанасць раздражняльнымі хім. рэчывамі і расліннымі ядамі. Сімптомы гастраэнтэракаліту залежаць ад пераважнай лакалізацыі запаленчага працэсу ў страўніку (гастрыт), тонкім (энтэрыт) або тоўстым (каліт) кішэчніку: могуць уключаць адрыжкі, пякотку, болі пад лыжачкай і ў жываце, ірвоту з паносам, уздуцці жывата і інш. У цяжкіх выпадках вострага гастраэнтэракаліту адзначаюцца стамляльнасць, павышэнне тэмпературы, сардэчна-сасудзістыя расстройствы, магчымы пераход хваробы ў хранічную форму з рэцыдывамі і абвастрэннямі. Лячэнне: ліквідацыя першапрычын, медыкаментознае, дыетатэрапія, пры неабходнасці — прамыванні страўніка і інш.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)