АРЭ́ШНІКІ,

вёска ў Беларусі, у Забалоцкім с/с Смалявіцкага р-на Мінскай вобласці. Цэнтр калектыўна-долевага с.-г. прадпрыемства «Арэшнікі». За 11 км на ПдЗ ад Смалявіч, 30 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Гарадзішча. 492 ж., 163 двары (1995). Базавая школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЦКАЕ,

вёска ў Гомельскім р-не. Цэнтр сельсавета і калектыўна-далявой гаспадаркі. За 52 км на ПдУ ад Гомеля, 30 км ад чыг. ст. Церахоўка. 860 ж., 390 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1881) і будынак царкоўнапрыходскай школы (канец 19 ст.).

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗБІ́ШЧА,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калектыўна-долевага с.-г. прадпрыемства. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 27 км ад чыг. ст. Княгінін. 459 ж., 165 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, вет. аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Каля вёскі археал. помнік Ізбішча.

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ЛА́ЗЕР,

лазер з паўправадніковым крышталём у якасці рабочага рэчыва. Асаблівасці — высокая эфектыўнасць пераўтварэння эл. энергіі ў энергію кагерэнтнага выпрамянення, малая інерцыйнасць, магчымасць перастройкі даўжыні хвалі выпрамянення і інш.

У П.л. ўзбуджаюцца і выпрамяняюць (калектыўна) атамы крышт. рашоткі, што вызначае малыя памеры і кампактнасць прылады. У адрозненне ад лазераў інш. тыпаў у П.л. выкарыстоўваюцца выпрамяняльныя квантавыя пераходы паміж дазволенымі энергет. зонамі крышталёў (гл. Зонная тэорыя, Цвёрдае цела): пры рэкамбінацыі электронаў і дзірак вызваляецца энергія, якая выпрамяняецца ў выглядзе квантаў святла (люмінесцэнцыя) ці перадаецца ўсяму крышталю, як цеплавая энергія. У некаторых паўправадніках, напр. у арсенідзе галію, доля выпрамененай энергіі набліжаецца да 100%. Важнейшы спосаб пампоўкі ў П.л. — інжэкцыя праз p-n-пераход ці гетэрапераход (інжэкцыйны П.л.), што дазваляе непасрэдна пераўтвараць эл. энергію ў кагерэнтнае выпрамяненне. Інш. спосабы пампоўкі: эл. прабой (стрымерны П.л.), бамбардзіроўка электронамі (П.л. з электроннай пампоўкай) і аптычная пампоўка. П.л. выкарыстоўваюцца ў аптычнай сувязі і лакацыі, спец. аўтаматыцы, оптаэлектроніцы, тэхніцы спец. асвятлення (напр., скарасной фатаграфіі), для вызначэння забруджванняў і дамешкаў у розных асяроддзях, для лазернага праекцыйнага тэлебачання.

В.​К.​Кананенка.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІ РАЁН.

На У Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, у 1962—65 быў скасаваны, у сучасных межах з 1966. Пл. 0,8 тыс. км². Нас. 10,1 тыс. чал. (1998). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Крычаў. 110 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 5 сельсаветаў: Бацвінаўскі, Касцюшкавіцкі, Лабковіцкі, Маляціцкі, Чырванабудскі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэр. раёна ўваходзіць у зону радыяцыйнага кантролю.

Раён размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, мае агульны нахіл з З на У да даліны р. Сож. Характэрны платопадобныя ўчасткі з ярыста-суфазійнымі формамі. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 193 м (за 1 км на Пд ад в. Баяры). Карысныя выкапні: цэментныя мел і гліна, пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, фасфарыты. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. р. Сож з прытокамі Асцёр, Чорная Натапа, Волчас, Мяртвіца, Бялянка, Добрасць, Худобычка, Лабжанка. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (50,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,7%), поймавыя (алювіяльныя, 10%). Пад лесам 25,7% тэр. Лясы драбнаконтурныя, у асн. хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя; 3,8% — штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 3,2% тэр. Мікразаказнік у г. Крычаў. Помнікі прыроды мясц. значэння: дуб у г. Крычаў, дуброва каля в. Дарагая, бярозавы гай каля в. Маляцічы, гай каля в. Бацвінаўка.

