Калібры 1/400; 5/257

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́БРЫ (Trochilli),

падатрад птушак атр. стрыжападобных. 1 сям., 319 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Пд Аляскі і Лабрадора да Вогненнай Зямлі). Жывуць у розных ландшафтах, пераважна аселыя.

Самыя дробныя птушкі на зямлі. Даўж. 5,7—30 мм 5,7—21,6 см, маса 1,6—20 г. Апярэнне рознакаляровае, бліскучае. Дзюба доўгая, тонкая, у некат. выгнутая. Палігамы. Нясуць 1—2 яйцы. Кормяцца на ляту кветкавым нектарам і часткова дробнымі насякомымі. Адносная маса сэрца К. найб. сярод птушак. Інтэнсіўны абмен рэчываў, т-ра цела каля 43 °C. Ноччу і пры недахопе корму ўпадаюць у здранцвенне, т-ра цела зніжаецца да 14,5 °C. Лётаюць хутка (да 80 км/гадз). Могуць завісаць у паветры і даваць задні ход. Дробныя віды робяць крыламі да 80 узмахаў за секунду. 6 відаў у Чырв. кнізе МСАП.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калібры ракетахвостая 8/624—625 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААФІ́ЛІЯ (ад заа... + ...філія),

1) перакрыжаванае апыленне раслін з дапамогай жывёл, звычайна насякомых, што жывяцца кветкавым пылком, нектарам, сакаўнымі тканкамі кветкі і інш., іншы раз (пераважна ў тропіках) — птушкамі (калібры) і млекакормячымі.

2) Адна з форм палавой ненармальнасці ў чалавека, пры якой ён атрымлівае задавальненне ад сексуальнага кантакту з жывёлай.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОНЦЫ́РКУЛЬ (ад ням. Krone карона, вянец + цыркуль),

1) вымяральны інструмент у выглядзе цыркуля з дугападобнымі ножкамі. Часам мае шкалу. Выкарыстоўваецца для параўнання дыяметраў дэталей з памерамі, узятымі па маштабнай лінейцы, канцавых мерах або калібры. Межы вымярэнняў — да 200 мм.

2) Чарцёжны цыркуль, у якога вугал фіксуецца мікраметрычным вінтом. Ім вычэрчваюць акружнасці дыям. 2—80 мм.

Вымяральныя кронцыркулі.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЬБАВЫМЯРА́ЛЬНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструменты і прылады для вымярэння і кантролю разьбы. Адрозніваюць Р.і.: для комплекснага кантролю і для вымярэння асобных элементаў профілю разьбы; вымярэння вонкавых і ўнутраных, цыліндрычных і канічных рэзьбаў; разьбы хадавых вінтоў і інш. Да Р.і. адносяцца разьбовыя калібры, шаблоны, шагамеры (разьбамеры), мікрометры з разьбовымі ўстаўкамі, нутрамеры, сінусныя лінейкі. Для кантролю рэзьбаў выкарыстоўваюць таксама вымяральныя мікраскопы (для вызначэння шагу разьбы), аптыметры і інш.

т. 13, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭДНО́ЎТ (англ. dreadnought літар. бясстрашны),

клас лінейных караблёў, якія ў пач. 20 ст. замянілі эскадраныя браняносцы. Мае адзіныя калібры ўсёй гал. і проціміннай артылерыі, павялічаную скорасць руху (у параўн. з браняносцамі), процімінную ахову, рамбічнае размяшчэнне артыл. вежаў і інш. Першым з іх у 1906 пабудаваны англ. лінкор, які меў назву «Д.»; у Расіі Д. тыпу «Севастопаль» праектаваліся і будаваліся з 1909 пад кіраўніцтвам А.М.Крылова і І.​Р.​Бубнава.

Да арт. Дрэдноўт. Англійскі карабель «Дрэдноўт».

т. 6, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАКРЫ́ЛЫЯ, стрыжападобныя (Apodiformes),

атрад птушак. З сям.: стрыжы, калібры, чубатыя стрыжы (Hemiprochidae). Больш за 420 відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў тропіках. На Беларусі трапляецца стрыж чорны (Apus apus).

Маса 1,6—140 г. Крылы доўгія і вузкія з пакарочанай плечавой косцю і кароткімі другараднымі махавымі пер’ямі, што забяспечвае хуткі манеўраны палёт. Большую ч. дня праводзяць у паветры, на зямлі бездапаможныя, узляцець з роўнай паверхні не могуць. Т-ра цела можа часова зніжацца і птушкі ўпадаюць у здранцвенне. Нясуць 1—6 яец.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,

цеплакроўныя жывёлы, у якіх перыяды пастаяннай т-ры цела зменьваюцца перыядамі значных яе ваганняў у залежнасці ад змен т-ры знешняга асяроддзя. Непастаянства т-ры цела ў адных з іх праяўляецца ў час працяглага сну (калібры, кажаны), у другіх — сезонна, у перыяд зімовай спячкі. У фауне Беларусі да гетэратэрмных жывёл належаць барсук, вожык звычайны, кажаны, соні, хамяк звычайны, янотападобны сабака і інш. млекакормячыя. Зрэдку да гетэратэрмных жывёл адносяць некаторых пайкілатэрмных жывёл, здольных пры пэўных умовах падтрымліваць т-ру цела больш высокую, чым т-ра асяроддзя (свойская пчала, чмялі, тунцы і інш.). Гл. таксама Гамаятэрмныя жывёлы.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖОЎТАГАЛО́ВЫ КАРАЛЁК (Regulus regulus),

птушка сям. каральковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў яловых лясах. Увосень і зімой вандруе ў мяшаных і лісцевых насаджэннях. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Аселы і вандроўны від.

Самая маленькая птушка Беларусі, вядомая пад назвай «еўрап. калібры». Даўж цела 9—11 см, маса 5—7 г. Апярэнне мяккае, пушыстае. Спіна шаравата-зялёная, брушка светла-шэрае, хвост цёмна-буры, на крылах па 2 белыя палоскі, на галаве жаўтавата-аранжавы чубок з цёмнымі падоўжанымі палоскамі па баках. Гнёзды пераважна на елках. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі.

Жоўтагаловы каралёк.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)