Каласоўнік 2/593; 5/246

- » - аржаны 5/246 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАСО́ЎНІК (Bromus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, у нетрапічных паясах Еўразіі і Афрыкі. На Беларусі 6 дзікарослых К.: аржаны (B. secalinus), мяккі (B. mollis), палявы (B. arvensis), гронкавісты (B. commutatus), растапыраны (B. squarrosus), японскі (B. japonicus); інтрадукаваны К. дрыжнікападобны (B. briziformis). Растуць на палях, лугах, уздоўж дарог.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 15—100 см. Сцябло — саломіна. Лісце з замкнёнымі пазухамі. Суквецце — мяцёлка з буйных шматкветкавых (6—20 кветак) каласкоў. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны. К. аржаны — пустазелле пасеваў азімых культур.

Каласоўнік безасцюковы.

т. 7, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́НІШЧАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

шматгадовыя расліны з падземнымі відазмененымі сцёбламі — карэнішчамі. На Беларусі найб. вядомыя сярод агароднінных (рэвень, спаржа, хрэн), лек. (аер, валяр’ян, гарычка, купена, ландыш, мыльнік), дэкар. (армерыя, ворлікі, канна, касач, півоня, фіялка, флёкс), дубільных (вадзяная грэчка, дуброўка), фарбавальных (дзівасіл высокі, маруна), кармавых (асака, каласнец, каласоўнік, купкоўка, метлюжок, цімафееўка), ядавітых (варанец, мудранка, цыкута, чамярыца) раслін, цяжкавынішчальнага пустазелля (хвошч, пырнік, свінакроп). Некат. К.р. (напр., каласнец) выкарыстоўваюць для замацавання сыпкіх пяскоў.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГРЭДЫЕ́НТЫ ў біялогіі,

віды раслін, якія часова належаць да раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў) засушлівых абласцей (сухія стэпы, паўпустыні). Развіваюцца эпізадычна, у вільготныя гады магчыма масавае развіццё. Выкарыстоўваюць вільгаць ранняй вясной ці позняй восенню, калі кампаненты ці віды, які складаюць пастаянную аснову расліннага покрыва (прэваліды), толькі пачынаюць вегетацыю або заканчваюць яе. У засушлівыя гады перажываюць неспрыяльны перыяд у выглядзе насення, якое доўга захоўвае ўсходжасць. У двухгадовых раслін позняй восенню адрастаюць ліставыя разеткі, а ранняй вясной яны цвітуць і пладаносяць. Тыповыя І.: каласоўнік растапыраны, канюшына палявая, крупка вясенняя, клапоўнік пранізаналісты і інш.

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЛЮЖКАКВЕ́ТНЫЯ (Poales),

парадак аднадольных раслін. 1 сям., каля 650 родаў, 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Дамінанты травяністых груповак расліннасці стэпаў, лугоў, прэрый, пампасаў і саваннаў. На Беларусі 55 родаў. Найб. вядомыя авёс, брыца, вострыца, грэбнік, жытняк, зуброўка, каласнец, купкоўка, лісахвост, малінія, маннік, пырнік, трыснёг, цімафееўка, ячмень і інш. Вырошчваюцца шмат інтрадукаваных відаў з родаў жыта, кавыль, кукуруза, перлаўка, проса, пшаніца, райграс і інш. Рэдкія віды (напр. ячменеваласнец еўрапейскі) занесены ў Чырв. кнігу.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя, радзей дрэвападобныя (напр., бамбук) расліны. Цыліндрычныя сцёблы (саломіны) уздутыя ў вузлах і падзеленыя на полыя межвузеллі. Лісце пераважна з адкрытымі похвамі, лінейнае (да ніткападобнага) ці ланцэтнае, звычайна мае язычок. Кветкі дробныя, пераважна двухполыя ў элементарных суквеццях (каласках), што ўтвараюць складаныя суквецці — мяцёлкі, каласы, гронкі або галоўкі. У каласку — 1—30 кветак. Апыленне звычайна ветрам. Плод — зярняўка. Да М. належаць асн. харч. расліны: пшаніца, рыс, кукуруза, жыта, ячмень, авёс, проса, сорга, цукр. трыснёг і інш.), што культывуюцца з глыбокай старажытнасці, і кармавыя (мятліца, цімафееўка, аўсяніца, купкоўка, каласоўнік і інш). Выкарыстоўваюцца для засеву газонаў, аэрадромаў, стадыёнаў, замацавання пяскоў, насыпаў. З некат. М. атрымліваюць буд. матэрыялы, паперу (напр., трыснёг, бамбук), ёсць шкоднае пустазелле (напр., аўсюк, брыца звычайная). Харч., кармавыя, тэхн., лек., дэкар. расліны.

Літ.:

Цвелев Н.Н. Злаки СССР. Л., 1976. Жизнь растений. Т. 6. М., 1982.

т. 10, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)