На 1.1.1998 агульная пл. с.-г. угоддзяў 47,3 тыс. га, з іх асушаных 6,6 тыс. га. У раёне 10 калгасаў, калектыўна-долевая гаспадарка, саўгас, 9 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, корма- і збожжавытв-сць, ільнаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, металаапр., харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша—Унеча і Магілёў—Рослаўль, аўтадарогі Бабруйск—Крычаў—Рослаўль, Крычаў—Мсціслаў. У раёне 13 сярэдніх, 2 базавыя, 3 пач., 2 муз., маст. і спарт. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, недзярж. тэхнікум эканомікі і права, 16 дашкольных устаноў, 19 клубаў, 23 б-кі, 4 бальніцы, 4 паліклінікі, 3 амбулаторыі, 15 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Колас». Выдаецца газ. «Ленінскі кліч».

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ, цывільнае грамадства,

сукупнасць грамадзян, добраахвотных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, якія будуюць сваю дзейнасць на аснове прызнання прыярытэту грамадства і неабходнасці служэння яму дзяржавы. Гістарычна ідэя грамадзянскай супольнасці бярэ пачатак у Стараж. Грэцыі і ант. Рыме, калі склаліся ўяўленні аб грамадстве і грамадзянах, надзеленых правамі і абавязкамі (Цыцэрон, Платон, Эпікур, Лукрэцый і інш.). Паводле Арыстоцеля, грамадзянская супольнасць — сукупнасць свабодных і раўнапраўных грамадзян, звязаных паміж сабой пэўнай формай паліт. арг-цыі (дзяржава-поліс). Т.​Гобс у працах «Аб грамадзяніне» (1642) і «Левіяфан» (1651) вызначыў грамадзянскую супольнасць як «саюз індывідуальнасцей», калектыў, у якім яго члены на ўзаемнай аснове адмаўляюцца ад замаху на жыццё, свабоду і ўласнасць адзін аднаго. Канцэпцыі грамадзянскай супольнасці з усімі яе праблемамі (свабоды, права, уласнасці, раздзялення ўлад і інш.) распрацоўвалі Дж.​Лок, Г.​Гегель, Ж.​Ж.​Русо, І.​Кант, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Т.​Пейн і інш. Яны знаходзілі адлюстраванне ў творчасці бел. мысліцеляў Ф.​Скарыны, С.​Буднага, А.​Волана, І.​Страйноўскага, Ф.​Багушэвіча і інш. Паводле К.​Маркса, чалавек у развітой дзяржаве вядзе жыццё ў паліт. супольнасці, у якой ён прызнае сябе грамадскай істотай, і жыццё ў грамадзянскай супольнасці, у якой ён дзейнічае як прыватная асоба.

Грамадзянская супольнасць ахоплівае сукупнасць эканам., сац., рэліг., нац. і інш. адносін. Яе эканам. аснову складае разнастайнасць і роўнасць формаў уласнасці і, перш за ўсё, індывід. прыватная ўласнасць, на базе якой узнікаюць розныя формы недзярж. грамадскай уласнасці (напр., уласнасць сямейная, партнёрская, кааператыўная, калектыўна-долевая, акцыянерная і інш.). Сац. структура грамадзянскай супольнасці прадстаўлена рознымі групамі, утворанымі па класавых, прафес., дэмагр., этнічных, сацыякульт., канфесіянальных прыкметах, па ўзроўні адукацыі, тыпу месцажыхарства, ладу жыцця і г.д. Паліт. асновай грамадзянскай супольнасці з’яўляецца легітымнасць дзярж. улады, шматпартыйнасць, наяўнасць легальнай апазіцыі, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі, масавых дэмакр. рухаў, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый, якія створаны без удзелу, фінансавання і кантролю з боку дзяржавы і будуюць сваю дзейнасць на прынцыпах самакіравання. Духоўныя асновы грамадзянскай супольнасці — высокі ўзровень грамадскай свядомасці, грамадзянскасці і культуры людзей. Асн. прынцыпы функцыянавання любой грамадзянскай супольнасці — індывідуалізацыя, канкурэнцыя, салідарнасць, сац. абарона і супрацоўніцтва.

