Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Фёдар Міхайлавіч) (1758—1826),
расійскі мастак. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—78). З 1779 пенсіянер АМ у Рыме. Пісаў ідэалізаваныя, прасякнутыя ўрачыстай веліччу пейзажы (пераважна Італіі), а таксама відавыя па характары, але прыдумана «гераічныя» пейзажы ў духу класіцызму: «Від Неапаля» (1806), «Від на Лага-Маджорэ» (1808), «Від у Сіцыліі. Горы» (1811), «Від Рыма. Калізей» (1816), «Вадаспад у Тывалі каля Рыма» (1819). Аўтар пейзажных малюнкаў з натуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІТЭА́ТР (грэч. amphitheatron),
1) у Стараж. Рыме манументальнае збудаванне для публічных відовішчаў: баёў гладыятараў, цкавання дзікіх звяроў, масавых тэатралізаваных паказаў. Меў эліпсападобную ў плане форму, з арэнай пасярэдзіне, вакол якой ступенькамі ўзвышаліся месцы для гледачоў. Яго канструкцыйную аснову складала сістэма арак і слупоў, паміж якімі знаходзіліся галерэі і лесвіцы, напр., Рымскі Калізей.
2) Сучасныя амфітэатры выкарыстоўваюцца ў кінатэатрах, тэатр., цыркавых, спарт. будынках, маюць эліпсападобны, паўцыркульны сегментавы план. На аснове амфітэатра пабудаваны глядзельныя залы Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, кінатэатра «Кастрычнік» у Мінску, месцы для гледачоў у цырках Гомеля, Мінска, на мінскім стадыёне «Дынама» і інш.
Да арт. Амфітэатр. Старажытнарымскі тэатр у Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСПАСІЯ́Н (Ціт Флавій) (Titus Flavius Vespasianus; 17.11.9, Фалакрыны, каля г. Рыеты, Італія — 24.6.79),
рымскі імператар [69—79], заснавальнік дынастыі Флавіяў. Нарадзіўся ў сям’і конніка, першы імператар несенатарскага паходжання. У часы Тыберыя ўвайшоў у склад сената. Камандаваў адным з рэйнскіх легіёнаў, удзельнічаў у заваяванні Паўд. Брытаніі. У 51 абраны консулам. У 67 удзельнічаў у задушэнні антырым. руху (гл.Іудзейская вайна 66—73). Летам 69 легіёны ўсх. правінцый абвясцілі Веспасіяна імператарам. Ажыццявіў шэраг рэформаў (у т. л. пашырыў на правінцыялаў права на рым. грамадзянства), умацаваў сац. базу імперыі, увёў новыя падаткі, скараціў армію і інш. Падтрымліваў навуку і мастацтва. У часы Веспасіяна ўзведзены шматлікія будынкі ў Рыме (у т. л.Калізей) і ў правінцыях. Біяграфія Веспасіяна выкладзена Светоніем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЗ-РО́К (англ. jazz-rock),
адзін з кірункаў джаза, стыль прафес. музыкі. Выкрышталізаваўся ў канцы 1960-х г. у выніку спалучэння некат. формаў сучаснага джаза і джазавых аранжыровак з элементамі рокавай рытмікі і інструментоўкі. З 1970-х г. у выніку запазычання ім элементаў экзатычных муз. культур і ўскладнення рытмікі і формы адбылося яго пераўтварэнне ў якасна новую разнавіднасць — ф’южн (ад англ. сумесь, сплаў). Найб. росквіту Дж.-р. дасягнуў у творчасці амер. груп «Чыкага», «Прагноз надвор’я», англ. «Калізей», музыкантаў М.Дэйвіса, О.Коўлмена, Дж.Мак-Лафліна, Дж.Дзюка, Ж.Л.Панці, Ч.Корыя, Х.Хэнкака і інш. Многія бел. музыканты ў той ці іншай ступені выкарыстоўваюць у сваёй творчасці элементы джаз-рока (групы Б.Бернштэйна, «Яблычная гарбата» і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Браніслаў Францавіч) (21.6.1820, мяст. Вызна Слуцкага пав., цяпер г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 2.1.1880),
бел. і польскі мастак, пісьменнік. Чл.-кар.АН у Кракаве (1873). За ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках у час вучобы ў Дэрпцкім ун-це (1840-я г.) у 1846 арыштаваны, у 1847 сасланы ў Арэнбург, потым у Хіву, Туркестан. Разам з Т.Р.Шаўчэнкам (перапісваўся з ім у 1853—59) удзельнічаў як мастак у экспедыцыях па Аральскім краі і ў горы Каратау. У 1856 вярнуўся на радзіму, у в. Рачкавічы, дзе стварыў шэраг пейзажаў; жыў у в. Дарава каля Баранавічаў, у Мінску, каля Гродна (1857—59). Рабіў малюнкі да «Віленскага альбома» Я.Вільчынскага, які выдаваўся ў 1848—60-я г. У пач. 1860-х г. эмігрыраваў за мяжу (Дрэздэн, Рым, Парыж), дзе стварыў афорты «Калізей у Рыме» (1864), «Від Сан-Мало». Памагаў паўстанцам 1863—64 у закупцы зброі. Сакратар Гісторыка-літ.т-ва і рэдактар яго «Штогоднікаў» (з 1866, Парыж), выпусціў ілюстраванае (22 афорты) выданне «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865), «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866), а таксама ўспаміны пра сучаснікаў. Аўтар прац «Адмена прыгонніцтва ў Літве» (1868), «З жыцця літвінкі» (пра мастачку А.Скірмунт, 1876) і інш. Стварыў шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863—64 («Серакоўскі ў турме», 1863, і інш.), пейзажаў («Паток у Ціролі»). Сябраваў з Ц.Норвідам, быў адрасатам яго паэт. ліста «Да Браніслава З.». Перапісваўся з А.І.Герцэнам.
