Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ТНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя і арган. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння раслін азотам. Падзяляюцца на арганічныя ўгнаенні (гной, торф, кампост), якія акрамя азоту маюць у сабе інш. элементы, мінеральныя ўгнаенні (выпускаюцца прам-сцю ў цвёрдым ці вадкім стане) і зялёныя ўгнаенні (гл.Сідэрацыя). У мінеральных азот можа быць у аміячнай (NH3), аміячна-нітратнай (NH3 і NO3), нітратнай (NO3) і аміднай (NH2) формах. Асн. віды мінер. азотных угнаенняў: аміячныя, аманійныя, нітратныя, аманійна-нітратныя, амідныя, аманійна-нітратна-амідныя.
Аміячныя і аманійныя ўгнаенні: вадкі аміяк, аміячная вада, сульфаты амонію, амонію-натрыю. Раствараюцца ў глебавай вадзе, значная частка іонаў амонію звязваецца ў маларухомую форму, якая пад уздзеяннем спецыфічных бактэрый глебы пераходзіць у больш рухомую нітратную форму і засвойваецца раслінамі. Выкарыстоўваюцца для ўсіх с.-г. культур на някіслых глебах і кіслых пры іх вапнаванні. Нітратныя ўгнаенні: натрыевая і кальцыеваясалетры. Іоны натрыю і кальцыю паглынаюцца цвёрдай фазай глебы і раслінамі спажываюцца менш, чым нітратны азот, што прыводзіць да падшчалочвання глебы. Выкарыстоўваюцца на ўсіх глебах для ўнясення перад сяўбой і для ўсіх відаў раслін у перыяд вегетацыі. Аманійна-нітратныя ўгнаенні: аміячная салетра, сумесі сульфат-нітрат амонію, вапнава-аміячная салетра. Выкарыстоўваюцца ў розных кліматычных зонах для розных глебаў. Амідныя ўгнаенні бываюць хутка дзейныя (карбамід) і павольна дзейныя (урэаформ—карбаміда-фармальдэгідныя ўгнаенні). Аманійна-нітратна-амідныя ўгнаенні — канцэнтраваныя растворы карбаміду, нітрату амонію і іх растворы ў аміячнай вадзе (аміякаты). Эфектыўныя пры ўнясенні ў глебу для падкормкі раслін, аміякаты — для невегетуючых с.-г. культур. На Беларусі (Гродзенскі азотна-тукавы завод) вырабляюць аміячную салетру, карбамід, вадкія ўгнаенні і сульфат амонію.
Літ.:
Агрохимия. М., 1982;
Баранов П.А., Алейнов Д.П., Олевский В.М. Азотные растворы... // Химия в сельском хозяйстве. 1983. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ДАЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Ладага,
Няво. Найбуйнейшае прэснаводнае возера ў Еўропе; на ПнЗеўрап. часткі Рас. Федэрацыі, у Карэліі і Ленінградскай вобл.Пл. 17,7 тыс.км2 (з астравамі 18,1 тыс.км2). Даўж. 219 км, сярэдняя шыр. 83 км, сярэдняя глыб. 51 м, найб. 230 м. Аб’ём вады 908 км3. Катлавіна тэктанічна-ледавіковага паходжання. Дно складанай будовы, у паўн. і цэнтр. частках выслана ілам. Паўн. і паўн.-зах. берагі высокія, скалістыя, глыбока парэзаны фіёрдападобнымі залівамі. Шматлікія лясістыя астравы ўтвараюць шхеры. Паўд. берагі пераважна невысокія, спадзістыя, слабапарэзаныя, з берагавымі валамі і дзюнамі. У многіх месцах прыбярэжжа нагрувашчанне валуноў. На возеры каля 660 астравоў, з іх каля 500 у паўн.-зах. яго частцы. каля 65 — у цэнтральнай, у т.л. Валаамскія астравы і Зах. архіпелаг. Вадазборны басейн (пл. 276 тыс.км2) уключае каля 50 тыс. азёр (найб. Анежскае, Ільмень, Сайма) і 3,5 тыс. рэк даўж. больш за 10 км; упадаюць 35 рэк, найб. з іх Свір, Волхаў, Вуокса; выцякае р.Нява, якая звязвае возера з Фінскім зал. З бас. Волгі — звязана Волга-Балтыйскім водным шляхам, Вышневалоцкай і Ціхвінскай сістэмамі, з Белым морам — праз р. Свір, Анежскае воз. і Беламорска-Балтыйскі канал. Клімат умерана халодны. Сярэдняя т-ра паветра ў лют. ад -8 да -10 °C, у ліп. 16—17 °C; т-ра вады — на паверхні ў жн. каля 16 °C (найб. 25 °C), у глыбінных пластах летам 4—4,5, зімой 2—2,5 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Возера халаднаводнае, з запаволенымі біял. працэсамі. Характэрны згонна-нагонныя з’явы, сейшы, штормы. Прыбярэжная частка замярзае ў ліст.—снеж., цэнтр. частка — у снеж.—сак., крыгалом у цэнтр. частцы ў 2-й пал.сак., у паўн. частцы ў 1-й пал. мая. Празрыстасць вады ў цэнтр. частцы 4,5 м, каля берагоў 1—2,5 м, на 3 ад вострава Валаам да 8—10 м. Вада прэсная, гідракарбанатна-кальцыевая, з мінералізацыяй 56 мг/л. Каля 58 відаў рыб, у т.л. прамысловыя: асетр, вугор, ласось, стронга, судак, лешч, акунь, корушка, плотка, шчупак. Трапляецца цюлень. Рыбалоўства. Суднаходства. Рэкрэацыя. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. У 9—12 ст. праз Л.в. праходзіў водны шлях «з варагаў у грэкі». З ліст. 1941 да студз. 1944 па Л.в. праходзіла «Дарога жыцця» ў блакіраваны ням. фашыстамі Ленінград. У сувязі з індустрыялізацыяй рэгіёна Л.в. падпала пад значнае антрапагеннае ўздзеянне (забруджванне, эўтрафаванне). На берагах Л.в. гарады Прыазёрск, Петракрэпасць, Сортавала, Новая Ладага, Шлісельбург і інш.