Ідэя грамадзянскай супольнасці знаходзіла практычнае ўвасабленне ў працэсе пераходу ад дэспатыі да дэмакратыі, ад абсалютызму да рэспублікі або канстытуцыйнай манархіі (Англія, Швецыя, Данія і інш.), ад феад. грамадства да бурж., індустрыяльнай цывілізацыі і капіталіст. грамадскіх адносін. Такія грамадствы фарміраваліся ў краінах Зах. Еўропы, ЗША на мяжы 19—20 ст. У канкрэтных гіст. умовах таго часу ў Расіі складваліся толькі асобныя элементы грамадзянскай супольнасці, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 дзяржава ўзяла на сябе не толькі свае ўласныя функцыі, але і функцыі кантролю і рэгулявання самадзейнай творчасці грамадзян, дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. У 2-й пал. 20 ст. развіццё грамадзянскай супольнасці стала адной з формаў ажыццяўлення найноўшых навук. ідэй грамадскага прагрэсу (стадый эканам. росту, мадэрнізацыі, адкрытага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства і інш.), пераходу ад аўтарытарна-дыктатарскіх рэжымаў да дэмакратычных (Германія, Італія, Іспанія, Грэцыя, Чылі і інш.), лібералізацыі эканам. адносін, сац.-паліт. ін-таў, нац.-культ. адраджэння і самавызначэння ў шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы, інш. рэгіёнаў свету.

Нац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь закладвае прававыя механізмы ўзмацнення ўплыву грамадства на яго паліт. арг-цыю, гарантыі неўмяшання дзяржавы ў прыватнае і асацыятыўнае жыццё грамадзян, а таксама дзярж. абавязацельствы па захаванні і абароне правоў і законных інтарэсаў членаў грамадзянскай супольнасці. Важнымі структурнымі элементамі такой супольнасці могуць стаць шматлікія няўрадавыя арг-цыі, грамадскія аб’яднанні і рухі, творчыя саюзы і асацыяцыі, дабрачынныя фонды і інш. добраахвотныя арг-цыі, якія садзейнічаюць сцвярджэнню дэмакр. прынцыпаў грамадскага жыцця, стварэнню ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.

Літ.:

Локк Д. Два трактата о правлении. Кн. 2 // Соч. М., 1988. Т. 3;

Гегель Г.В.Ф. Философия права: Пер. с нем. М., 1990;

Гражданское общество и правовое государство: предпосылки формирования. М., 1991;

Гражданское общество: (Сб. ст.). Вып. 1—2. Мн., 1995—96.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 5, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ МУ́ЗЫКА, музычны фальклор,

песенная і інстр. творчасць народа. Вядома ўсім народам. Творы Н.м. ўзнікаюць на аснове маст. традыцый і адлюстроўваюць калектыўна выпрацаваныя эстэт. прынцыпы. Абагульняючы і зберагаючы вопыт многіх пакаленняў, Н.м. мае вял. эстэт., пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Муз. фальклор — аснова нац. муз. стылю, вызначальная крыніца прафес. кампазітарскай музыкі і канцэртнай творчасці прафес. і самадз. муз. калектываў. Вытокі нар. муз. мастацтва беларусаў у культуры стараж. усх.-слав. плямён: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Вядучае месца ў бел. муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі вял. гіст. пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў.

Каляндарна-земляробчыя песні прадстаўлены на Беларусі жанрамі калядных песень і шчадроўскіх, масленічных песень, веснавых песень, валачобных песень, юраўскіх песень, купальскіх песень і пятроўскіх песень, жніўных песень, яравых і льняных, восеньскіх песень (да іх прымыкаюць зімовыя песні, веснавыя і летнія карагоды, гульнявыя песні і інш.), сямейна-абрадавыя — жанрамі радзінных песень, вясельных песень, галашэнняў (да іх далучаюцца калыханкі). Змест песень характарызуецца найперш прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з тэматыкай побыту і даўніх язычніцкіх святкаванняў, з вобразамі навакольнай прыроды (часта персаніфікаванымі).

Вобразны лад песень вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, калядныя, вясельныя велічальныя) або элегічнасцю, псіхал. паглыбленасцю (восеньскія, вясельныя сіраце); паэт. абагульненасць спалучаецца ў іх з яркасцю быт. замалёвак (жніўныя). Вызначальная рыса песень каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена дакладнай абрадавасцю, а ў наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязана фарміраванне т. зв. напеваў групавога прымацавання — графічна сціслых, устойлівых меладычных формул, што характэрны пэўнаму жанру і абагульняюць некалькі тэкстаў (звычайна будуюцца на варыянтным паўтарэнні адной папеўкі). Пры вонкава скупых меладычных сродках яны маюць вял. выразную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанац. нюансаванню ў межах меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, інтанацыйна-адценневых, тэмбравых. Немалаважную ролю адыгрываюць і манера выканання (гл. Народныя спевакі), якая на працягу стагоддзяў склалася ў своеасаблівую школу галаснога спеву, і так званы «рытуальны шум» — розныя пастукванні, пабразгванні, прытанцоўванні, славесныя выкрыкі (калядныя і вясельныя песні).