Тв.:
(Из заметок Шевченко). // Т.Г.Шевченко в воспоминаниях современников. М., 1962.
Літ.:
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960. С. 173—181.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (н. 12.9.1929, в. Калюціна Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.драматург.Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Расонскім райкоме ЛКСМБ і раённай газеце. З 1952 у газ. «Звязда», на Бел. радыё, з 1964 гал. рэдактар рэпертуарна-рэд. калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1966 уласны карэспандэнт, заг.Бел. аддзялення газ. «Известия». З 1993 у газ. «Рэспубліка», у 1995—98 кіраўнік літ. часткі Нац.т-ра імя Я.Купалы. Друкуецца з 1950. Першая п’еса — камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1966). Шырокую вядомасць набылі яго сатыр. камедыі «Амністыя» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1970; аднайм. кінафільм, 1982) і «Мудрамер» (паст. там жа, 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары вызначаюцца драмы «Тры дні і тры ночы» (паст. 1967), «Апошняя інстанцыя» (паст.Дзярж. рускім драм. т-рам, 1974), «Наследны прынц» (паст. пад назвай «Наследнік», 1976), «Паядынак» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1984), «Бездань» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1992), камедыя-фарс «Калізей» (паст. Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі, 1992). У цэнтры п’ес востранадзённыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін. Аўтар камедыі «Зомбі, альбо «Мудрамер-два» (1998), п’ес «Сярэбраная табакерка» (паводле казкі З.Бядулі, нап. 1998), «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» В.Быкава, нап. 1999), сцэнарыяў фільмаў: дакумент. «Мінск — горад-герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), маст. «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980). Піша нарысы, эсэ, публіцыст. артыкулы (кн. «Чужая бяда», 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭРархітэктурны,
пэўнае спалучэнне нясучых і нясёных частак стоечна-бэлечнай канструкцыі, іх структура і маст. апрацоўка. Як маст выразная форма выкарыстоўваўся ў манум. архітэктуры ў старажытнасці (Стараж. Егіпет, асіра-вавілонскае дойлідства). Класічная сістэма О. склалася ў Стараж. Грэцыі; асн. О. атрымалі найменні ад назваў плямён і абласцей: дарычны ордэр, іанічны ордэр, карынфскі ордэр. Разнавіднасць дарычнага О. — тасканскі ордэр, карынфскага і іанічнага — кампазітны ордэр. Абавязковыя састаўныя часткі О.: нясучыя — калона (аздобленая канелюрамі) з капітэллю і базай (у дарычным О. без базы), часам з п’едэсталам; нясёныя — антаблемент, які складаецца з архітрава, фрыза і карніза. Дэталі О. ўпрыгожваюць разнымі ці цягавымі профілямі — абломамі архітэктурнымі. Асаблівасці кожнага О. — у прапорцыях, прарысоўцы абломаў і формах капітэлі. Змена суадносін паміж нясучымі і нясёнымі часткамі О. надае яму і збудаванню ў цэлым разнастайныя маштабнасць і характар (напр., лаканічнасць і мужнасць — дарычны О., лёгкасць і вытанчанасць — іанічны і карынфскі О.). О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў розныя гіст. эпохі (у архітэктуры Стараж. Рыма, рэнесансу, барока, класіцызму). У эпоху Стараж. Рыма і пазней ужываліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі, ордэрныя чляненні сцяны з выкарыстаннем паўкалон і пілястраў, пашыраны О. або яго асобныя элементы ў спалучэнні са скляпеністымі або арачнымі канструкцыямі (Калізей, базілікі і ратонды Стараж. Рыма, арачныя каланады ў эпоху Адраджэння). З 15 ст. О. стаў адным з гал. кампанентаў у зах.-еўрап. архітэктуры. У рус. дойлідстве пашыраны з канца 17 ст. На Беларусі О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў культавай, палацавай, грамадз. архітэктуры стыляў барока, класіцызму, эклектыкі, мадэрну, неакласіцыстычных кірункаў, у архітэктуры 1940—50-х г.