Паводле характару мелодыкі напевы гэтых песень падзяляюцца на 2 тыпы. Першаму ўласцівы дэкламацыйнасць, вузкі ці сярэдні гукавы дыяпазон (тэрцыя, часта з захопам ніжняй кварты, кварта, квінта) і перыядычнасць рытмічнай структуры з акрэсленым, дакладна вытрыманым рытмічным малюнкам — рытмаформулай (калядныя, валачобныя, вясельныя, радзінныя, частка веснавых, юраўскіх, купальскіх і пятроўскіх песень). Другі тып пры дыяпазоне, звычайна не большым за квінту, вылучаецца меладычнай шырынёй з прычыны доўга працягнутых апорных гукаў ладу, унутрыскладовага распеву, гібкасці меладычнай лініі з выразнай мелізматыкай і імправіз. рытмікай (напевы жніўных. значнай часткі веснавых і восеньскіх, а таксама некат. часткі купальскіх, пятроўскіх і вясельных). У сваёй аснове песні аднагалосыя, пяюцца і ва унісонна-гетэрафоннай манеры Выконваюць іх пераважна жанчыны (выключэнне — валачобныя песні і частка калядных).

Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылявы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, што ўзніклі ў эпоху фарміравання бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сял. паўстанняў (16—18 ст.): мужчынская сац. лірыка і эпас (чумацкія песні, бурлацкія песні, казацкія песні, аб ваен. падзеях і важаках сял. паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія песні), а таксама песні бытавыя (гл. Бытавая музыка), жартоўныя песні, любоўна-лірычныя (гл. Песні пра каханне). Ад песень стараж. пласта яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання (іх спяваюць «абы калі»), прымацаваннем напеву да пэўнага тэксту і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэт. вобраза. Песні сял. вольніцы адметныя энергіяй, размахам, любоўна-лірычныя — багаццем псіхал. адценняў; існуюць у мностве хар. і сольных варыянтаў. Асн. муз.-выразную ролю адыгрывае ў іх уласна меладычны пачатак. Шырока распетыя мелодыі (найчасцей у сярэднім і вял. дыяпазоне) вызначаюцца ўнутр. інтанацыйнымі кантрастамі і ладавай пераменнасцю, разнастайнай рытмічнай структурай і развітой песеннай строфікай. З песнямі другога пласта (мужчынскімі і жаночымі) звязана і развітое шматгалосае спяванне (падгалосачна-поліфанічнае, найб. пашыраная форма — спяванне з падводкай). На некат. фалькл. жанры (рэв. гімны, салдацкія і рэкруцкія, бяседна-жартоўныя песні і інш.) паўплывала стылістыка бел. канта. У 19 ст. склаўся новы пласт бел. песнятворчасці, які ўключае батрацкія песні, адыходніцкія, рабочыя, рэв. і «літаратурныя» (на словы прафес. паэтаў) песні, а таксама прыпеўкі-частушкі. Найб. значную ролю адыгрывае рэв. песня ў разнастайных жанравых праявах, у т. л. песня, для якой характэрны сац. завостранасць, дынамічная напружанасць, знітаванасць з фалькл. спадчынай эпохі сял.-казацкіх антыфеад. паўстанняў, драм. маналог-заклік, песня-плакат, патэт. гімн, песня-памфлет, балада пра рэвалюцыянера. Іх стылістыка адзначана ўплывам сял. паўстанцкай лірыкі 16—18 ст., польскай рэв. песні гімнічнага складу (пашырылася з 1863—64), укр. і рус. дэмакр. бытавога раманса.

Песенная творчасць беларусаў адметная разнастайнасцю і багаццем мясц. традыцый. Яны выяўляюцца і ў перавазе пэўных песенных жанраў у пэўных этнагр. зонах (напр., валачобных у паўн., калядных у паўд., гульнявых песень і карагодаў ва ўсх. раёнах) і ў мясц. стылявой афарбоўцы агульнапашыраных жанраў, і ва ўласна меладычных асаблівасцях напеваў. Найб. прыкметныя адрозненні паміж песенным фальклорам паўн. і паўд. этнагр. зон. Меладычны стыль песень паўн. зоны (Паазер’е) вызначаецца лапідарнасцю, тэматычнай сціпласцю, перавагай адзіночнага спявання, а таксама хар. антыфоннага выканання. Паўд. раёнам (Палессе) уласцівы песні больш распеўнага характару, з багата арнаментаванай мелодыкай, спяванне гетэрафоннае і падгалосачнае з падводкай. У сав. час развіццё песеннага фальклору характарызавалася шматграннасцю форм, перапляценнем традыцыі і наватворчасці. Большасць новых песень мае светлы характар, падкрэслены спружыністым танц. ці маршава-гімнічным рытмам, яркасцю кульмінацый («Як крыніца цячэ», «Узышоў свецел месячык», «Вішанька»), У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. гурткі, арганізаваныя Бел. сялянска-рабочай грамадой і Т-вам бел. школы, прапагандавалі бел. традыц. сялянскі фальклор. З разгортваннем сац. і нац.-вызв. руху ствараліся новыя патрыят. і рэв. песні на перапрацаваныя вершы Я.​Купалы («За свабоду сваю», «Гэта крык, што жыве Беларусь»), Я.​Коласа («Нёман»), К.​Буйло («Люблю наш край») і інш. Інтанацыйныя вытокі значнай іх часткі — у меласе міжнар. рэв. песеннай класікі. У Вял. Айч. вайну нарадзіўся багаты і спецыфічны пласт сучаснага бел. фальклору — партызанскія песні. Іх стылістыка побач са стылістыкай песень 1930-х г. моцна паўплывала на развіццё пасляваен бел. нар. песнятворчасці. Асяродкамі ўзнікнення новых патрыят. песень сталі самадз. харавыя калектывы. Многія песні створаны індывід. аўтарамі (П. і А. Шыдлоўскія, Т.​Лапаціна, З.​Лапаціна-Пацеенка, Р.​Галавасцікаў, П.​Шаўко, П.​Касач, І.​Мацін), а потым дапрацоўваліся, шліфаваліся ў калектывах, набліжаючыся да ўзораў безыменнай нар. творчасці.

Стылістыка сучасных напеваў абумоўлена разнастайнасцю пакладзеных у іх аснову песенных жанраў, ад стараж. хаўтурных галашэнняў (яны набылі новае асэнсаванне ў Вял. Айч. вайну і пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) да святочных велічанняў і лірычных гімнаў.

Інстр. музыка беларусаў характарызуецца багаццем жанраў, што абумоўлена разнастайнасцю яе жыццёва-сац. функцый. У нар. практыцы выкарыстоўваюць розныя тыпы музычных інструментаў. Найб. стараж. пласт — сігнальная музыка (рытмізаваныя меладычныя звароты на адным гуку ці на паслядоўнасці некалькіх гукаў натуральнага гукарада), звязаная з магічнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам. Аснова рэпертуару нар. інструменталістаў — песенныя і танц. найгрышы, вясельныя маршы. Зафіксаваны інстр. імправізацыі (паводле нар. тэрміналогіі — музыка іграе «сам па сабе»), генетычна звязаныя з песняй і танцам, а таксама п’есы, якія можна аднесці да праграмных, — гукапераймальныя («Пад салаўя», «На птушыным двары») і ілюстрацыйныя (выканаўца ілюструе расказ па ходу дзеяння; пашыраны сюжэт «Цялушачка»), Нар. інстр. выканальніцтва бытуе ў сольнай і ансамблевай формах (гл. Музыка, Народныя музыканты, Народныя інструментальныя ансамблі). У сольным выкананні песенных найгрышаў інстр. версіі песень хар. традыцыі вельмі блізкія да першакрыніцы, а тыя, што вар’іруюць адзіночныя песні (жніўныя, некат. восеньскія, уласна лірычныя), вылучаюцца больш актыўным развіццём. Імправізацыйны пачатак і фантазія музыкі найб. яскрава выяўляюцца пры сольным выкананні танц. мелодый. Ансамблевая іх трактоўка адрозніваецца пэўнай рэгламентаванасцю і спрошчанасцю выкладання.

Літ.:

Цітовіч Г.І. Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Яго ж. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;

Яго ж. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;

Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76;

Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976;

Мухаринская Л.С. Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;

Яе ж. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;

Мажэйка З. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;

Яе ж. Календарнопесенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;

Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;

М а жэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;

Прывалаў Н. Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928;

Назіна І.​Дз. Беларуская народная інструментальная музыка. Мн., 1989;

Благовещенский И.П. К истории белорусской народной инструментальной музыки // Благовещенский И.П. Некоторые вопросы музыкального искусства. Мн., 1965.

З.​Я.​Мажэйка, Л.​С.​Мухарынская, І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)